Тыдзень супраць катаванняў 2022. Праграма мерапрыемстваў Дапоўнена
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі сумесна з Праваабарончым цэнтрам "Вясна", "Прававой ініцыятывай", Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, Валанцёрскай службай "Вясны", моладзевым саветам "RADA", ініцыятывамі politzek.me і dissidentby запрашаюць узяць удзел у мерапрыемствах Тыдня супраць катаванняў з 20 па 26 чэрвеня.
Мерапрыемствы пройдуць афлайн у трох гарадах — Варшаве, Вільні і Тбілісі, а таксама анлайн. Зарэгістравацца на частку з іх можна праз спасылкі, пазначаныя ў праграме. Усе мерапрыемствы бясплатныя, уваход па квітках толькі на канцэрт у Вільні. Калі вы непакоіцеся пра сваю публічнасць — мы арганізуем прасторы такім чынам, каб паклапаціцца пра вашу бяспеку. Старт мерапрыемстваў пазначаны паводле мясцовага часу.
У праграме магчымыя змены.
Варшава
23 чэрвеня (чацвер)
Абмеркаванне: "Навошта казаць пра катаванні?"
Дыскусія з дакументатарам і пацярпелым. Дакументатар — прадстаўнік Камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, які займаецца фіксацыяй гісторый пацярпелых. На іх падставе Камітэт стварае справаздачы, якія выкарыстоўваюць міжнародныя арганізацыі і якія ў будучыні будуць скарыстаныя як доказы віны злачынцаў. Тым не менш распавесці сваю гісторыю пацярпеламу бывае досыць цяжка, чалавек паўторна перажывае траўматычны досвед. Ці варта перасільваць сябе дзеля перспектывы пакарання вінаватых — пра гэта паразмаўляем на дыскусіі.
18:00, Рэгістрацыя на мерапрыемства
Шчырыя размовы пра катаванні
Шчырыя размовы — блізкі да Жывой Бібліятэкі фармат, дзе вам адкрываецца магчымасць асабіста паразмаўляць з адвакатам, чалавекам, пацярпелым ад катаванняў, праваабаронцам і іншымі героямі.
19:00, Рэгістрацыя на мерапрыемства
25 чэрвеня (субота)
Прэзентацыя з міні-абмеркаваннем ад ініцыятывы Politzek.me "5 міфаў пра тэму палітвязняў"
Прадстаўнікі ініцыятывы адкажуць на самыя папулярныя пытанні, распавядуць, як цяпер падтрымліваць палітвязняў і чаму асабліва важная ўвага да людзей з праблемамі са здароўем у зняволенні.
18:00, Рэгістрацыя на мерапрыемства
Кінапаказ фільма "Белае сонца чырвонага лета" з прывітальным словам ад режысёрак
Страшныя гісторыі бясстрашных людзей. Фільм распавядзе пра Беларусь 9 жніўня 2020 года. Выбары, па выніках якіх пачаўся шосты тэрмін дзейснага прэзідэнта краіны. На знак нязгоды жыхары гарадоў выйшлі на мірны пратэст, што прывяло да ўжывання сілы з боку сілавікоў і наступстваў, якія мы ўсе дагэтуль адчуваем. "Белае сонца чырвонага лета" раскрывае тэму пратэсту і ягонага ўплыву на лёсы людзей вуснамі відавочцаў. Трэйлер
19:00, Рэгістрацыя на мерапрыемства
26 чэрвеня (нядзеля)
Прэзентацыя-абмеркаванне "Прававы дэфолт у Беларусі 2020: палітычныя вязні" ад dissidentby
У межах мерапрыемства вы пазнаёміцеся з дзейнасцю dissidentby, а таксама іх мэтамі, задачамі, поспехамі і праблемамі, якія сустракаюцца падчас працы па дапамозе палітычным зняволеным.
18:00, Рэгістрацыя на мерапрыемства
Кінапаказ фільма "Партрэт зняволенага антыфашыста: 10 гадоў пазбаўлення волі для Іллі Валавіка"
Людаедскія тэрміны за вальнадумства і годнасць, катаванні і ціск, пагрозы сем'ям і блізкім — усё гэта не вынік "выбараў" 2020 года і не новаўвядзенне рэжыму. Дзесяцігоддзямі самыя прыстойныя людзі краіны, нязгодныя з беззаконнем злачыннай улады, перажывалі ўсё гэта. Накіраванае на пэўныя групы насельніцтва, зло рэпрэсій заставалася незаўважаным большасцю, што і прывяло да трагедыі цэлага народа. Мы пакажам фільм, зняты актывістамі, пра адзін са шматлікіх лёсаў, па якім катком прайшлася беларуская сістэма стабільнасці і парадку, і які на працягу ўжо шасці гадоў пражывае ўсе наступствы ідэалагічнага сутыкнення.
19:30, Рэгістрацыя на мерапрыемства
Вільня
22 чэрвеня (серада)
Перформанс "Клетка"
Клетка, узноўленая па памеры клетак, у якіх утрымліваюцца беларускія зняволеныя, будзе ўсталявана на Лукішскай плошчы ў Вільні і стане жывой візуалізацыяй умоваў, у якіх знаходзяцца зняволеныя Беларусі.
17:00 – 20:00, Lukiškių aikštė (Лукішская плошча)
23 чэрвеня (чацвер)
Прэзентацыя антываеннай справаздачы Камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі
Будзе прэзентаваная справаздача па катаваннях у выніку затрыманняў на антываенных мітынгах. На сустрэчы будзе абмяркоўвацца механізм прыцягнення вінаватых да адказнасці, роля Лукашэнкі ў вайне і сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.
12:00, Рэгістрацыя на мерапрыемства
24 чэрвеня (пятніца)
"Палітычна матываваны крымінальны і адміністрацыйны пераслед у Беларусі, умовы ўтрымання ў месцах няволі". Прэзентацыя дакладаў Праваабарончага цэнтра "Вясна"
На мерапрыемстве будуць прэзентаваны тры даклады "Вясны" пра крымінальны і адміністрацыйны палітычна матываваны пераслед у Беларусі за апошні год, а таксама пра ўмовы ўтрымання ў месцах несвабоды. Будуць агучаны факты катаванняў і прыніжальнага годнасць абыходжання, зафіксаваныя праваабаронцамі за апошні час як у Мінску, гэтак і ў рэгіёнах.
12:00, IMAGURU, Рэгістрацыя на мерапрыемства
Тэатр прыгнечаных, практыкі пражывання гвалту. Трэнінг ад Валанцёрскай службы "Вясны"
Мы прапануем сустрэцца на мерапрыемстве, якое звязана з нашым асабістым досведам пражывання гвалту. У праграме будуць тэатральныя практыкаванні, звязаныя з адчуваннямі цела, абмеркаванні іерархіі ўлады ў грамадстве праз інтэрактыўныя практыкі, тэорыя аб метадзе тэатра прыгнечаных.
Каб удзельнічаць, не абавязкова быць прафесійным акторам ці акторкай. Тэатр прыгнечаных, ці форум-тэатр - імправізацыйны фармат, звязаны з востра-сацыяльнай тэмай. Тэатр прыгнечаных дапамагае паглядзець на праблему грамадства, знайсці з яе выхад, каб у рэальным жыцці не заставацца абыякавым. Гэта інтэрактыўны̆ спосаб падняць важныя тэмы і абмеркаваць правы чалавека. Запрашаем далучыцца, каб разам знайсці выйсце з сітуацый гвалту.
18:30, для ўдзелу абавязкова рэгістрацыя: https://forms.gle/tVtxDmE9vjaKXo6e8
25 чэрвеня (субота)
Канцэрт "Fed up with violence"
Новая рэальнасць такая, што за апошнія два гады мы перажылі шмат. На сённяшні дзень у Беларусі больш за 1200 палітвязняў і тысячы тых, хто выехаў з краіны, а да нашых суседзяў прыйшла вайна. Нажаль, катаванні — гэта суровыя рэаліі часу. Увесь прыбытак ад продажу квіткоў на канцэрт будзе накіраваны ў фонд дапамогі жыхароў Украіны.
18:00, LOFTAS (Švitrigailos g. 29), набыць квіткі
26 чэрвеня (нядзеля)
Кінапаказ фільма "Белае сонца чырвонага лета" з уступным словам ад рэжысёрак
18:00, Рэгістрацыя на мерапрыемства
Анлайн
20 чэрвеня (панядзелак)
Лекцыя "Права не зазнаваць катаванні праз прызму Нацыянальнага індэксу па правах чалавека"
Размова з кваліфікаванай аўдыторыяй пра тое, як павінна быць уладкована дзяржава, каб катаванні ў ёй былі эксцэсам, а не часткай сістэмы — на падставе Індэксу. Мерапрыемства праводзіцца Беларускім Хельсінскім Камітэтам.
09:00 (СЕТ), ZOOM, Рэгістрацыя
Віктарына "Што такое катаванні?"
Праект Кардынацыйнай рады — чат-бот "Рух Большасці" прапануе беларусам і беларускам выконваць сацыяльна карысныя заданні праз бота. На Тыдні супраць катаванняў каманда бота прапануе вам прайсці віктарыну і дазнацца, наколькі вы разумееце, што такое катаванні.
21 чэрвеня (аўторак)
Дайджэст стратэгічнай літыгацыі і адвакацыі
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі запускае сайт пра працэдуры і арганізацыі, якія займаюцца беларускімі кейсамі за мяжой.
Дыскусійны выпуск на канале Маланка LIVE, прысвечаны тэме катаванняў у Беларусі
Падчас эфіру будуць агучаны звесткі пра колькасць катаванняў са жніўня 2020 года. Будзем размаўляць пра тое, да якіх метадаў цяпер звяртаюцца беларускія сілавікі і як выкараніць падобную практыку ды прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а ахвярам катаванняў — дапамагчы ў рэабілітацыі.
12:00 CET Далучыцца да эфіру
26 чэрвеня (нядзеля)
Інтэрактыўная лекцыя "Моладзь і катаванні. Як катуюць маладых людзей у Беларусі"
Моладзевы савет "RADA" распавядзе пра забарону катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага годнасць абыходжання і пакаранні. Будзе прыведзены параўнальны аналіз амерыканскай, еўрапейскай і беларускай прававых сістэм у пытанні вызначэння "катаванняў"; пра Case Law і пазітыўныя абавязальніцтвы краін па прадухіленні катаванняў; расследаванні фактаў ужывання катаванняў у Новай Беларусі: міжнародны досвед; тэорыі "бомбы, якая цікае" ці чаму свабода ад ужывання катаванняў зрабілася абсалютным правам? У інтэрактыўнай частцы будуць разгледжаны практычныя прыклады разнавіднасцяў ужывання катаванняў да маладых людзей у Беларусі: як і якія формы ўжывання катаванняў у Беларусі былі зафіксаваныя праваабаронцамі да жніўня 2020? Будзе абмяркоўвацца "Справа студэнтаў" і жнівень 2020 года: новы ўзровень рэпрэсій у дачыненні да маладых беларусаў і беларусак і правы моладзі ў Беларусі.
13:00 CET, ZOOM, Рэгістрацыя