Каардынатарку "Лятучага ўніверсітэту" Таццяну Вадалажскую асудзілі на два з паловай гады "хіміі" Дапоўнена
У судзе Заводскага раёна Мінска 7 чэрвеня вынесены прысуд па крымінальнай справе каардынатаркі "Лятучага ўніверсітэту", палітзняволенай Таццяны Вадалажскай, якую абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Справу разглядаў суддзя Алег Каляда, дзяржабвінаваўца - Дзяцел.
Таццяна Вадалажская — вядомая сацыёлаг, з’яўлялася эксперткай аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатаркай "Лятучага ўніверсітэту", працавала аналітыкам у Цэнтры еўрапейскай трансфармацыі.
Вадалажскую затрымалі 4 жніўня 2021 г. пасля вобшуку на кватэры і змясцілі 10 сутак на Акрэсціна, пасля чаго адпусцілі ў статусе падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса пад падпіску аб нявыездзе.
А 23 сакавіка 2022 года, калі Таццяна падала хадайніцтва ў Следчы камітэт з просьбай аб дазволе выехаць у Літву на лячэнне і прыйшла да следчага па адказ на сваё хадайніцтва, ёй была прад'яўлена пастанова аб заключэнні пад варту.
Да суда Вадалажская ўтрымлівалася ў СІЗА №1 Мінска.
Пад час судовага пасяджэння Таццяна Вадалажская ўтрымлівалася ў кайданках.
На пачатку судовага працэсу яе адвакатка хадайнічала, каб з абвінавачанай знялі кайданкі, паколькі яна знаходзіцца ў клетцы і гэта стварае вобраз небяспечнай злачынцы.
Суддзя: Канвой, можна зняць кайданкі?
Канвой: Не.
Суддзя: Чаму?
Канвой: Згодна з загадам міністра МУС, асоба, якая здзейсніла злачынства супраць супрацоўніка органаў унутраных спраў, павінна знаходзіцца ў кайданках.
У залу запусцілі ўсіх жадаючых.
Паводле абвінавачання, Таццяна Вадалажская 25 кастрычніка 2020 года, знаходзячыся з іншымі асобамі на праспектах Пераможцаў, Незалежнасці, вуліцах Машэрава, Багдановіча, Харужай, плошчы Свабоды наўмысна прыняла ўдзел у дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, не падпарадкоўвалася законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў, выходзіла на праезную частку вуліцы і замінала працы грамадскага транспарту і спакою грамадзян.
Абвінавачанне запрасіла абмежаванне волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады.
Апошняе слова Таццяны Вадалажскай у судзе
“Артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзян на свабоднае выказванне сваіх меркаванняў і перакананняў. Таксама гарантавана, што ніхто не можа прымусіць чалавека адмовіцца ад свайго меркавання і перакананняў. І я лічу, што мае дзеянні 25 кастрычніка 2020 года адпавядалі гэтаму канкрэтнаму артыкулу Канстытуцыі, і я такім чынам выказала сваё стаўленне да сітуацыі - выказала сваю грамадзянскую пазіцыю. Нягледзячы на тое, што гэта публічнае мерапрыемства не было ўзгодненае, я думаю, што ў выключных выпадках, калі ігнаруюцца погляды і пазіцыя грамадзян, калі ў іх няма іншай магчымасці, яны маюць права мірна сабрацца і мірна пратэставаць. Усё, што мы бачылі, усё, што я бачыла падчас гэтага маршу і што мы можам прачытаць у СМІ і ў матэрыялах справы, сведчыць пра тое, што гэты пратэст быў сапраўды мірным, ніякіх парушальных дзеянняў не было. У маіх дзеяннях таксама не было разбурэння, не было скіраванасці на разбурэнне, а хутчэй наадварот - жаданне перавесці той палітычны канфлікт і палітычныя пярэчанні, якія існуюць у грамадстве, у цывілізаваны курс, у рэчышча перамоваў і павагі да меркаванняў усіх грамадзян. І я глыбока перакананая, што спакой і грамадскі парадак будуюцца толькі на павазе да меркавання ўсіх грамадзян, павазе да ўсіх палітычных поглядаў, а рух да будучыні вызначаецца дыялогам, хоць і вострымі, але дыскусіямі, але не арыштам і ці ўжываннем гвалту. Спадзяюся, што бліжэйшым часам у Беларусі мы менавіта такім чынам вырашым усе нашыя пытанні".
У другой палове дня быў агучаны прысуд: прызнаць вінаватай і пакараць абмежаваннем волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады. Суд таксама прызнаў права прадпрыемства "Мінсктранс" аб спагнанні з абвінавачанай матэрыяльнай прэтэнзіі за парушэнне працы грамадскага транспарту.
Яе вызвалілі ў залі суда.