Арыштавалі маёмасць і ўтрымліваюць 50% ад заробку: як пераследуюць маці непаўнагадовага сына за БЧБ-майку на балконе
Улетку мінулага года ў Мінску затрымалі Алесю Яначкіну за тое, што сушыла бел-чырвона-белую майку на балконе. Дзяўчына выхоўвае непаўнагадовага сына, таму, паводле закону, яе не маглі затрымліваць даўжэй, чым на тры гадзіны. Аднак дзяўчыну пратрымалі за кратамі амаль суткі і выпусцілі пасля суда са штрафам у 2 900 рублёў. Яна абскардзіла рашэнне суда, але безвынікова. Праз тое, што Алеся не змагла своечасова аплаціць штраф, у аддзеле прымусовага выканання ёй выпісалі прадпісанне, паводле якога з ейнага заробку пачалі ўтрымліваць палову сумы. Але ў лютым да дзяўчыны прыйшлі з пастановай на арышт маёмасці. Цяпер яна вымушаная жыць з дзіцем на 160 рублёў у месяц і выплачваць суму за арыштаваныя рэчы, каб іх не забралі. «Вясна» распавядае, як улады пераследуюць беларуску за «пікет» белай майкай з чырвонай паласой, адмаўляючы нават у растэрміноўцы на аплату велізарнага штрафу.
Увечары 25 ліпеня 2021 года ў Мінску затрымалі Алесю Яначкіну. Каля 22-й гадзіны яна вярнулася дадому, але ўжо праз пяць хвілін у дзверы пагрукаўся ўчастковы Фрунзенскага РУУС. Ён паведаміў, што Алесі неабходна праехаць з ім на «прафілактычную гутарку». Яна адразу адмовілася і сказала, што яны могуць выклікаць яе позвай. Міліцыянт на гэта заявіў, што ў выпадку адмовы ён расцэніць гэта як «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі» і складзе на яе новы пратакол. У выніку на сваёй машыне ён адвёз дзяўчыну ва ўпраўленне, дзе на яе склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Прычынай стала белая майка з чырвонай паласой, якую дзяўчына сушыла на балконе. Прытым на момант затрымання майкі ўжо не было, бо знялі яе за тыдзень да гэтага. 19 ліпеня да Яначкінай ужо прыходзіў супрацоўнік РУУС і казаў, што суседзі скардзяцца на майку, таму папрасіў зняць яе, але перад гэтым сфатаграфаваў балкон з вуліцы. На падставе гэтага фота і быў складзены пратакол.
У Алесі ёсць непаўнагадовае дзіця, таму ў РУУС, згодна з законам, яе маглі ўтрымліваць толькі тры гадзіны. Яна паведаміла пра гэта міліцыянту яшчэ перад затрыманнем. Калі супрацоўнікі высветлілі, што ейны сын знаходзіцца з бацькам, Алесю вырашылі не выпускаць. Прыкладна а трэцяй гадзіне ночы яе перавезлі з РУУС у ІЧУ на Акрэсціна. Справу дзяўчыны разгледзелі на наступны дзень. Яна адзначае, што затрыманыя стаялі каля сцяны ў будынку ізалятара ў чаканні суда да 19-й гадзіны. Справу разглядаласуддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна. Яна прызнала Яначкіну вінаватай у «несанкцыянаваным пікетаванні», нягледзячы на блытаніну ў паказаннях сведкі-міліцыянта, які на судзе забыўся, што менавіта ён затрымліваў Алесю і складаў пратакол. Акрамя гэтага, падчас суда Алеся паведаміла суду, што подпіс на адным з пратаколаў — не ейны, але суддзя пакінуў гэта без увагі. Дзяўчыне прызначылі штраф у памеры 2 900 рублёў (100 базавых велічынь).
Праз некалькі дзён Алеся падала скаргу на рашэнне суддзі Ярохінай ў Мінскі гарадскі суд, аднак 10 верасня 2021 года суддзя Яўген Хаткевіч пакінуў вердыкт без зменаў. Гэтую пастанову Алесі адправілі на адрас, дзе яна не пражывала, таму яна не ведала пра вынік. У прадугледжаныя законам тэрміны Алеся не змагла аплаціць велізарны штраф. Таму 13 кастрычніка ў аддзеле прымусовага выканання Фрунзенскага раёна ў дачыненні да Яначкінай распачалі выканаўчую вытворчасць з патрабаваннем аб прымусовым спагнанні сумы штрафу.
Заробак дзяўчыны не дазваляе выплаціць адразу 2 900 рублёў, таму яна папрасіла аб растэрміноўцы. Але суд ёй адмовіў. Замест гэтага 28 студзеня 2022 года Алесі выпісалі прадпісанне аб ўтрыманні 50% ад ейнага заробку. Грошы пачалі ўтрымліваць ужо з лютага гэтага года. На 160 рублёў у месяц, згодна з рашэннем суда, Алеся павінна жыць разам з сынам, каб аплаціць штраф за бел-чырвона-белую майку на балконе.
Але ў аддзеле прымусовага выканання вырашылі, што гэтага недастаткова, таму 16 лютага дадому да Яначкінай прыйшлі з пастановай на арышт маёмасці. У выніку арышт наклалі на тэлефон, гітару, тэлевізар, мікрахвалёвую печку і два крэслы на агульную суму 460 рублёў. Пры гэтым частка рэчаў не з'яўляецца ейнымі асабістымі, але, каб гэта даказаць, неабходныя дакументы пра іх куплю з дадзенымі пакупніка, якіх дзяўчына не мае. Алесі далі адзін месяц на тое, каб унесці гэту суму ў лік штрафу, іначай ў яе канфіскуюць гэтыя рэчы. Частку рэчаў дзяўчыне ўсё ж давялося прадаць, каб аплаціць палову сумы. Цяпер у дзяўчыны няма грошай на тое, каб выкупіць тэлефон і крэслы, таму яна асцерагаецца, што ў любы момант да яе могуць прыйсці з пастановай на іх канфіскацыю. Але супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання не звяртаюць на гэта ўвагу і працягваюць пісаць Алесі паведамленні з напамінам пра тое, што яна павінна аплаціць астатнюю суму.