viasna on patreon

Жыхару Баранавіч прысудзілі тры гады калоніі за абразы чыноўнікаў і "зліў" персанальных дадзеных

2022 2022-05-31T13:02:52+0300 2022-05-31T13:45:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranavichy-sud-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 24 траўня вынесены прысуд Валерыю Захарчыку, якога абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прэзідэнта Беларусі (ч. 1 арт. 368), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369) і незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1).

Справу разглядала суддзя Юльяна Шчэрба.

Па матэрыялах абвінавачання, Валерый Захарчык напачатку 2022 года ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”, пасля прагляду відэафайла з абразай прадстаўніка ўлады - начальніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці міліцыі грамадскай бяспекі МУС Сяргея Нікеля, паставіў упадабайку і размясціў відэа на сваёй старонцы.

Пры гэтым наўмысна,  маючы намер на незаконны распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных Сяргея Нікеля, прадставіў доступ для вольнага прагляду і капіявання неабмежаванаму колу карыстальнікаў глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт.

Аналагічным чынам таксама ў “Аднакласніках” убачыў відэаролік, які па заключэнні экспертызы мае негатыўную ацэнку прэзідэнта і ненарматыўную форму маўленчага выказвання, паставіў яму падабайку і размясціў на сваёй старонцы.

У судзе Валерый Захарчык сваю віну прызнаў цалкам, патлумачыў, што, адзначыў відэа значком “клас", таму яно адлюстравалася як даступнае для прагляду іншымі падпісантамі. Пры гэтым разумеў, што такім чынам  спрыяў распаўсюджванню гэтага відэароліка ў сетцы Інтэрнэт, у якім змяшчалася абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прадстаўніка ўлады, а таксама ўтрымліваліся ідэнтыфікацыйныя звесткі пацярпелага Нікеля.

Добраахвотна кампенсаваў маральную шкоду пацярпеламу Нікелю і ў пісьмовай форме прынёс прабачэнні прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і пацярпеламу.

Суд пастанавіў:

  • на падставе артыкула 369 Крымінальнага кодэкса прызначыць пакаранне ў выглядзе аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 4 800 рублёў;
  • на падставе ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса прызначыць пакаранне ў выглядзе 2 гадоў і 6 (шасці) месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 6 400  рублёў;
  • на падставе ч.1 арт. 368 КК Рэспублікі Беларусь прызначыць пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі.

Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова прызначыць пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 8 000 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства