viasna on patreon

Магілёў: чарговыя 1,5 года «хіміі» і 100 базавых па справе «абражанага Камара»

2022 2022-05-31T10:32:00+0300 2022-05-31T10:50:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud-bereza.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

24 траўня суд Ленінскага раёна Магілёва разглядзеў справу Дзмітрыя Макаркова, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».

Справу разглядала суддзя Аксана Ратнікава, якая неаднаразова выносіла «палітычна матываваныя прысуды».

Вядома, што Дзмітрыю Макаркову 35 гадоў, што ён жыве ў Мазыры, і што абвінавачваюць яго ў абразе сумна вядомага ўчастковага Бабруйскага УУС Андрэя Камара.

Згодна з матэрыяламі справы, 21 лістапада ў тэлеграм-канале STOP LUKA пад постам з фотаздымкам Камара абвінавачаны пакінуў «абразлівы каментар з негатыўнай адзнакай Камара А.М. з ужываннем нецэнзурнай лексікі».

Падчас судовага пасяджэння дзяржабвінаваўца акцэнтавала ўвагу на тое, што Макаркоў «дзейнічаў па матывах палітычна-ідэалагічнай варожасці».

Сваю віну абвінавачаны прызнаў часткова. Пагадзіўся толькі з тым, што пакінуў каментар, але адзначыў, што ніякіх ідэалагічных складнікаў у ягоным учынку не было. Паводле яго слоў, каментар у адрас Камара ён пакінуў пасля таго, як пабачыў у інтэрнэце відэазапіс, на якім гэты ж самы участковы падчас адной з акцый пратэстаў у 2020-м годзе б'е жанчыну кулаком у твар.

Той самы  Андрэй Камар
Той самы Андрэй Камар. Крыніца bobr.by

У адказ на гэта суддзя Ратнікава пачала задаваць абвінавачанаму пытанні. Цікавілася, на якія тэлеграм-каналы падпісаны Дзмітрый Макаркоў, ці ёсць сярод іх дзяржаўныя, чаму сваю перавагу ён аддае менавіта недзяржаўным крыніцам інфармацыі, на якія сацыяльныя сеткі ён падпісаны…

Абвінавачаны патлумачыў, што на недзяржаўныя тэлеграм-каналы і іншыя крыніцы інфармацыі ён падпісаны па той прычыне, што хоча мець яшчэ і альтэрнатыўны дзяржаўнаму пункт гледжання.

Вынік судовага разбіральніцтва па справе «абражанага Камара» не стаў нечаканасцю.

Суд прызнаў Дзмітрыя Макаркова вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і пакараў яго 1,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама суд прызначыў абвінавачанаму выплаціць Камару маральную кампенсацыю ў памеры 100 базавых велічынь, а гэта 3200 беларускіх рублёў.

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства