viasna on patreon

За абразу супрацоўнікаў міліцыі з Жабінкі асудзілі жыхара Бабруйска

2022 2022-05-30T08:02:08+0300 2022-05-30T10:07:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babruisk-sud-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Бабруйскага раёна

Суд Бабруйскага раёна

Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска 20 траўня вынес прысуд па крымінальнай справе Аляксандра Шацілы, абвінавачанага ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Судовае пасяджэнне праходзіла ў адкрытым рэжыме, але не ў памяшканні суда, а ў аддзеле міліцыі Ленінскага раёна горада.

Справу разглядала суддзя Вольга Серакова, дзяржабвінаваўца — Зоя Аляксюціна.

Аляксандра Шацілу затрымалі 10 сакавіка 2022 года на трое сутак, а затым да суда змянілі міру стрымання пад падпіску аб нявыездзе.

Па матэрыялах абвінавачання, Аляксандр Шаціла, маючы намер і жаданне, скіраваныя на публічную абразу старшага ўчастковага інспектара аддзела ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкама маёра С. Каляды, а таксама ягонага калегі — лейтэнанта Дзмітрыя Таразевіча, 15 ліпеня 2020 года, у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” пад публікацыяй  з выявамі названых супрацоўнікаў міліцыі ў форменным абмундзіраванні і надпісам “Гэта мы прымянілі ўдушальны прыём супраць мірных грамадзян у Пружанах” размясціў абразлівы і зняважлівы каментар, прынізіў тым самым іх гонар і годнасць.

Абвінавачаны Шаціла сваю віну прызнаў цалкам, прызнаўся, што пакінуў каментар пад уплывам эмоцый. Пазней зразумеў, што аўтар публікацыі знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

Суд пастанавіў прызнаць Шацілу вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год і 6 месяцаў без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Таксама суд задаволіў матэрыяльныя патрабаванні пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі Каляды і Таразевіча аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры па 1 000 рублёў кожнаму.

Тэлефон Xiaomi, з дапамогай якога быў пакінуты абразлівы каментар, канфіскаваны ў даход дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства