Мінчука асудзілі да трох месяцаў арышту за надпіс "НЕТ ВОЙНЕ" на плоце
5 траўня 2022 года ў судзе Ленінскага раёна вынесены прысуд 37-гадоваму Івану Карабельнікаву. Суддзя Таццяна Шоцік прызнала яго вінаватым паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса за надпіс "НЕТ ВОЙНЕ" на плоце і прысудзіла Карабельнікава да трох месяцаў арышту. Менавіта столькі запрасіла для мужчыны старшая памочніца пракурора Ленінскага раёна Юлія Даўгала.
Вядома, што Карабельнікаў утрымліваўся пад вартай з 21 па 24 сакавіка 2022 года.
Згодна з абвінавачаннем, 1 сакавіка мужчына ў стане алкагольнага ап'янення меў намер пашкодзіць маёмасць у грамадскіх местах, і таму нанёс на паверхню бетоннага плота надпіс "НЕТ ВОЙНЕ" чырвонай фарбай. Гэта "істотна знізіла эстэтычныя характарыстыкі бетоннага плота, пацягнула за сабой неабходнасць правядзення прац па афарбоўцы раней пафарбаванага бетоннага плата, учыніўшы тым самым шкоду "Аўтакамбінату №2" на суму 14 рублёў 59 капеек".
Падчас пасяджэння Іван Карабельнікаў часткова прызнаў віну. Ён распавёў, што ў тую ноч нанёс надпіс пасля прагляду навінаў, каб выказаць сваю пазіцыю, пасля чаго яго затрымалі супрацоўнікі АМАП. Ён выказаў здагадку, што хаця эстэтычныя характарысткі плата знізіліся, ён працягнуў выконваць сваё функцыянальнае прызначэнне.
Сведкамі па справе выступілі супрацоўнікі АМАП В. М. Балдушэўскі і А. Л. Шкрэдаў, якія затрымалі абвінавачанага. Сведка А. А. Аляхновіч — галоўны інжынер "Агракамбіната №2" — паказаў, што матэрыяльную шкоду Карабельнікаў ужо кампенсаваў.
Таксама Карабельнікаву знялі абмежаванне на выезд з Беларусі і арышт на маёмасць. Балончык з фарбай, якой мужчына наносіў надпіс, канфіскаваны ў маёмасць дзяржавы.