Наступ на незалежны прафсаюзны рух: што вядома па стане на 22 красавіка Дапоўнена
У аўторак, 19 красавіка, з’явілася інфармацыя пра ператрусы ў офісах і кватэрах лідэраў незалежных беларускіх прафсаюзаў, затрыманыя кіраўнікі і актывісты прафсаюзнага руху. Што вядома праваабаронцам пра затрыманых на гэты дзень?
У СІЗА КДБ знаходзяцца сем актывістаў незалежных прафсаюзаў:
Аляксандр Ярашук — старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. БКДП аб'ядноўвае некалькі незалежных прафесійных саюзаў. У яго ўваходзяць Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускі незалежны прафсаюз (БНП). Ператрус прайшоў па месцы працы і па месцы жыхарства. Канфіскаваная тэхніка. Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Генадзь Фядыніч — ранейшы кіраўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці — РЭП. У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасць быў асуджаны да 4 гадоў абмежавання волі — «хімія». 11 красавіка КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) «экстрэмісцкім фармаваннем». Вядома, што Фядыніч затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Аляксей Еўдакімчык — намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу металістаў. Еўдакімчыка затрымлівалі ў лютым 2022 года і асудзілі на 17 сутак арышту. У канцы сакавіка Аляксандра зноў затрымалі. Па абвінавачванні ў непадпарадкаванні міліцыі паводле арт. 24.3 КаАП ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Дома адбыўся ператрус.
Сяргей Антусевіч — намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Доўгі час — амаль 10 год — кіраваў незалежным прафсаюзам «Гродна Азот». Затрыманы 19 красавіка і змешчаны ў СІЗА КДБ. У той жа дзень у офісе БКДП і ў кватэры Сяргея Антусевіча адбыліся ператрусы. Яго затрымалі, уначы яму дазволілі патэлефанаваць жонцы.
Мікалай Шарах — ранейшы старшыня Свабоднага Прафсаюзу Беларускага, зараз — кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюза з Полацка. 9 красавіка ў яго адбыўся ператрус. 19 красавіка быў затрыманы на 72 гадзіны, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Вацлаў Арэшка — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП. Затрыманы пасля ператрусу на кватэры.
Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП. 71-гадовы мужчына знаходзіцца пад вартай. Справу вядуць следчыя цэнтральнага апарату Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Дастаўлены ў Мінск. Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Прафсаюзныя актывісты, пра затрыманне якіх вядома дакладна
Аляксандр Бухвостаў — старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў. На пачатку сакавіка 2022 году ў офісе прафсаюзу металістаў адбыўся ператрус. 19 красавіка сілавікі прыйшлі ў офіс зноў і затрымалі прафсаюзных актывістаў. 80-гадовы актывіст трапіў пасля затрымання ў шпіталь з сардэчным прыступам.
Віталь Чычмароў — былы інжынер завода імя Казлова. Быз звольнены ў 2020 годзе з-за прафсаюзнай дзейнасці. Кіраваў на прадпрыемстве пярвічнай арганізацыяй Свабоднага прафсаюза металістаў.
Ірына Бут-Гусаім — супрацоўніца офіса Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Затрыманая на 3 сутак.
Міраслаў Сабчук - актывіст, удзельнічаў у стварэнні звароту работнікаў МТЗ, у якім завадчане асудзілі гвалт і патрабавалі новых сумленных выбараў.
Зміцер Бародка - актывіст,пасля допыту быў затрыманы.
Яна Малаш - актывістка Свабоднага прафсаюза металістаў, была затрыманая, пасля допыту на волю не выйшла.
Не выходзяць з 19 красавіка на сувязь прафсаюзныя актывісты:
Міхаіл Громаў на сувязь не выйшаў, верагодна затрыманы.
Выйшлі на волю пасля допыту:
Ігар Комлік — намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў. Адпусцілі ноччу 20 красавіка пасля допыту ў СК. На допыце у яго быў адвакат.
Ганна Дусь - была затрыманая. Выйшла на волю пасля допыту з падпіскай аб нявыездзе.
Вадзім Пайвін - затрыманы. Выйшаў на волю пасля допыту.
Юрый Белякоў. Стала вядома, што пасля допыту яго 20 красавіка адпусцілі. Забралі пашпарт, кампутар, тэлефон.
Мікалай Герасіменка - затрыманы. Выйшаў на волю пасля допыту.
Алена Яськова, юрыстка БКДП. Выйшла на волю пасля допыту.
Лізавета Мярляк - міжнародны сакратар Беларускага незалежнага прафсаюза, сяброўка БСДП. Затрыманая ў Гародні ўвечары 21 красавіка. Пра затрыманне паведаміла партыя БСДП. У той жа вечар пасля допыту яе адпусцілі.
Інфармацыя будзе ўдакладняцца.