Сусветная арганізацыя супраць катаванняў: "Затрыманыя па-ранейшаму сутыкаюцца з вялікай рызыкай Covid-19"
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) у сакавіку выступіла з дакладам "Аспрэчванне пазбаўлення волі і барацьба з катаваннямі ў часы Covid-19", у якім сабрала вялікую колькасць разнастайных прававых і адвакацкіх стратэгій, што ўжываюцца юрыстамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ва ўсім свеце. У ім асвятляецца надзвычай важная роля, якую маюць адвакаты, юрысты і праваабарончыя арганізацыі ў абароне правоў зняволеных асобаў, аказанні дапамогі ахвярам і прыцягненні да адказнасці за неправамерныя дзеянні праваахоўных органаў у кантэксце выканання абмежаванняў грамадскай аховы здароўя, звязаных з пандэміяй.
"У той час як свет уваходзіць у трэці год пандэміі Covid-19, затрыманыя асобы па-ранейшаму сутыкаюцца з вялікай рызыкай і церпяць ад шматлікіх абмежаванняў іх правоў. Глабальная надзвычайная сітуацыя ў галіне аховы здароўя выявіла сістэмныя праблемы ў месцах зняволення ва ўсім свеце, такія як перапоўненасць, неадэкватнае медыцынскае абслугоўванне, дрэнныя санітарна-гігіенічныя ўмовы", — адзначаецца ў дакладзе, апублікаваным у сакавіку 2022 года Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT).
У той жа час у якасці рэакцыі на пандэмію шматлікія ўрады ўвялі надзвычайнае становішча і выключныя меры, якія не адпавядаюць міжнародным нормам і стандартам у галіне правоў чалавека. Парушэнні правоў чалавека, уключаючы катаванні і іншыя жорсткія, нялюдскія ці прыніжальныя годнасць віды абыходжання і пакарання ў дачыненні да тых, хто парушае распараджэнні аб карантыне і локдаўне, зрабіліся звычайнай з'явай. Надзвычайныя меры, звязаныя з пандэміяй, таксама выкарыстоўваліся і працягваюць выкарыстоўвацца некаторымі ўрадамі дзеля далейшага абмежавання дзейнасці грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў.
Старшая дарадчыца па прававой палітыцы OMCT Хелена Сола Марцін адзначае, што "дзякуючы высілкам арганізацый грамадзянскай супольнасці тысячы зняволеных былі вызваленыя з перапоўненых месцаў пазбаўлення волі, дзяржавам не дазволілі пераследваць праваабаронцаў пад маркай грамадскага здароўя, а злоўжыванні праваахоўных органаў падчас локдаўнаў былі выкрытыя, аспрэчаныя і ў некаторых выпадках адмененыя".
Шмат якія з уключаных стратэгій абмяркоўваліся на серыі рэгіянальных і глабальных Лабараторый судовых працэсаў па пытаннях затрымання, катаванняў і права на абарону ў часы Covid-19, якія адбыліся ў лістападзе і снежні 2020 года, а таксама падчас наступных абменаў і сустрэч. У іх узялі ўдзел амаль 130 праваабаронцаў і адвакатаў, у тым ліку сябры груп судовых юрыстаў сеткі SOS-Torture Network, якая з'яўляецца ініцыятывай OMCT, запушчанай у 2019 годзе.