#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”
Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.
У праваабарончай праграме "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя Валянцін Стэх і Максім Жбанкоў узгадваюць зняволеных "вясноўцаў".
“Гэты чалавек, які ўвойдзе ў гісторыю Беларусі”, — так сказаў пра Алеся Бяляцкага Валянцін Стэх — віленскі беларус, які стаяў ля вытокаў стварэння мясцовага беларускага клуба “Сябрына”.
Дзень Волі, 25 сакавіка, для праваабаронцаў заўжды быў і застаецца асаблівым днём.
Праваабаронцы “Вясны” не толькі адзначалі і адзначаюць Дзень волі. За рэдкім выключэннем, 25 сакавіка, гэта яшчэ і дзень затрыманняў, арыштаў, брутальных разгонаў мірных грамадзян. У “Вясну” сцякаецца з розных гарадоў інфармацыя пра парушэнні правоў чалавека, напружана працуюць юрысты, валанцёры, журналісты. Часта сярод затрыманых у гэты дзень былі і вясноўцы, якія займаліся маніторынгам мірных шэсцяў і мітынгаў.
Дзень волі ў няволі. 25 сакавіка для праваабаронцаў - дзень асаблівы
Валянцін Стэфановіч: "Мару прайсціся па вуліцах роднага гораду"
Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч даслаў ліст з-за кратаў, у якім ён успамінае пра Стамбул:
"Мора мне таксама падабаецца рознае. Неспакойнае, штормавае мора мне таксама вельмі да спадобы. Такое мора турбуе, узбуджае. Назіраць за стыхіяй хвалі, якія б’юцца аб бераг і скалы — гэта прыгожая карціна. Часам я ўяўляю сябе на беразе сярод дзюнаў, з вогнішчам і бутэлькай віскі. Я б піў з рыльца і глядзеў на начныя зоры, а за дзюнамі бушавала б халоднае стальное мора. Галоўнае потым не лезці ў тое мора купацца. Таму лепей гэтае выкшталцонае баўленне часу раздзяліць з добрай кампаніяй сяброў і сябровак.
У Стамбул я б хацеў яшчэ раз патрапіць са сваёй жонкай. Мы былі там удвох, і гэта быў вельмі рамантычны час".
Таксама праваабаронца даслаў паштоўку, у якой падзяліўся сваімі марамі:
"Я мару прайсці па вуліцах роднага гораду і п'яным ад вясновага паветра дыхаць і дыхаць свабодай. Я бачу гэта ў сваіх летуценных снах. <...>
Калі-небудзь мы абавязкова сустрэнімся".
За мінулы тыдзень не было навінаў ад старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага і юрыста Уладзіміра Лабковіча.
Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
Да Леаніда Судаленкі два месяцы не даходзяць лісты
Праваабаронца Леанід Судаленка ў калоніі знаходзіцца з 27 студзеня. Нядаўна жонка Леаніда атрымала ад яго ліст, у якім ён паведаміў, што з таго часу яму яшчэ не перадалі ніводнага ліста. Пасля гэтага сябар Леаніда праваабаронца Васіль Палякоў напісаў заяву на імя начальніка папраўчай калоніі №3 з патрабаваннем не перашкаджаць ліставанню і перадаваць лісты Судаленку.
У адказе на заяву адміністрацыя ПК-3 напісала, што "ўся карэспандэнцыя, якая паступае на імя асуджанага Судаленкі Л. Л., выдаецца яму ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам". Цяпер Палякоў збіраецца звярнуцца з патрабаваннем да Дэпартаменту выканання пакаранняў.
Падтрымайце Леаніда:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Леаніду Леанідавічу Судаленку |
Таццяна Ласіца: "У мяне вельмі загружаныя зараз дні, працую на швейнай фабрыцы"
Палітзняволеная валанцёрка "Вясны" Таццяна Ласіца даслала вестачку з-за кратаў. Яна піша, што настрой бадзёры, вучыцца шыць у калоніі, бачыць неба:
"У мяне таксама вельмі загружаныя зараз дні, працую на швейнай фабрыцы, рэжымныя моманты трэба выконваць, працу розную. Так што буду імкнуцца адказваць на лісты, якія прыходзяць да мяне, і па магчымасці ты таксама мне пішы.
Толькі патрапіла ў свой атрад, шмат чаго яшчэ не ведаю. Нядаўна напісала заяву на званкі, але дазваляюць размаўляць па тэлефоне толькі са сваякамі, магчыма змагу патэлефанаваць ім у красавіку.
Умовы ўтрымання тут нармальныя, кормяць добра. Ну вядома хочацца смачненькага, у асноўным садавіны - яблыкаў, апельсінаў. У краму яшчэ не хадзіла, мусіць быць па графіку на гэтым тыдні".
Нагадаем, 3 лістапада 2021 года праваабаронцам "Вясны" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — тры і два з паловай гады калоніі адпаведна. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Падтрымайце Таццяну:ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Таццяне Леанідаўне Ласіцы |
За мінулы тыдзень не было ніякіх навінаў ад каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай і валанцёра Андрэя Чапюка.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Як падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.
Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org