viasna on patreon

«Яны жэсцяць пры затрыманні і кажуць: "Нам пох*й, мы немясцовыя"»: што вядома пра пераслед у Стоўбцах

2022 2022-03-17T19:38:32+0300 2022-03-18T10:26:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stoubcy_q8q8.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах была здзейснена дыверсія на чыгунцы: падпалілі бярвенне з мэтай перашкоды руху цягнікоў, якія перавозяць па Беларусі расейскую тэхніку для ўдзелу нападу на Украіну. За гэта ўзбудзілі крымінальную справу па факту тэрарызму (арт. 289 КК) і затрымалі мужа з жонкай Сяргея і Кацярыну Глебкаў. Пасля гэтага яшчэ паведамлялася пра пашкоджанне аўтаматыкі каля станцыі Сінява за Стоўбцамі. Цяпер другі тыдзень у горадзе праходзяць масавыя ператрусы, допыты, затрыманні і адміністрацыйныя суды над мясцовымі. «Вясна» распавядае, што вядома пра пераслед жыхароў Стоўбцаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Упершыню інфармацыя пра пераслед жыхароў Стоўбцаў з’явілася 12 сакавіка.«Зачысткай» у горадзе займаюцца мінскія супрацоўнікі ГУБАЗіКа пры падтрымцы супрацоўнікаў АМАПу і САХРа:

«Бачыла сёння з акна чалавека ў зялёнай форме і амапаўца, калі забіралі чалавека. Яны жэсцяць пры затрыманні і кажуць: "Нам пох*й, мы немясцовыя"», — распавядае "Вясне" жыхарка Стоўбцаў.

Яна дадае, што «затрымліваюць, кіруючыся нейкім спісам, магчыма, людзей, якія былі заўважаны ў чаце «Столбцы разам». Паведамляецца пра мінімум 35 выпадкаў ператрусаў і затрыманняў. Але людзі запалоханыя і баяцца агучваць факты пераследу.

Пры ператрусах забіраюць тэхніку — тэлефоны і кампутары. Па словах мясцовых жыхароў, супрацоўнікі ГУБАЗіКа пры ператрусе глядзяць усё дасканала, выварочваюць шафы.

Паведамляецца, што некаторых затрыманых збіваюць.

«Майго блізкага чалавека збілі. Яму было праблемна сядзець. Пра астатніх не ведаю, але кажуць пра збіццё», — распавядае «Вясне» жанчына.

Пра гэта раней мясцовыя паведамлялі «Свабодзе»:

«З дапамогай САХРа, АМАПу яны ўломваюцца ў дамы, праводзяць ператрусы і затрымліваюць людзей, жорстка затрымліваюць. Б’юць падчас затрымання, па дарозе ў РАУС і ў самім пастарунку».

Як сцвярджаюць мясцовыя, міліцыянты і пракуратура ніяк не рэагуюць на катаванні ў РАУСе. Пра збіццё жыхароў Стоўбцаў піша і мясцовы тэлеграм-канал "Столбцы РАЗАМ".

Калі ў тэлефонах знаходзяць падпіскі на «экстрэмісцкія каналы» ці перасылы з такіх каналаў, то складаюць пратаколы па арт. 19.11 КаАП і затрымліваюць да суда. Вядома, што некаторых адпраўляюць на «суткі».

«А судзяць нават не ў Стоўбцах, хоць суд побач з міліцыяй. Суды цяпер выязныя. Відаць, дзеля таго, каб не паказаць родзічам саміх затрыманых, каб тыя ня ўбачылі сляды пабояў. Судзяць за розную лухту. Напрыклад, нават за падпіску на ўкраінскіх рэстаратараў», — распавядаў «Свабодзе» жыхар Стоўбцаў.

Па словах мясцовай жыхаркі, ва ўсіх, каго затрымліваюць запытваюцца пра падрыўную дзейнасць у прамым сэнсе гэтага слова. Сілавікоў цікавіць дачыненне мясцовых да пашкоджання аўтаматыкі каля станцыі Сінява за Стоўбцамі.

Калі вам вядомыя факты пераследу ў Стоўбцах ці вы хочаце распавесці пра гэта праваабаронцам "Вясны", паведамляйце ў наш бот @viasna_bot ці пішыце ў тэлеграме@Spring96info.

З пачатку вайны затрымалі мінімум 8 "рэйкавых партызанаў": што вядома пра "рэйкавую вайну" ў Беларусі

"Вясна" распавядае ўсё, што вядома па гэтых справах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства