Два суды ў Мазыры, якія адбыліся ў адзін дзень, зрабілі закрытымі
Гаворка ідзе пра суды над Віталём Мелехам і над Аляксандрам Канашом.
Абодвум у віну ставяць два крымінальныя артыкулы: ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і арт. 364 «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
Нягледзячы на тое, што суды розныя, пацярпелымі ў абодвух выпадках прызнаныя адны і тыя ж супрацоўнікі МУС. Пры гэтым галоўным пацярпелым па абодвух справах праходзіць начальнік ДАІ Мазырскага РАУС Валянцін Пілер.
У спісе пацярпелых значацца і такія прозвішчы супрацоўнікаў МУС, як Ропат, Кядроў, Патоцкі, Галанчук, Падабед, Валынец, Фешчанка…
Дарэчы, гэтыя ж супрацоўнікі МУС праходзілі пацярпелымі па справе мазырскіх футбольных заўзятараў Данііла Скіпальскага, Аляксандра Сузько, Паўла Дворака, Аляксандра Цімашэнкі і Кірыла Канапацкага.
Іх абвінавацілі і прызналі вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў па аналагічных крымінальных артыкулах (ч. 1 арт. 342 і арт. 364). На самым першым судовым пасяджэнні па хадайніцтве дзяржабвінавачання працэс таксама зрабілі закрытым для сваякоў, грамадскасці і журналістаў.
Нагадаем, суд становіцца закрытым пасля адпаведнай аб'явы, зробленай суддзёй падчас працэсу. Згодна з арт. 23 КПК, судовы разгляд крымінальных спраў павінен праводзіцца па агульным правілам, адкрыта і галосна. У парадку выключэння дапускаецца закрытае судовае пасяджэнне ў наступных выпадках:
- у інтарэсах аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншай ахоўнай законам таямніцы;
- па справах аб злачынствах, учыненых асобамі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту;
- па справах аб палавых злачынствах і іншых справах у мэтах прадухілення выдавання звестак аб інтымных баках жыцця асоб, якія ўдзельнічаюць у справе, альбо звестак, якія прыніжаюць іх годнасць;
- калі гэтага патрабуюць інтарэсы бяспекі пацярпелага, сведкі ці іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, а таксама членаў іх сем'яў або блізкіх сваякоў і іншых асоб, якіх яны абгрунтавана лічаць блізкімі.
Нажаль праваабаронцам вядома толькі тое, што ў выпадку з судом над Мелехам і Канашом суд зрабілі закрытым па хадайніцтве пацярпелых.
Пра абвінавачаных невядома амаль нічога. Ёсць толькі звесткі пра тое, што Аляксандру Канашу 20 год і яго затрымалі яшчэ 1 снежня мінулага года.
«Вясна» будзе сачыць за развіццём падзей, наколькі гэта будзе магчыма.
«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: viasna@spring96.org |