Затрыманні ў Беларусі: хроніка пераследу 3 і 4 сакавіка Дапоўнена
Ва Украіне ідзе вайна, якую распачалі ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі 24 лютага. Беларусь уцягнутая у яе як саюзнік агрэсара. Беларусы масава выступаюць супраць удзелу дзяржавы ў ваенных дзеяннях супраць Украіны, за што сілавікі рэпрэсуюць іх: затрымліваюць, катуюць у ізалятарах нечалавечымі ўмовамі ўтрымання без ежы, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі 3 і 4 сакавіка.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітычны пераслед 4 сакавіка
Праваабаронцам "Вясны" паведамляюць пра затрыманне ў Мінску Кацярыны Шышаковай. Прычыны і абставіны затрымання невядомыя.
4 сакавіка з ператрусам прыйшлі да жыхаркі Светлагорска Ганны Музычэнка.
Дырэктарка бабруйскай школы выклікала АМАП на настаўніцу з-за жоўта-сіняй стужачкі ў прычосцы
4 сакавіка ў бабруйскай школе № 27 затрымалі настаўніцу гісторыі Ларысу Секержыцкую. Падстава — у яе прычосцы прысутнічала жоўта-сіняя стужачка.
Першай гэта заўважыла настаўніца матэматыкі (нязменная сябра выбарчых камісій). Яна данесла на Секержыцкую дырэктарцы, а тая выклікала АМАП.
Прыехалі амапаўцы і наўпрост на ўроку затрымалі жанчыну.
Суд адбудзецца 9 сакавіка.
Палітычны пераслед 3 сакавіка
Затрыманне ў Светлагорску
У Светлагорску 3 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Юрыя Кажэмяку. Раней ён працаваў у школе №4, гісторык па адукацыі, на момант затрымання працаваў на Светлагорскім завода жалезабетонных вырабаў.
На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае відэа" з мужчынам, дзе паведамляецца, што за рэгістрацыю ў плане "Перамога" яму інкрымінуецца арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
Затрыманні ў Свіслачы
Паведамляецца, што 3 сакавіка ў Свіслачы супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам да Андрэя Зоркі. Дома ў яго знайшлі сцягі і ўкраінскі кіцель. Па інфармацыі КДБ, Зорка быў у 2014 годзе ў "Азове" як перакладчык-журналіст, што не падверджана. Па папярэдняй інфармацыі, пасля допыту яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Артыкул, які яму інкрымінуецца, пакуль невядомы.
Таксама праваабаронцам "Вясны" паведамілі пра затрыманне ў Свіслачы 33-гадовага Сяргея Салаўя. У момант затрымання ён быў у гасцях. Па папярэдняй інфармацыі, Сяргея затрымалі за выказванні супраць Лукашэнкі і Пуціна, супраць вайны і заклікі беларусаў не ісці супраць Украіны.
У Гомелі затрымалі арганізатара вандровак за "распальванне варожасці"
Супрацоўнікі міліцыі 2 сакавіка арганізатара вандровак, сплаваў і экскурсій у Гомелі Ігара Галушку. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці) за каментары ў сацыяльных сетках.
У Бешанковіцкім раёне затрымалі паэта і барда Георгія Станкевіча
Як піша віцебская "Вясна", у Бешанковіцкім раёне затрыманы журналіст і бард Георгі Станкевіч. Пра гэта паведаміла ягоная жонка. Паводле яе, міліцыя палявала на Георгія ад 3 сакавіка: непадалёк ад ягонага дома ў вёсцы Старыя Ранчыцы дзяжурыла міліцэйская машына. Падобна, сачэнне адбывалася ўсю ноч, бо ўжо з раніцы супрацоўнікі МУС прыйшлі з ператрусам.
Як расказала жонка затрыманага, міліцыянты прыйшлі з ператрусам з самай раніцы, калі спадар Георгі выйшаў у двор, каб упраўляцца з гаспадаркай. Супрацоўнікі міліцыі пачакалі, пакуль мужчына падоіць кароў, а потым забралі гаспадара. Патлумачылі, што ён нібыта размясціў у інтэрнэце выявы з забароненай экстрэмісцкай сімволікай.
У хаце Георгія Станкевіча правялі ператрус, забралі тэлефон і камп'ютар. Аргтэхніку забралі для праверкі прыкладна на месяц – так міліцыянты патлумачылі жонцы Георгія Станкевіча. Якія менавіта «экстрэмісцкія» выявы сталі падставай для затрымання, супрацоўнікі міліцыі не патлумачылі. Шукалі ў хаце і «нацыяналістычную» сімволіку, але нічога не знайшлі.
Незадоўга да затрымання Георгі Станкевіч казаў, што прэтэнзіі да яго могуць быць выкліканы матэрыяламі пра вайну ва Украіне, якія ён размяшчаў на сваім сайце штодня. 1 сакавіка ён размясціў там адмысловы зварот да жыхароў Бешанковіцкага раёну і раённых уладаў, дзе заклікаў усімі магчымымі спосабамі садзейнічаць спыненню вайны.
Генпракуратура распачала новую крымінальную справу супраць Святланы Ціханоўскай за «заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»
«Устаноўлена, што падазроная, дзейнічаючы з іншымі неўстаноўленымі асобамі, запісала і размясціла на пляцоўках відэахостынгу YouTube і месэнджэра Telegram відэаролік з публічнымі заклікамі да здзяйснення акта тэрарызму і дыверсіі, здрадзе дзяржаве, здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», — паведамляе ведамства.
Блакіроўка сайтаў
Мінінфарм заблакаваў сайты ўкраінскіх выданняў "РБК Украіна" і inforesist.org, паведамляе ведамства. Прычынай блакавання называюцца "шматлікія факты размяшчэння экстрэмісцкіх матэрыялаў", што парушае артыкул 38 закона аб СМІ. Якія менавіта "экстрэмісцкія матэрыялы" размешчаны ў гэтых выданнях, не ўдакладняецца.
1 сакавіка Міністэрства інфармацыі заблакавала сайты ўкраінскіх выданняў "Гордон" і "Обозреватель" па той жа прычыне. На наступны дзень Мінінфарм вынес папярэджанне заснавальніку радыёстанцыі "Рокс-М" за парушэнне артыкулаў 14 і 29 Закона "аб СМІ". Па сцвярджэнні ведамства, у эфіры Радыё былі "шматлікія факты распаўсюджвання матэрыялаў, якія не адносяцца да складнікаў спецыялізацыі, якая адлюстравана ў рэгістрацыйных дакументах радыёпраграмы".
Па пастанове пракурора горада Мінска абмежаваны доступ да інтэрнэт-сайтаў "n1.bу" і "humаncоnstanta.org". Прычыны не ўдакладняюцца.
Затрыманні ў Мінску, Светлагорску, Гомелі, Брэсце
3 сакавіка ў Мінску затрыманы Аляксандр Комар. Відэа з ім з акцыі пратэсту супраць вайны і рэферэндуму размясціла Zerkalo.io.
Раніцай 3 сакавіка ў Мінску ў сябе дома затрыманы Мікалай Пяпельскі (25.11.1974). Паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Юрыя Сталярова, Ірыну Куракіну і пра ператрус у Цімура Астанава.
У Светлагорску 2 сакавіка затрыманы прадпрымальнік Сяргей Сенцюроў. Паведамляецца, што сілавікі прыходзілі і да іншых, хто прыцягваўся раней па арт. 24.23 КаАП. Таксама паведамляецца аб затрыманні ў Светлагорску Дзмітрыя і Наталлі Равіч (муж і жонка), брата Наталлі Дзяніса Дзікуна і ягонай дзяўчыны Алісы Маланавай.
У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае відэа" з Дзянісам Дзікуном. На відэа Дзяніс выглядае збітым. Ён кажа, што па ўказанні Байпола падпаліў яшчэ з двума чалавекамі 28 лютага шафу сігнальнай устаноўкі на станцыі "Жэрдзь-Астанковічы".
Нагадаем, з 2 сакавіка ў Светлагорску праходзіць ператрусы ў сувязі са спаленым 28 лютага абсталявання на ўчастку чыгункі ў Светлагорскім раёне. Тады на перагоне Астанкавічы — Жэрдзь гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі была спаленая рэлейная шафа сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), і ў выніку святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку ў непрацоўным стане. Перагон Астанкавічы — Жэрдзь знаходзіцца на лініі Жлобін — Калінкавічы, якая далей працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Лінію пабудавалі як найкарацейшы шлях для вайсковых эшалонаў у бок Украіны падчас Першай сусветнай вайны.
Як сцвярджае прэс-служба МУС, 29-гадовы светлагорац разам з двума знаёмымі ўвечары 28 лютага прыйшлі на чыгуначны перагон за горадам, двое з іх аблілі гаручай рэлейную шафу сігнальнай устаноўкі і падпалілі — абсталяванне выгарэла. На іх завялі крымінальную справа за ўчыненне акту тэрарызму.
У Гомелі затрыманы 38-гадовы Яўген Галіч. Яго абвінавачваюць паводле арт. 203 КК "Парушэнне таямніцы перапіскі" і арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады".
У Брэсце пасля ператрусу затрымалі Івана Сушко. Паведамілі, што ў межах арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) вязуць у Гродна.
Журналістка «Новага Часу» Дзіяна Серадзюк разам з мужам Яўгенам Батурам затрыманыя да суда
Цяпер яны знаходзяцца ў Цэнтральным РУУСе. Як піша "Новы Час", журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк і яе мужа Яўгена Батуру затрымалі ўвечары 3 сакавіка на выхадзе з Кафедральнага Сабора Святога Духа, дзе беларускія маці ладзілі супольную малітву Божай Маці аб спыненні нападу Расіі на Украіну.
Ноч яны правялі на Акрэсціна.
Судзілі іх сёння ў Цэнтральным судзе Мінска праз скайп. Абедзве справы разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк.
На суддзе Яўген папрасіў прагледзець запісы камер рэгістратараў. Сведка-міліцыянт паведаміў, што рэгістратараў не было, а камеры па тэхнічных прычынах не працавалі.
Яўгена асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 24.3 КаАП РБ (непадпарадкаванне міліцыянтам).
У судзе над Дзіянай, якую таксама абвінавацілі ў непадпарадкаванні, абвешчаны перапынак да 16:00.
АМАП у Мінску затрымаў маці беларускіх салдат, якія маліліся ў царкве за мір
3 сакавіка ў Кафедральным саборы на Нямізе сабраліся маці беларускіх салдат — яны хацелі памаліцца з мір, дагэтуль між сабой яны знаёмыя не былі. Жанчыны былі без плакатаў — яны проста маліліся.
Вядома, што ў самой царкве было шмат «ціхароў» (яны рабілі выгляд, што прыйшлі сямейнай парай у царкву, але людзі бачылі ў іх рацыі), а каля будынка дзяжурыў АМАП.
Праваабаронцам паведамляюць, што пазней пачаліся затрыманні — як мінімум трох жанчын затрымалі. Вядома, што святар з сабора прасіў амапаўцаў адпусціць людзей, але сілавікі адмовіліся.
Сярод затрыманых — уладальніца бара "Сіняя каза" Ксенія Фёдарава. Вядома, што Ксенія праходзіць хіміятэрапію. Яе выпусцілі з Цэнтральнага РУУСа.
Інфармацыя дапаўняецца.