«Спачатку ліст, пасля малюнак». Вольга Севярынец пра тое, як з малюнкаў Паўла Севярынца з-за кратаў пачалі рабіць паштоўкі
Павел Севярынец працягвае дасылаць з-за кратаў кранальныя лісты, малюнкі і верыць у лепшы лес для Беларусі. Днямі жонка палітвязня Вольга напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Думаю, пара пахваліцца, што ад Паўла Севярынца за апошнія месяцы сабралася яшчэ 10 новых малюнкаў храмаў. Будзем рабіць новыя паштоўкі».
Як расказала «Вясне» Вольга Севярынец, ідэя маляваць храмы ў Паўла ўзнікла з традыцыі пісаць сыну асобныя лісты:
«Спачатку Павел маляваў Францішку машынкі і іншы транспарт, у якасці падарунка, бо Францішак вельмі цікавіцца гэтай тэмай, а пасля вырашыў, каб таксама «выхоўваць у сына пачуццё прыгожага», маляваць храмы. Людзі дасылалі Паўлу шмат паштовак з беларускімі краявідамі, ён перамалёўвае храмы з іх. Калі Павел пачынаў маляваць храмы, мы не думалі, што будзем рабіць з імі паштоўкі. Гэта ідэя ўзнікла неяк сама сабой, калі мы сабралі калекцыю з дзесяці малюнкаў цэркваў і касцёлаў. Паштоўкі былі прынятыя вельмі цёпла, было шмат добрых водгукаў і падзякаў».
Як расказала Вольга, маляваць Павел пачаў дзесьці праз паўгады як апынуўся за кратамі, зараз блізіцца яго другі год там. За гэты час ён даслаў каля 70 малюнкаў, сярод якіх і партрэты родных.
«Павел скончыў мастацкую школу, але не маляваў вельмі даўно, хіба са студэнцтва. І так цікава было назіраць, як ён узгадвае тэхніку, як з кожным лістом малюнкі станавіліся ўсё больш яскравымі. Малюнкі гэта такія своеасаблівыя дадаткі да лістоў, якія Павел піша сыну. Спачатку ліст, пасля малюнак, - расказвае Вольга. - Павел не мае зараз вялікай магчымасці кантактаваць з сынам, выхоўваць яго і бавіць з ім час. Усё, што ў яго ёсць, гэта лісты і кароткія званкі, таму ў лісты да Францішка ён укладае ўсё самае лепшае – настаўляе яго, распавядае гісторыі пра сябе і сваё дзяцінства, вучыць быць сапраўдным беларусам, вернікам, мужчынам. Францішак вельмі чакае ад яго лістоў і заўсёды вельмі радуецца, калі знаходзіць ліст у скрыні».
Павел -Севярынец - веруючы чалавек. На пытанне, ці ёсць у яго зараз магчымасць маліцца, Вольга адказала:
«У калоніі ў Шклове часовенька ёсць, але святара пакуль Павел так і ня бачыў, магчыма, на вялікае свята – Вялікдзень – зможа і прычасціцца. Распавядаў, што на Раство змог паглядзець трансляцыю з сабора».
Жонка палітвязня кажа, што апошнім часам Павел стараецца маляваць і праваслаўныя цэрквы, і каталіцкія касцёлы, і пратэстанцкія дамы малітвы.
«Марыць ён, каб Беларусь была трыадзінай краінай, дзе няма непаразумення ці перадузятасці між канфесіямі», - дадала Вольга.