#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”
Сабралі навіны за мінулы тыдзень — з 17 па 23 студзеня — пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.
Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца - год за кратамі
18 студзеня было роўна год, як кіраўнік Гомельскага аддзялення “Вясны” Леанід Судаленка знаходзіцца за кратамі. Там жа ён адзначыў свой 55 дзень народзінаў.
А 21 студзеня было роўна год, як у зняволенні знаходзіцца валанцёрка "Вясны" Таццяна Ласіца. Яе затрымалі ў аэрапорце і змясцілі пад варту.
Леаніда і Таццяну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). 3 лістапада суд Цэнтральнага раёна горада пакараў Леаніда Судаленку трыма гадамі пазбаўлення волі, а Таццяну Ласіцу - двума з паловай гадамі пазбаўлення волі. 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў іх апеляцыйную скаргу і пакінуў прысуд без зменаў.
Падчас знаходжання ў СІЗА ў Таццяны моцна пагоршылася здароўе, а на адно з судовых пасяджэнняў нават выклікалі хуткую для яе.
У абарону Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы, а таксама за іх безумоўнае вызваленне выступілі шматлікія міжнародныя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў ды інш.
Праваабаронца Леанід Судаленка год за кратамі
У лісце ад 12 студзеня Леанід Судаленка падзяліўся, што прыемна атрымоўваць віншаванні ад раней незнаёмых людзей, распавёў пра сябе і адзначыў:
"Да канца студзеня прыйдзецца ехаць ужо ў лагер на "перавыхаванне". Чалавек, у мантыі суддзі "адмерыў" мне максімальны па 342-му артыкулу Крымінальнага кодэксу тэрмін - тры гады пазбаўлення волі. Год адсядзеў, паўтары яшчэ пералічылі з разліку 1 дзень СІЗА = 1,5 дня лагеру. Зараз роўна палова тэрміна, яшчэ столькі наперадзе.
Я маральна гатовы, галоўнае - не падвяло б здароўе. Час ідзе. Тое, што адбываецца на тым беразе ракі, не дае упэўненнасці, што палітычныя выйдуць заўтра на свабоду. Але зараз такі час, ніхто не ведае, што будзе заўтра..."
Вядома, што 27 студзеня Таццяну Ласіцу накіруюць у папраўчую калонію №4, а Леанід Судаленка будзе адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі №3.
Падтрымайце Таццяну і Леаніда:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Таццяне Леанідаўне Ласіцы |
Марфа Рабкова: “Мы павінны зразумець людзей, якія ўзлаваны. Але працягваць ісці шляхам дабра”
Каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, якую вінавацяць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса, паразважала ў лісце пра дабро і зло.
"Хацелася б не пускаць у свае сэрца зло і жорсткасць. Але мы ж проста людзі, а мірны шлях вельмі складаны, калі вакол столькі выклікаў і агрэсіі. Шлях прабачэння і прыняцця, шлях дабрачыннасці. Для мяне важна захоўваць гэты вектар, бо мы павінны быць лепш і чысцей. І на сваім прыкладзе паказваць, што можна па-іншаму. Пачынаць змяняць свет трэба са змянення сябе. І толькі так.
А калі ўнутры злосць і нянавісць, то якія могуць быць змены ў пазітыўным ключы? Наперадзе шмат стваральнай працы, а гэтая дзейнасць будуецца толькі на добрых намерах. Неяк я стала рэлігійна тлумачыцца. Многае хочацца сказаць і выказаць, але даводзіцца выконваць рамкі. І вы не сумуеце. Мы павінны зразумець людзей, якія азлобленыя. Але працягваць ісці шляхам дабра".
Нагадаем, у хуткім часе стане вядомая дата суда ў дачыненні Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і яшчэ 9 палітвязняў. Справа будзе разглядацца ў Мінскім гарадскім судзе.
Дашліце Марфе запаветны ліст з Хогвартса праз савіны паштовы канал
У Марфы Рабковай ёсць традыцыя падчас калядных святаў пераглядаць з мужам усе часткі "Гары Потэра", аднак ужо два гады запар яна не мае такой магчымасці.
Што можна зрабіць:
- напісаць запрашэнне ў Хогвартс;
- намаляваць саву ў лісце ці зрабіць паштоўку з ёй;
- распавесці, якой бы гераіняй магла быць Марфа ў культавым фільме;
- напісаць свой любімы ўрывак з кнігі пра Гары Потэра;
- прыдумаць заклінанне, якое б дапамагала беларусам змагацца са злом;
- узгадаць, якія рэчы дапамагаюць абараніцца ад цемры цяпер;
- прыдумаць для сябе і Марфы патронусаў і распавесці, чаму абралі менавіта іх;
- распавесці пра новы спецэпізод "Гары Потэр 20 гадоў апасля: вяртанне ў Хогвартс".
Ліст ці паштоўку можна зрабіць у адкрытым фармаце: напішыце, запосціце ў сацсетках з хэштэгамі #FreeViasna, #FreeMarfa ці адпраўце на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
За мінулы тыдзень не было навінаў ад старшыні "Вясны" Алеся Бяляцкага, намесніка старшыні Валянціна Стэфановіча і юрыста Уладзіміра Лабковіча.
Дасылайце лісты падтрымкі і вершы Алесю, Валянціну і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
Як падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.
Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
Грашовыя пераводы можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг.
СІЗА-1, Мінск
УНП: 100744291
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY52BAPB36429197000200000000
Дадаткова трэба будзе пазначыць імя, імя па-бацьку і прозвішча зняволенага(-ай) (СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2), вашыя імя і прозвішча, суму, якую жадаеце перавесці. Грошы вязням даходзяць на працягу некалькіх сутак.
Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org