Прысуд гомельскім праваабаронцам “Вясны” пакінулі без зменаў
У Гомельскім абласным суде 14 студзеня разглядзелі апеляцыйную скаргу на прысуд кіраўніку Гомельскага аддзялення “Вясны” Леаніду Судаленку і яго памочніцы Таццяны Ласіцы.
Па прычыне таго, што судзілі праваабаронцаў у закрытым рэжыме, скаргу суддзя Мікалай Маратаеў таксама разглядаў у адсутнасць зацікаўленых слухачоў.
У выніку суддзя вырашыў, што прысуд вынесены справядліва, а довады абвінавачаных, выкладзеныя ў скарзе, задавальненню не падлягаюць.
Нагадаем, Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня 2021 года па дарозе на офіс, а Таццяну Ласіцу затрымалі ў аэрапорце 21 студзеня 2021 года. З 3 верасня над праваабаронцамі распачаўся суд, які праходзіў у закрытым рэжыме. А 3 лістапада Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму, а яго памочніцу Таццяну Ласіцу на два з паловай гады калоніі. Іх абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне (ч. 2 арт. 342 КК).
Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Падтрымайце Таццяну і Леаніда:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Таццяне Леанідаўне Ласіцы |