Праваабаронца Леанід Судаленка год за кратамі
18 студзеня – роўна год, як кіраўнік Гомельскага аддзялення “Вясны” Леанід Судаленка знаходзіцца за кратамі. Там жа ён адзначыў свой 55 дзень народзінаў. 3 лістапада суд Цэнтральнага раёна горада пакараў праваабаронцу трыма гадамі пазбаўлення волі, а 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў яго апеляцыйную скаргу.
Леаніда затрымалі па дарозе на офіс і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).
Як распавёў у сваіх лістах на волю Судаленка, у віну яму ставіліся:
- эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за "беспарадкі”;
- відэа на ютубе з "Рудабельскай паказухі", дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
- заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;
- семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
- аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.
У абарону Леаніда Судаленкі і за яго безумоўнае вызваленне выступілі шматлікія міжнародныя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў ды інш.
Хто такі Леанід Судаленка?
У прафесійным багажы Леаніда Судаленкі, гомельскага праваабаронцы з рэзкім характарам і цвёрдым позіркам, — больш за 30 выйгранных спраў у Камітэце ААН па правах чалавека.
У адным з інтэрв’ю Леанід Судаленка адзначаў, што “выпадковых людзей у праваабароне няма, усё пачынаецца з характару”:
“Я заўсёды ў сваім характары адчуваў адасобленасць. Ёсць выслоўе: “жар-птушка стаяй не лётае”, я не жар-птушка, але таксама не схільны да калектывізму. Я — індывідуаліст, сам прымаю рашэнні, у сям’і я галоўны, маё слова — закон”.
Леанід Судаленка нарадзіўся ў Брагінскім раёне, скончыў вясковую школу, і ўжо тады ў яго была адчувальная схільнасць да гуманітарных навук.
Пасля службы ў войску ў ГДР Леанід вярнуўся дадому, пайшоў працаваць, а потым паступіў на юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля працаваў юрыстам буйной сеткі гомельскіх цырульняў “Локан”, затым — юрыстам у абласным упраўленні “Белтрансгазу”. Але цікаўнасць да грамадска-палітычнага жыцця звяла на іншы шлях.
У 2006 годзе Леанід Судаленка падтрымліваў кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. А тут акурат скончыўся яго працоўны кантракт у “Белтрансгазе”.
“Начальнік выклікаў і сказаў, што прыйшлі на мяне адпаведныя паперы і трэба звальняць. Ён можа не звольніць, але ў выніку і сам страціць працу. У нас з ім былі добрыя адносіны і мы без канфліктаў “разышліся”, — згадваў праваабаронца.
Судаленку запрасілі на працу інспектарам у незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Праваабаронца за кратамі: дармаеды, КПЧ ААН, агуркі і РЭП — знаёмімся з Леанідам Судаленкам у падкасце “Вясна прыйдзе”
Таксама з 2006 года Судаленка пасля прапановы Алеся Бяляцкага пачаў супрацоўнічаць з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. За час сваёй правааабарончай дзейнасці Леанід накіраваў больш за 30 індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН і атрымаў па іх станоўчыя рашэнні.
Нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі амаль не рэагуюць на рашэнні Камітэта, Леанід Судаленка бачыць у гэтым сэнс і плён.
“Рашэнні КПЧ назапашваюцца. І прыйдзе час, калі зменіцца ўлада, гэтыя дакументы падымуць ізноў”, — упэўнены гомельскі праваабаронца.
За сваю дэманстратыўную прынцыповасць Леанід Судаленка рэгулярна станавіўся аб’ектам нападак: яму прыходзілі пагрозы на электронную пошту, былі спробы абвінаваціць яго ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў, не раз на офісе і дома ў праваабаронцы праводзілі вобшукі. А пасля падзей 2020 года яго затрымалі па крымінальным абвінавачванні.
Леанід Судаленка быў удастоены ў 2019 годзе прэстыжнай французскай прэміі «Свабода-Роўнасць-Братэрства» і ўзнагароджаны беларускай Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Праваабаронца года».
Леанід Судаленка: Для мяне і маіх калег, абарона правоў чалавека стала насычаным сэнсам нашага жыцця
А у 2021 годзе праваабаронца быў адзначаны прэміяй “За абарону правоў чалавека-2021” Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (ССВЕ) разам з Ліліяй Уласавай, Максімам Знакам і Дзмітрыем Лаеўскім.
Важнае месца для Леаніда займае ягоная сям'я: у праваабаронцы чацвёра сыноў. З цікаўнасцяў у Леаніда - ровар, рыбалка і шахматы.
Усе навіны пра Леаніда Судаленку
Падтрымаць нашага калегу Леаніда лістамі салідарнасці: Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |