viasna on patreon

Front Line Defenders патрабуе неадкладна спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі і валанцёраў "Вясны”

2021 2021-01-26T08:23:35+0300 2021-01-26T08:23:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/frontlinedefenders_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала беларускія ўлады спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі і валанцёраў "Вясны" і адпусціць іх з-пад варты.

18 студзеня 2021 года праваабаронца Леанід Судаленка быў затрыманы ў Гомелі ў рамках расследавання паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі аб "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх". У той жа дзень была затрыманая Марыя Тарасенка, калега Леаніда Судаленкі. Марыя Тарасенка правяла тры дні ў ІЧУ, пасля чаго яе адпусцілі 21 студзеня.

Леанід Судаленка - вядомы праваабаронца, юрыст, кіраўнік Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна" (ПЦ "Вясна"). Ён таксама з'яўляецца актыўным змагаром за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Леанід Судаленка - лаўрэат прэміі Французскай Рэспублікі ў галіне правоў чалавека "Свабода, роўнасць, братэрства» 2018 года. Марыя Тарасенка - праваабаронца, валанцёрка Гомельскага аддзялення ПЦ "Вясна". Яна актыўна выступала супраць непапулярнага прэзідэнцкага Дэкрэта аб "дармаедстве". Гомельскае аддзяленне ПЦ "Вясна" аказвае юрыдычную падтрымку ахвярам парушэнняў правоў чалавека і дапамагае ім рыхтаваць індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.

18 студзеня 2021 года Леанід Судаленка быў затрыманы раніцай па дарозе ў офіс у рамках расследавання па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае "групавыя дзеянні, якія сур'ёзна парушаюць грамадскі парадак". Адразу пасля затрымання праваабаронцу даставілі ў гарадское ўпраўленне Следчага камітэта на допыт. Сустрэча з адвакатам яму была дазволена толькі вечарам у 17:30. Падчас допыту Леаніду Судаленку стала кепска і яму выклікалі хуткую дапамогу. Увечары таго ж дня ў Гомелі затрымалі праваабаронцу Марыю Тарасенку. У яе доме быў праведзены ператрус. 21 студзеня, пасля трох дзён утрымання ў Гомельскім ІЧУ, Марыю Тарасенку адпусцілі. Леанід Судаленка ў цяперашні час утрымліваецца ў гомельскім СІЗА.

5 студзеня 2021 года супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус у "Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры", дзе знаходзіцца офіс Гомельскага аддзялення ПЦ "Вясна", у рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, якога абвінавачваюць у "пагрозах пракурору" па артыкуле 366 Крымінальнага кодэкса. Ператрус доўжыўся амаль 10 гадзін, у выніку былі канфіскаваныя: аргтэхніка, банкаўскія карты і больш за 200 файлаў са справамі рэпрэсаваных удзельнікаў мірных пратэстаў 2020 года. Леанід Судаленка знаходзіўся ў офісе падчас ператрусу, пасля чаго праваабаронцу даставілі ў мясцовае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Пазней ён быў вызвалены. У той жа дзень супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус у доме Леаніда Судаленкі і канфіскавалі ягоны асабісты ноўтбук.

21 студзеня яшчэ адну мясцовую актывістку з Рэчыцы Гомельскай вобласці Таццяну Ласіцу затрымалі ў аэрапорце Менска і даставілі ў ІЧУ Гомеля. Таццяна Ласіца - актывістка кампаніі " Гавары праўду!", супрацоўнічае з Гомельскім аддзяленнем ПЦ "Вясна". У яе доме таксама прайшоў ператрус у рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да актывіста Уладзіміра Няпомняшчых.

Сябры ПЦ "Вясна" падвяргаюцца ціску з пачатку мая 2020 года. Многія прадстаўнікі мясцовых аддзяленняў ПЦ "Вясна" падвяргаюцца адвольным затрыманням, судовым пераследам або адміністрацыйным арыштам. Пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, у Беларусі значна павялічылася колькасць рэпрэсій і судовых пераследаў у дачыненні да праваабаронцаў і журналістаў з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў. 12 студзеня 2021 года праваабаронцу Андрэя Аляксандрава затрымалі і пазней арыштавалі паводле падазрэння ў "навучанні і іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а роўна фінансаванні і іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці» паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

Арганізацыя Front Line Defenders глыбока занепакоеная затрыманнем праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі. Front Line Defenders лічыць, што пераследы Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі выкліканыя выключна іх працай па абароне і прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі.

Арганізацыя Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі:

  1. Прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння неадкладнага і безумоўнага вызвалення Леаніда Судаленкі, гарантаваць фізічную і псіхалагічную бяспеку і недатыкальнасць Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі;
  2. Неадкладна спыніць крымінальны пераслед Леаніда Судаленкі, паколькі яно выклікана выключна яго законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю;
  3. Спыніць практыку судовага пераследу праваабаронцаў, якія аказваюць дапамогу затрыманым мірным дэманстрантам;
  4. Гарантаваць, што ўсе праваабаронцы ў Беларусі маюць магчымасць ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства