Хроніка палітычнага пераследу 3-4 студзеня Дапоўнена
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца і ў новым 2022 годзе. 3 і 4 студзеня па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Айцішнік не выйшаў пасля "сутак" і стаў фігурантам крымінальнай справы
Вядучы бізнэс-аналітык EPAM Дзяніс Насура не выйшаў на волю з ЦІПа на Акрэсціна пасля 13-сутачнага арышту за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Ён стаў фігурантам крымінальнай справы аб дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 КК). На "пакаяльным відэа", якое з’явілася ў праўладных тг-каналах, айцішнік распавядае, што ён шматдзетны бацька. Доказы "злачынства", якое "здзейсніў" Насура — два смартфоны, налепкі з гербам "Пагоня" і БЧБ-сцяжок.
31 снежня айцішніка змясцілі пад варту ў СІЗА-1 на Валадарскага.
2 студзеня ў Мінску затрыманая 28-гадовая Лідзія Новік. Ёй інкрымінуецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
Тэлеграм-каналы «КГБ С НАРОДОМ» і «Армия с Народом» прызнаныя экстрэмісцкімі
Таксама экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаная і інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-чата «Армия с Народом». Такое рашэнне прыняў Кастрычніцкі суд Віцебска 27 снежня.
Інфармацыйную прадукцыю сайта Znadniemna.pl, партала незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі
Сайт унеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, апублікаваны на сайце Мінінфармацыі. Старшыня незарэгістраванага ў Беларусі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс і сябра арганізацыі, журналіст Анджэй Пачобут з сакавіка мінулага году знаходзяцца за кратамі ў «польскай справе».
Брэсцкі інфармацыйны сайт «Першы Рэгіён» прызнаны экстрэмісцкім
Такое рашэнне прыняў суд Ганцавіцкага раёна 27 снежня. 31 снежня сайт быў заблакаваны. Сёння пракуратура растлумачыла, чаму быў абмежаваны доступ да сайта «Першы Рэгіён»:
"У працы сайта “Першы Рэгіён” знойдзеныя шматлікія парушэнні Закона РБ “Аб сродках масавай інфармацыі”.
Але пра тое, што сайт прызнаны экстрэмісцкім, пракуратура змаўчала.
У Рэчыцы затрымліваюць сяброў Дзмітрыя Усхопава
Праваабаронцам вядома пра чацвярых затрыманых у Рэчыцы блізкіх сяброў Дзмітрыя Усхопава. Сёння ў Рэчыцы мае адбыцца пахаванне Дзмітрыя Усхопава, які загінуў пасля таго, як быў затрыманы міліцыяй у навагоднюю ноч. На дадзены момант пацверджана інфармацыя пра затрыманне самых блізкіх сяброў Дзмітрыя, якія меліся прыйсці на пахаванне. Гэта Аляксей і Ганна Давыдковы, Аляксандр Снабкоў ды Ілля Бракарэнка.
Іх чакалі на пахаванні, у тым ліку для дапамогі. Але яны зраніцы не выйшлі на сувязь. Пазней іхнія родзічы паведамілі, што іх затрымалі. Таксама цяпер адсутнічае сувязь яшчэ з некалькімі блізкімі сябрамі з кола зносінаў Дзмітрыя Усхопава. Але іх затрыманне пакуль няма каму пацвердзіць ці абвергнуць. Інфармацыя пра іхні лёс высвятляецца. Паводле непацверджанай інфармацыі "Нашай нівы", справа можа быць звязаная з наркатычным артыкулам 328 КК.
Лідар АГП Мікалай Казлоў адбывае свой трохмесячны арышт у Баранавічах
Праваабаронцам стала вядома, што старшыня АГП Мікалай Казлоў, асуджаны за разгалошванне дадзеных следства, знаходзіцца ў Баранавічах.
Нагадаем, у жніўні Мікалая прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса за разгалошванне дадзеных па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады, але канкрэтныя эпізоды абвінавачвання невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Раней Казлоў некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб неразгалошванні пасля допытаў у СК па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады. За гэта яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.
Падтрымайце Мікалая: 225320, СІЗА-6, Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258В, Казлову Мікалаю Георгіевічу
Палітзняволенаму філосафу Уладзіміру Мацкевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на месяц
Нагадаем, Уладзімір быў затрыманы 4 жніўня 2021 года пасля вобшуку ў доме ў межах крымінальнай справы. Яму выставілі абвінавачванне ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК).
Спыніла сваю дзейнасць культурніцкая прастора «Арт Сядзіба»
«Па прычыне таго, што мы знаходзімся ў стадыі ліквідацыі, а яшчэ неўзабаве прымуць закон аб адказнасці за дзейнасць арганізацый, якія ліквідаваныя, мы прынялі рашэнне не працягваць дзейнасць», — паведамляецца на Facebook-старонцы арганізацыі.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.