Звальненні за "палітыку" закранаюць найперш спецыялістаў з акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй
У Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя звальненні пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. “Чыстка кадраў” закранае самыя розныя сферы эканомікі і грамадства, аднак найбольш балюча яна адбываецца там, дзе працуюць адукаваныя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы, тыя, хто мае сваё меркаванне і ярка выражаную грамадзянскую пазіцыю. Прыводзім некалькі характэрных і тыповых выпадкаў, якія закранаюць працаўнікоў сферы адукацыі і культуры.
“Напачатку просяць звольніцца па ўласным жаданні”
У БНТУ масава "просяць звольніцца" выкладчыкаў, якія заступіліся за адлічаных студэнтаў або выступілі супраць гвалту.
2020 год змог аб'яднаць сумленных выкладчыкаў. Калі студэнтаў масавага арыштоўвалі або адлічвалі, яны запісвалі відэазварот з патрабаваннем спыніць гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і падпісвалі петыцыі з просьбай аднавіць незаконна адлічаных студэнтаў. За гэта выкладчыкаў пазбаўлялі прэмій, рабілі ім вымовы, некаторых удалося звольніць па артыкуле, іншыя не вытрымалі ціску і сышлі самі. З астатнімі працягваюць “разбірацца”.
Вядома, што ў аддзеле кадраў ўжо ёсць «спіс няўгодных выкладчыкаў», якія павінны пакінуць БНТУ да 1 студзеня. Для пачатку ім прапануюць звольніцца па ўласным жаданні, пішуць ў чаце БНТУ.
Праваабаронцам таксама паведамляюць, што “палітычныя” звальненні закранулі і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут толькі ў снежні прымусілі звольніцца дацэнтаў Уладзіміра Лобача, Віктара Якубава і Ігара Бортніка. Вядома, што першы з іх быў звязаны з стачкамам, другі - сядзеў “на сутках”, а трэці таксама патрапіў ў нейкія спісы.
"Калі вы не напішаце па ўласным жаданні, звольняць нас"
У пачатку снежня дырэктар Пружанскай музычнай школы Вераніка Крылова і начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш змушалі напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні прыбіральшчыцу Людмілу Царану, а калі пагрозы не дапамаглі, сталі прымушаць не выходзіць на працу, каб звольніць яе за прагул, паведамляецца ў незалежных СМІ.
Напачатку траўня 2021 года за рэпост звестак аб участковым інспектары Людміла Царану была асуджаная на 1,5 гады «хатняй хіміі». Звальненне з працы можа значыць замену пакарання на больш строгае.
Сярод аргументаў быў і такі: "Калі вы не напішаце па ўласным жаданні, звольняць нас".
Людміла Царану працуе прыбіральшчыцай у музычнай школе, мае кантракт на два гады - да пенсіі. "Хатняя хімія" - абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, пры якой асуджаным даюць жыць дома, але абавязваюць працаваць і быць пад кантролем міліцыі.
Царану па-ранейшаму патрабуе, каб яе ці не звальнялі, або звальнялі па нейкай законнай прычыне. Жанчына адчувае ціск з усіх бакоў, па-ранейшаму штотыдзень павінна даваць справаздачы міліцыі аб працы на «хатняй хіміі».
Дарэчы, незаконнае звальненне з працы, згодна з арт. 199 КК РБ, караецца пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў. 64 КК РБ, палітычныя матывы злачынства з'яўляюцца абцяжарвальнымі абставінамі.
“Недапушчальна, каб амаральны чалавек вучыў нашых дзяцей”
Прыводзім гісторыю звальнення работніка сістэмы адукацыі адной з вясковых школ Мінскай вобласці, які звярнуўся да праваабаронцаў.
Настаўніка-філолага Сцяпана ў кастрычніку запрасіла да сябе ў кабінет дырэктар школы, дзе проста прапанавала звольніцца “па ўласным жаданні”.
На пытанне “чаму?”, яна патлумачыла, што званілі бацькі дзяцей, і казалі аб тым, што “недапушчальна, каб амаральны чалавек вучыў нашых дзяцей”.
“Амаральнасць” Сцяпана відаць, заключалася толькі ў тым, што ў лістападзе 2020 года ён быў затрыманы як удзельнік акцыі пратэсту і аштрафаваны.
Сцяпан, які дагэтуль па працы не меў аніякіх заўваг і спагнанняў, не пагадзіўся з такой прапановай і нейкі час працягваў працаваць далей. А ўжо напачатку снежня адміністрацыя школы правяла некалькі праверак працы ўпартага педагога: афармленне дакументацыі, якасць праверкі вучнёўскіх сшыткаў, працоўны рэжым.
На гэты раз прапанавалі падпісаць загад на звальненне па артыкуле 42 Працоўнага кодэкса РБ “неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе” .
Сцяпан адмовіўся падпісваць загад, запатрабаваў прадставіць яму копіі дакументаў і вынікаў праверак ягонай працы.
Урэшце быў знойдзены кампраміс і Сцяпан вымушаны быў сысці з школы “па ўласным жаданні”.
“Праца мяне цалкам задавальняла, школа і калектыў падабаліся. Апроч таго было зручна дабірацца з раённага цэнтру. Цяпер вось спрабую знайсці хоць нешта, каб зарабляць на жыццё, паколькі ня ўпэўнены, што ў мяне будзе шанец ізноў вярнуцца ў школу”, - распавядае Сцяпан.
Настаўнік адной са школ Маладзечанскага раёна Аляксандр некалькі дзён таму паведаміў у сацыяльных сетках пра сваё звальненне:
"Амаль 16 гадоў аддаў школе. Хапала ўсялякага. Але добрага было больш, чым дрэннага. Усё толькі пачынаецца..."
Палітычныя звальненні: ці можна супрацьстаяць націску ідэалагічнай машыны
Ці можна атрымаць дапамогу ў такой сітуацыі?
Калі вы сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй і вам настойліва прапануюць пагадзіцца на звальненне “па пагадненні бакоў“, альбо пагражаюць больш жорсткімі захадамі ў выпадку адмовы пайсці на такія крокі – звяртайцеся па кансультацыю у адзін з незалежных прафсаюзаў. Таксама вы можаце напісаць праваабаронцам і распавесці пра асаблівасці вашага звальнення.
Кансультацыі
Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў
Варта дадаць, што "Рабочы Рух", Фонд медыцынскай салідарнасці, Беларуская рада культуры і сумленныя людзі збіраюць інфармацыю аб працаўніках, якія былі звольненыя альбо на іх аказваўся ціск па палітычных матывах.
Сабраныя дадзеныя адпраўляюцца ў міжнародныя арганізацыі, у ліку якіх Камітэт па правах чалавека ў ААН, Міжнародная арганізацыя працы і Хельсінкскі Камітэт.
Праваабаронцы працягваюць маніторыць сітуацыю са звальненнямі па палітычных перакананнях.