viasna on patreon

Палітычныя звальненні: ці можна супрацьстаяць націску ідэалагічнай машыны

2021 2021-12-16T21:16:31+0300 2021-12-17T11:24:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/praca-zvalnenni-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Gerd Altmann from Pixabay/CC0

Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Gerd Altmann from Pixabay/CC0

Палітычна матываваныя звальненні ў Беларусі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і масавых акцый пратэсту сталі адным са складнікаў татальнага пераследу грамадзян за іх актыўную пазіцыю і падрыхтоўкай да рэферэндума па зменах у Канстытуцыю краіны.

У 2021 годзе “чыстка” працоўных кадраў набыла небывалы дагэтуль маштаб. Прычын непрацягнення працоўнага кантракту наймальнікам некалькі:

  • факт наяўнасці пераследу па палітычна матываваным адміністрацыйным артыкуле  24.23 КаАП;
  • асуджэнне па крымінальным артыкуле, звязаным з незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэснымі акцыямі, замахам на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку, наўмысным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, экстрэмізмам і тэрарызмам у сённяшнім разуменні гэтых дзеянняў дзяржавай, гвалтам і пагрозамі ў дачыненні да службовых асоб і членаў іх сем'яў, паклёпам і абразамі прадстаўнікоў улады;
  • наяўнасць подпісу і асабістых дадзеных грамадзяніна ў спісах за падтрымку некаторых альтэрнатыўных кандыдатаў ў прэзідэнты пад час прэзідэнцкай кампаніі 2020 года;
  • удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі;
  • актыўнасць у сацыяльных сетках, чатах, наяўнасць непажаданых каментароў, фотаздымкаў з акцый пратэсту.

І гэта далёка не поўны пералік прычын для звальнення беларусаў.

Па шматлікіх публікацыях у СМІ можна зрабіць выснову, што  інфармацыю пра “ненадзейных” грамадзян рыхтуюць “ідэалагічныя службы дзяржпрадпрыемстваў”, альбо “прыйшлі спісы з КДБ”, “вусны загад кіраўніцтва”, “патэлефанавалі зверху”…

Збіраюць характарыстыкі на падазроных у нелаяльнасці да дзейснага рэжыму.

Варыянтаў для манёўру у працаўніка практычна няма:  альбо скасаванне кантракту „па згодзе бакоў“ ці яго непрацягненне, альбо звальненне па аднаму з артыкулаў Працоўнага кодэксу, звычайна за “неналежнае выкананне працоўных абавязкаў”. Урэшце рэшт, справу ўпартага супрацоўніка, які не хоча добраахвотна звальняцца, могуць перадаць у адпаведныя органы, ці прадставіць на чалавека “воўчую” характарыстыку.

"Мы не можам дапусціць на прадпрыемствы людзей, якія не паважаюць нашага прэзідэнта і існуючую сімволіку”

У артыкуле 41 Канстытуцыі Беларусі права на працу падаецца як “найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай”.

“…Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па незалежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбаў…

…Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб'яднанне ў прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дамоў ці пагадненняў i права на забастоўку”.

Грош цана такому Асноўнаму закону краіны, калі галоўны ідэолаг Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава адкрыта заяўляе: "Мы не можам дапусціць на нашы прадпрыемствы людзей, якія не паважаюць нашага прэзідэнта і існуючую сімволіку».

У Працоўным кодэксе РБ (арт. 25) прапісаныя вычарпальныя падставы спынення працоўнай дамовы, якія не ўтрымліваюць ніякіх патрабаванняў да грамадзянскай пазіцыі працаўніка.

У Кодэксе ёсць яшчэ і артыкул 44 пра спыненне працоўнай дамовы па абставінах, якія не залежаць ад волі бакоў. Там таксама не знойдзецца абставін, па якіх можна ўзяць і звольніць работніка з-за нейкіх “спісаў”, ці загаду зверху.

“Мяне звальнялі двойчы і ў далейшым наўрад ці змагу працаваць у Беларусі”

Жыхарка Мінска Кацярына М., у былым работніца аб’яднання “МАЗ”, падзялілася з праваабаронцамі сваёй сумнай гісторыяй, якая шмат у чым тыповая для многіх звольненых за перакананні беларусаў.

"У траўні 2020 я далучылася да выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі, актыўна агітавала за яго на працы за збор подпісаў, паколькі мела аўтарытэт сярод калег і кіраўніцтва. 23 ліпеня ў кабінеце свайго непасрэднага кіраўніка абмяркоўвалі рэструктурызацыю кіравання маркетынгам. Нечакана абмеркаванне перапынілася званком генеральнага дырэктара. Мяне папрасілі зайсці пазней.

А праз гадзіну паклікалі і сказалі, што прыйдзецца развітацца, нібыта я член старой каманды, а зараз прыйшла новая і фарміруе штат пад сябе. Гэта было як мінімум хлуснёй, таму што каманда змянілася год таму. Хацелі б мяняць каманду, мянялі б даўно. Папрасілі напісаць заяву. Я сказала, што пісаць не буду. Далі час падумаць да заўтра. На наступны дзень зноў прапанавалі, а пасля адмовы сказалі, што ў такім выпадку будзе загад аб рэструктурызацыі і маю пасаду скароцяць. Трэба адзначыць, што ўсе кіраўнікі вышэйшага звяна сталі мяне цурацца. І цалкам працу пераключылі з мяне на майго намесніка. Мяне фактычна адхілілі ад працы. Праз дзень з’явіўся загад на скарачэнне пасады начальніка ўпраўлення. Пасля азнаямлення мне прапанавалі не чакаць два месяцы, а сыходзіць раней. 10 жніўня я напісала заяву аб звальненні па скарачэнні штатаў."

Доўгі час Кацярына шукала новую працу, пакуль у студзені 2021 года ўладкавалася на завод “Оптрон”. Пры прыёме на працу добрасумленна папярэдзіла дырэктара, за што была звольненая з МАЗа. Ён паставіўся да гэтага факту лаяльна.

“ Ну а ў верасні прыйшлі з КДБ. Дырэктару далі зразумець, што мяне трэба звольніць па артыкуле, таму што цяпер у мяне будзе адміністрацыйны арышт. Пасля 12 сутак арышту мяне звольнілі па пагадненні бакоў, што вельмі не спадабалася супрацоўнікам КДБ. Яны прыходзілі браць копію загаду аб маім звальненні па пагадненні бакоў.

Калі ехалі ў машыне з камітэтчыкі, між іншым спыталі, як я трапіла на гэтае месца? Хто дапамог? Спыталі, ці разумею я за што была звольненая з МАЗа? І наўрад ці я змагу ў далейшым працаваць у Беларусі”.

Кацярына ўдакладняе, што за абодвух загадах на звальненне прысутнічаў подпіс кіраўнікоў прафсаюзнай арганізацыі. І гэта прыкра.

“Не згаджацца на звальненне па пагадненні бакоў”

Літаральна ўчора Прэзідыум Саюза прафсаюзаў беларускіх выступіў з заявай з нагоды прымусу да звальненняў.

Прафсаюз рэкамендуе не згаджацца на звальненне па пагадненні бакоў:

"Звальненне работнікаў і прымус да звальнення стала масавай з'явай. У першую чаргу пад гэты прэс трапляюць людзі, якія праявілі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў. Таксама для прымусу да звальнення наймальнікі выкарыстоўваюць незаконна атрыманыя спісы членаў Свабоднага прафсаюза альбо проста работнікаў якія заявілі пра сваё жаданне ўступіць у наш прафсаюз.

Мы не можам расцэньваць інакш гэта як дыскрымінацыю.

Для тых, хто ініцыюе падобныя звальнення нагадваем, што ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь дыскрымінацыя, гэта значыць абмежаванне ў працоўных правах або атрыманне якіх-небудзь пераваг у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання, мовы, рэлігійных або палітычных перакананняў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадскіх аб'яднаннях, маёмаснага або службовага становішча, узросту, месца жыхарства, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, іншых абставінаў, не звязаных з дзелавымі якасцямі і не абумоўленых спецыфікай працоўнай функцыі работніка, забараняецца.

Работнік, які падвергся дыскрымінацыі, падлягае аднаўленню з выплатай сярэдняга заробку за вымушаны прагул.

… Рэкамендуем работнікам не згаджацца на звальненне па пагадненні бакоў, а, у выпадку звальнення па прамых альбо ўскосных дыскрымінацыйных падставах, звяртацца ў суд для таго, каб зафіксаваць факт дыскрымінацыі. Свабодны прафсаюз гарантуе сваім сябрам юрыдычную і матэрыяльную падтрымку ў выпадку незаконнага звальнення."

Публікацыі ў СМІ – толькі «бачная вяршыня айсберга»

Наколькі глыбока “пошук і выкарчоўванне “неверагодных” закрануў грамадства – можна пераканацца, глянуўшы на кароткія паведамленні з самых розных рэгіёнаў Беларусі.

  • Пра спісы на звальненне медработнікаў рэгулярна паведамляе канал "Белыя халаты". Нядаўна стала вядома, што адміністрацыя Мазырскай цэнтральнай раённай бальніцы з пачатку года звальняе 23 супрацоўнікаў. Таксама паведамляецца, што звальненні праводзяць не па ініцыятыве кіраўніцтва бальніцы - спісы на звальненне спускаюць зверху.
  • Таксама «Нашай Ніве» паведамілі пра кропкавыя палітычна матываваныя звальненні ў сталічных дзіцячых садах Упраўлення адукацыі Савецкага раёна Мінска, на прадпрыемстве «Белэнергасецьпраект», «Мінскводаканал», у Камянецкім райвыканкаме і Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, Нацыянальным інстытуце адукацыі, Цэнтры дадатковай адукацыі ў Белаазёрску, у некаторых бальніцах.
  • З устаноў Міністэрства культуры звольнена альбо на этапе звальнення больш за  50 работнікаў рознага рангу, на старонках якіх у сацсетках  знайшлі нейкую «крамолу». 
  • Пра падобныя спісы паведамляюць і работнікі прадпрыемства "Беларуснафта". Тут іх больш за 50 чалавек па ўсім вытворчаму аб'яднанню-падраздзяленням У Гомелі, Рэчыцы, Светлагорску. Усіх патрабуюць звольніцца па ўласным жаданні.
  •  “Чысткі «праходзяць у Гомельскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у "Гомельэнерга".
  • На аб’яднанні «Гродна Азот» у спісах на звальненне дзесяткі работнікаў, якія ставілі свой подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2020 года.
  • Толькі ў адным з цахоў вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш” папрасілі напісаць заявы на звальненне па згодзе бакоў 13 чалавек.
  • Са Жлобіна паведамляюць што ў аддзяленні Беларускай чыгункі ўзмацняюцца палітычныя чысткі. Паступіла распараджэнне, што там павінны працаваць толькі правераныя і не важна, якая кваліфікацыя ў чалавека. Прафесіяналізм непатрэбны. Патрэбна пакора, нават у шкоду бяспекі.

Беларусь на парозе  кадравага голаду?

На большасці прадпрыемстваў кіраўніцтва і дзяржаўныя прафсаюзы моўчкі рапартуюць аб тым, што "чыстка" праведзеная. Аднак здараюцца выпадкі, калі кіраўнікі паўстаюць супраць бязглуздага . У такім выпадку – і яны самі становяцца мішэнню для пераследу.

«Працаваць няма каму». На беларускай чыгунцы — новая хваля палітычных звальненняў (дабраліся і да кіраўніцтва)

Днямі вакантнымі зрабіліся топавыя пасады Брэсцкага аддзялення. Па інфармацыі «Нашай Нівы», былыя намеснікі начальніка аддзялення стараліся не чапаць падначаленых, ад чаго самі трапілі ў няміласць.

Пацярпела і кіраўніцтва аддзялення Беларускай чыгункі ў Гродна. Некалькі кіраўнікоў нядаўна былі звольненыя толькі за тое, што адмаўляліся звальняць непажаданых але высокапрафесійных работнікаў, якія патрапілі ў "чорныя" спісы.

«У нас ў Маладзечне адной спецыялістцы ў райвыканкаме прапанавалі звольніцца, паколькі яна падпісалася за Бабарыку. А ёй застаўся год да пенсіі. Яна адмовілася. Сталі насядаць, ёй стала кепска. Хуткая адвезла ў лякарню. У той час, як яна была пад кропельніцай, да яе прыйшла ці то галоўны лекар, ці то загадчык аддзялення і ўсунуў ёй паперу для подпісу са словамі: "Калі не падпішыце, мяне звольняць". Яна падпісала..." - паведамляюць праваабаронцам жыхары Маладзечна.

Пра дэфіцыт кадраў, звязаны з "чысткамі" паведамляюць праваабаронцам са Жлобіна. Аказваецца, тут ужо некалькі дзён таму спыніўся цэх па вырабе падшыпнікаў. Прычына: няма работнікаў.

Трывожная сітуацыя з медыцынскімі кадрамі, якіх не абмінулі карныя захады рэжыму. Напрыклад, у рэспубліканскай дзіцячай лякарні медрэабілітацыі, дзе таксама ідуць "чысткі", ужо не хапае 66 супрацоўнікаў, а ў лякарні хуткай меддапамогі Магілёва – 29.

Усяго на сёння ў Беларусі не хапае больш за 2 тысячы лекараў, столькі ж медсясцёр і крыху менш за 2 тысячы санітараў.

Праваабаронцы працягваюць маніторыць сітуацыю са звальненнямі па палітычных перакананнях.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства