viasna on patreon

"Участковыя худымі бываюць?" Мужчыну асудзілі на 2 гады і 3 месяцы калоніі за абразу міліцыянта

2021 2021-12-08T11:29:00+0300 2021-12-08T12:04:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/selickij_alexander.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Сяліцкі. Фото: spring96.org

Аляксандр Сяліцкі. Фото: spring96.org

У судзе Докшыцкага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Сяліцкага, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых паўнамоцтваў (арт. 369 КК).

Працэс вёў суддзя Вячаслаў Елісеенка, бок джяржабвінавачвання падтрымлівала намесніца пракурора Надзея Міцько. Пацярпелым па справе быў прызнаны ўчастковы інспектар Андрэй Комар.

Паводле абвінавачвання, у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" Аляксандр Сяліцкі пакінуў абразлівы каментар пад публікацыяй Вольгі Карач пра міліцыянта Бабруйскага РАУС Андрэя Комара наступнага зместу:

"Участковыя худымі бываюць? Гатовыя за лішні мех камбікорму несці ўсякую лухту ў судзе, але нічога не бывае вечнага, і мы гэтых ж*палізных бл*дзяў адгонім палкай ад карыта".

Аляксандр Сяліцкі сваю віну не прызнаў, сцвярджаў, што не пакідаў абразлівых каментароў у адрас пацярпелага.

sud_dokshicy1.jpg
Будынак суда Докшыцкага раёна. Здымак: spring96.org

На другое пасяджэнне, якое адбывалася 25 лістапада, у суд з'явіўся сам пацярпелы. Ён прад'явіў абвінавачванаму пазоўныя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды.

Як адзначыў Андрэй Комар, ён негатыўна ўспрыняў каментар:

"Калі прыходзіш на адрас і спрабуеш вырашыць іх праблему, а на цябе глядзяць і кажуць: дык гэта ён?! Вось тут пачынаюцца маральныя перажыванні".

Хоць у 2017-2018 гг. Андрэй Комар прызнаваўся найлепшым участковым інспектарам Магілёўскай вобласці, пасля падзеяў лета 2020 года ў ягоны бок "не было ніводнага станоўчага каментара".

Сведка Вольга Скварцова, якая з'яўляецца стрыечнай сястрой абвінавачанага, патлумачыла суду, што 5 сакавіка прыязджала да Аляксандра, ён быў у нецвярозым стане. У той жа дзень да абвінавачанага ў першы раз прыйшлі супрацоўнікі Упраўлення ўласнай бяспекі па Віцебскай вобласці.

Сведка Аляксей Булатаў, старшы оперупаўнаважаны ўпраўлення па Віцебскай вобласці ГУУБ МУС, суду растлумачыў, што 5 сакавіка выбываў па месцы жыхарства абвінавачанага дзеля выканання даручэння следчага. Суддзя адразу ж задаў ўдакладняльнае пытанне, ці стаў сведка знаёмы з абвінавачаным у выніку адзначаных службовых дзеянняў, ці афармляў штосьці па выніках дадзеных дзеянняў аператыўнік. Аляксей Булатаў на гэтае пытанне адказаў, што разам з іншым супрацоўнікам ГУУБ Шыянавым выбываў па месцы знаходжання абвінавачанага.

Ён распавёў, што ніякіх сумневаў, што Сяліцкі быў цвярозым, у яго не было. Супрацоўнікі праводзілі ў той дзень ягонае апытанне, агляд жылля і запісвалі з абвінавачаным "пакаяльнае" відэа. Суддзя Елісеенка ўдакладніў, у якасці каго Булатаў выконваў службовы абавязак у жылым памяшканні абвінавачанага. Аператыўнік адказаў, што ў якасці органа дазнання.

Суддзя запытаў, ці зрабіліся звесткі, якія сталі вядомыя па справе, вядомыя, паколькі Булатаў з'яўляўся дазнаўцам. Булатаў адказаў сцвярджальна. Пасля гэтага суддзя спытаў, ці вядомыя сведку якія-небудзь іншыя дадзеныя па крымінальнай справе ў сувязі са службовай дзейнасцю. Булатаў адказаў: "Нічога не вядома".

selicki_sud1.jpg
У судзе па справе Аляксандра Сяліцкага. Здымак: spring96.org

На пытанне, чаму аператыўнікі выбывалі дадому да абвінавачанага, Булатаў растлумачыў, што яны выконвалі даручэнне следчага. На пытанне пра тое, у якім працэсуальным стане знаходзіўся Сяліцкі ў той момант, оперупаўнаважаны адказаў, што яго першапачаткова дапытвалі ў якасці сведкі. Затым суддзя ўдакладніў, ці аб'ектыўна на той момант Сяліцкі з'яўляўся сведкай або падазраваным. Аляксей Булатаў растлумачыў, што ён не следчы, адпаведна не мае паўнамоцтваў прызнаць падазраваным.

Суддзя запытаў, навошта Сяліцкага здымалі на відэа і па якіх пытаннях апытвалі. Аляксей Булатаў растлумачыў, што апытваў Сяліцкага пра тое, ці размяшчаў ён абразлівы каментар у дачыненні да пацярпелага. На пытанне суддзі, ці былі ў аператыўніка падставы падазраваць Сяліцкага ў здзяйсненні злачынства, Аляксей Булатаў адказаў: "Вядома! Былі звесткі пра тое, што менавіта з ягонай мабільнай прылады быў размешчаны каментар".  

"А скажыце, тады, чаму вы яго дапытвалі ў якасці сведкі, калі ён фактычна быў падазраваным з пункту гледжання вас як службовыя асобы?" — удакладніў суддзя.

Аляксей Булатаў растлумачыў, што ў даручэнні следчага было пазначана апытаць Сяліцкага ў якасці сведкі.

Елісеенка далей задаў пытанне: "Скажыце, а ці можа дазнаўца, якому стала вядома пра акалічнасці па крымінальнай справе, з'яўляцца сведкам у межах крымінальнай справы? Ці вы кіруецеся ў межах сваёй дзейнасці Крымінальна-працэсуальным кодэксам? Артыкул 60, пункт 5: не падлягаюць допыту ў якасці сведкі пракурор, следчы, асоба, якая робіць дазнанне. Ці вы з'яўляліся асобай, якая робіць дазнанне?"

Сведка: "Канечне!"

Суддзя: "Ці вам вядома, што ёсць Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які рэгламентуе, хто такі сведка, хто такі падазраваны і гэтак далей?"

Сведка: "Канечне!"

Суддзя: "Тады чаму вы дапытаныя ў якасці сведкі пра тое, што вам стала вядома як дазнаўцу, і самі ж кажаце, што ў вас былі фактычна дадзеныя падазраваць яго ў здзяйсненні злачынства? Чаму ён быў дапытаны сведкам і вы яго здымалі на камеру? Чым вы кіраваліся, толькі даручэннем следчага? Чаму вы ў межах КПК дзейнічалі, атрымалі звесткі, і плюс самі дапыталі яго як сведку? Вас дапыталі як сведку, вы яшчэ кажаце, здымалі на відэа, вы можаце растлумачыць, чым вы тады кіраваліся? Ёсць закон, працэсуальна ён адзін, КПК. Чаму вы дапытвалі яго як сведку? Вас следчы дапытвае як сведку ў супярэчнасць арт. 60 КПК, і вы выступаеце як сведка. Чаму вы яго дапыталі як сведку і чаму вы дапытаны як сведка?"

Сведка: "Былі падставы, з ягонай прылады быў зроблены запіс, можа ён прыладу камусьці перадаў. Трэба было першапачатковыя звесткі ад яго атрымаць. Таму апытвалі яго ў якасці сведкі".

Суддзя: "Ці высветлілі, ці перадаваў Сяліцкі ў карыстанне каму-небудзь свой мабільны тэлефон? Калі ён з'яўляецца абвінавачваным, ці мае ён права казаць усё, што заўгодна, або наогул не сведчыць супраць самога сябе?"

Сведка: "Мае".

Суддзя: "Хто павінен даказаць віну асобы?"

Сведка: "Следчы".

Суддзя: "Бок абвінавачвання. Як з пункту гледжання сведкі вы спрабавалі даказаць, перадаваў ён ці не перадаваў? Ён можа казаць усё што заўгодна, калі ён падазраваны".

Сведка: "Папярэджваўся аб адказнасці паводле артыкулаў 401 і 402 КК".

Суддзя: "У гэтым і пытанне палягае: ён павінен быў казаць толькі праўду, а цяпер атрымліваецца, ён абвінавачваны. І вы давалі паказанні сведкам, калі ён ужо быў падазраваным, абвінавачаным. Чым вы кіраваліся як службовая асоба ў сваёй службовай дзейнасці? Вы самі прыйшлі і заблыталі гэту сітуацыю: чаму ён быў дапытаны сведкам, а цяпер абвінавачаны? Самі кажаце, што ў вас былі дадзеныя, што ён фактычна падазраваны ў здзяйсненні злачынства. Вы паклалі ў аснову тое, што ён быў дапытаны сведкам, і вы яго знялі. Як вы правяралі, што ён цвярозы, п'яны, у наркатычным стане?"

Сведка: "Не правяралі".

Падчас спрэчак дзяржаўная абвінаваўца папрасіла суд прызнаць змякчальнай акалічнасцю наяўнасць на ўтрыманні ў абвінавачанага малалетняга дзіцяці, у якасці абцяжарвальнага – здзяйсненне злачынства асобай, якая раней здзейсніла злачынства, за якое не мінулі тэрміны даўнасці, і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады. З улікам неадбытай часткі пакарання паводле прысуду ад 25 лістапада 2019 года шляхам частковага складання канчаткова прызначыць Сяліцкаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады і шэсць месяцаў, пазбавіць права ажыццяўляць паляванне тэрмінам на 3 месяцы, узяць пад варту ў зале суда з 25 лістапада, ужыць спецыяльную канфіскацыю мабільнага тэлефона як сродка здзяйснення злачынства, а таксама спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў на карысць пацярпелага.

Адвакатка абвінавачанага папрасіла апраўдаць абвінавачанага, прызнаць недапушчальнымі доказы, атрыманыя аператыўнікамі ГУУБ.

Прысуд быў абвешчаны 7 снежня. Вячаслаў Елісеенко прызнаў Аляксандра Сяліцкага вінаватым і асудзіў яго да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады і тры месяцы з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Мужчыну ўзялі пад варту ў зале суда адразу пасля абвяшчэння прысуду. Таксама ён павінен будзе выплаціць пацярпеламу 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства