Асудзілі перад студэнтамі ва ўніверсітэце. У Гомелі трыма гадамі «хіміі» пакаралі мужчыну за абразу ўчастковага
Сёння суд Савецкага раёна Гомеля разгледзеў справу 47-гадовага дальнабойніка Андрэя Дзямідава паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Аднак сам суд праходзіў у будынку Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" і заняў усяго пару гадзін. Суддзя Аляксандр Мохараў пры дзяржабвінаваўцы Марыі Пушкар асудзіў гамяльчаніна перад студэнтамі да трох гадоў "хіміі" за абразу ў "Аднакласніках" гродзенскага ўчастковага Уладзіміра Казлоўскага – таго самага міліцыянта, які ўпаў на зямлю падчас патасоўкі 29 траўня мінулага года на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Паводле версіі абвінавачвання, Андрэй Дзямідаў 30 траўня мінулага года, "дзейнічаючы з намерам і агульнымі мэтамі распальвання палітычнай варожасці, здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю палітычнага становішча ў краіне, а таксама на публічную абразу прадстаўніка органаў улады пры выкананні ім службовых абавязкаў". Так, у "Аднакласніках" пад публікацыяй з фота і асабістымі звесткамі старэйшага ўчастковага інспектара з Гродна Уладзіміра Казлоўскага (цяпер ён — начальнік штаба УУС Ленінскага раёна Гродна), Дзямідаў пакінуў каментар, "які змяшчае абразлівую нецэнзурную лексіку моўнага выказвання ў непрыстойнай форме выкарыстання". Каментар датычыўся затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага ў Гродне, а Казлоўскі — той самы супрацоўнік органаў, які паваліўся на зямлю. Нагадаем, на адным з працэсаў за ягоную абразу Казлоўскі заявіў, што ў дзень інцыдэнту на выбарчага пікету яму прыйшло больш за тысячу абразаў.
"На працягу гадзіны прыйшло больш за тысячу абразаў". Мінчука асудзілі за знявагу міліцыянта, які на пікеце 29 траўня ў Гродне апынуўся на зямлі
На судзе мужчына прызнаў віну цалкам і раскаяўся. Крымінальную справу супраць гамяльчаніна завялі летам 2021 года і выбралі ў якасці меры стрымання падпіску аб нявыездзе, нягледзячы на тое, што мужчына працуе кіроўцам-міжнароднікам на ўласнай фуры. На працэсе Дзямідаў распавёў, што каментар размясціў на эмоцыях, бо быў абураны дзеяннямі міліцыянтаў пры затрыманні 29 траўня мінулага года блогера Сяргея Ціханоўскага. Ад далейшых паказанняў на судзе мужчына адмовіўся. Дзямідаў абараняў на судзе сябе самастойна, адваката ў яго не было.
Пацярпелы Казлоўскі ў суд не з'явіўся па прычыне "моцнай службовай занятасці", але пазоў аб спагнанні маральнай шкоды на 1500 рублёў ён заявіў.
Пракурорка Пушкар запрасіла ў якасці пакарання для кіроўцы-міжнародніка тры гады "хіміі". Праз паўгадзіны суддзя Мохараў прызначыў менавіта такое пакаранне і пастанавіў выплаціць пацярпеламу міліцыянту заяўлены пазоў у поўным аб'ёме.