Amnesty International: Марфе Рабковай пагражае да 20 гадоў турмы па надуманых абвінавачваннях
Amnesty International выступіла з заявай, у якой асуджае прад'яўленне новых абвінавачванняў палітзняволенай праваабаронцы Марфе Рабковай.
Марфе Рабковай, праваабаронцы і каардынатарцы валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна", выстаўленыя новыя абвінавачванні паводле 11 складаў, якія звязаныя са стварэннем "пагрозаў нацыянальнай бяспецы", што можа прывесці да ейнага турэмнага зняволення на тэрмін да 20 гадоў.
"Справа Марфы Рабковай відавочна паказвае жахі, з якімі ў наш час сутыкаюцца праваабаронцы і наогул грамадзянская супольнасць Беларусі. За апошнія паўтара года ўрад Аляксандра Лукашэнкі фактычна паставіў па-за законам усю праваабарончую супольнасць краіны, зняволіўшы ў турму паводле надуманых абвінавачванняў дзясяткі праваабаронцаў і закрыўшы велізарную колькасць арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама адвольна затрымаўшы сотні мірных дэманстрантаў", — заявіла Мары Стразерс, дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
Яна таксама дадала і заклікала:
"Марфе Рабковай пагражае да 20 гадоў турмы паводле відавочна неабгрунтаваных і палітычна матываваных абвінавачванняў, хоць яна толькі змагалася за выкананне правоў чалавека ў сваёй краіне. Сакрэтнасць, якая атачае ейны судовы пераслед, азначае, што мы, магчыма, ніколі не даведаемся падрабязнасцяў таго, у чым жа яе афіцыйна абвінавачваюць".
"Беларускія ўлады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць не толькі Марфу Рабкову, але і ўсіх затрыманых ейных калегаў з "Вясны", а таксама іншых актывістаў, якіх працягваюць адвольна затрымліваць па ўсёй краіне. Неабходна спыніць бязлітасны пераслед арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі".
Згодна з лістом, які Марфа Рабкова адправіла сваёй сям'і з СІЗА, беларускія ўлады, сярод іншага, абвінавацілі яе ў кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй, распальванні сацыяльнай варожасці, наўмысным знішчэнні маёмасці і закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы.
Нагадаем, Марфа Рабкова была затрыманая разам са сваім мужам Вадзімам Жаромскім 17 верасня 2020 года. З моманту арышту яна знаходзіцца ў следчым ізалятары.
Шэсць іншых супрацоўнікаў "Вясны" таксама былі арыштаваныя паводле расплывіста сфармуляваных абвінавачванняў, двое з іх былі асуджаныя да турэмнага зняволення па выніках закрытых судовых працэсаў.
"Вясна", заснаваная ў 1996 годзе, з'яўляецца вядучай праваабарончай арганізацыяй у Беларусі і працягвае дакументаваць парушэнні правоў чалавека пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў жніўні 2020 года. У 2003 годзе ўлады пазбавілі арганізацыю рэгістрацыі, пасля чаго яна ўсё адно працягнула сваю дзейнасць.