viasna on patreon

Палітвязня Андрэя Баранава асудзілі да двух гадоў "хіміі"

2021 2021-11-29T16:33:25+0300 2021-11-30T18:15:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranau_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў палітвязня Андрэя Баранава вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Яго вызвалілі ў зале суда.

Справу разгледзела суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Бок дзяржабвінавачання падтрымала пракурорка Ганна Кароль

У чым прызналі вінаватым?

Андрэя Баранава прызналі вінаватым у тым, што 6 верасня 2020 года ён прыняў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў цэнтры Гродна. Згодна з абвінавачаннем, мерапрыемства груба парушала грамадскі парадак і было спалучанае з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады. Абвінавачанне было ўпэўненае, што Андрэй Баранаў адмаўляўся выконваць патрабавання супрацоўнікаў АУС, сваімі актыўнымі дзеяннямі выклікаў рашучасць удзелу іншых грамадзян у групавых дзеяннях, якія парушалі грамадскі парадак і пацягнулі за сабой блакіроўку дарог і парушэнне работы транспарту.

Праз несанкцыянаванае мерапрыемства ім была прычыненая шкода транспартным арганізацыям Гродна на суму 71,69 рублёў.

Што казаў палітвязень?

Андрэй Баранаў прызнаў віну часткова: ён пацвердзіў факт прысутнасці на мерапрыемстве, але адмаўляў усе астатнія абвінавачанні. Ён распавёў, што сапраўды знаходзіўся на Савецкай плошчы ў Гродна 6 верасня каля 14 гадзін, але хацеў наведаць краму. Там знаходзіўся натоўп, які накіраваўся ў бок абласной філармоніі. Разам з натоўпам палітвязень пайшоў у бок свайго дома. Андрэй патлумачыў, што яму не было вядома, куды і з якой мэтай ішлі людзі. Ён таксама пацвердзіў, што на відэазапісе з падзеямі таго дня зафіксаваны менавіта ён.

Чым пацвярджаецца віна?

На паседжанні выступілі сведкі: супрацоўнікі АУС Мацейка і Лазавец, якія ў той дзень ахоўвалі грамадскі парадак у горадзе. Яны пацвердзілі факт мерапрыемства: як грамадзяне вялікай калонай ішлі па горадзе. Сведкі Сташэўскі і Сафонава таксама распавялі, што бачылі ўдзельнікаў мітынгаў, назвалі іх маршруты. Кіроўца аўтобуса Мелех паказаў, што ён стаяў у корку, таму што "супрацоўнікі ДАІ перакрылі рух па праезнай частцы". Супрацоўнік АУС Заруба ўваходзіў у "групу тлумачэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь". Ён тлумачыў людзям, што мерапрыемства незаконнае, але ўдзельнікі мерапрыемства не рэагавалі на гэта. Ні адзін сведка не распавёў, што бачыў Андрэя Баранава.

Удзел Баранава ў вулічным шэсці устаноўлены толькі праз справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 3 лістапада 2020 года. На відэазапісе сярод людзей, якія сабраліся каля ўніверсама "Брэст", пляскалі  ў далоні і мелі пры сабе бела-чырвона-белую сімволіку, маецца і Баранаў, які накіраваўся ў натоўп, што рушыць у бок супрацоўнікаў міліцыі. 

Цікава, што ў віну Андрэю пастаўлены ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 6 верасня 2020 года, а згодна з тэкстам прысуду, "суд улічыў абставіны, што Баранаў раней ужо прымаў удзел у такіх мерапрыемствах 20 верасня і 31 кастрычніка 2020 года". Акрамя таго, атрымалася, што палітвязня ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па гэтым жа эпізодзе: 3 лістапада 2020 года суд прызначыў яму шэсць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мерапрыемстве 6 верасня 2020 года. Гэтая пастанова суда дагэтуль не адмененая. 

Што вырашыў суд?

Суд пагадзіўся з меркаваннем дзяржаўнага абвінаваўцы і выключыў з абвінавачання указанне на папярэднюю змову. Андрэя Баранава прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — "хіміі". З тэлевізара абвінавачанага зняты арышт.

Жонка палітвязня Андрэя Баранава: «Ён ніколі не здзяйсняў учынкаў, за якія можа быць сорамна»

Дома Андрэя чакае сям'я: праз два тыдні пасля затрымання ў палітвязня нарадзілася дачушка Маша.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства