viasna on patreon

Палітвязню Ягору Кузьміну прысудзілі тры гады "хіміі"

2021 2021-11-17T12:05:49+0300 2021-11-17T12:43:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_zala13.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

17 лістапада ў Заводскім судзе Мінска вынесены прысуд палітвязню Ягору Кузьміну. Яго прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ – “хіміі”. Пазоў “Мінсктранса” вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць. Палітвязня вызвалілі ў зале суда.

Справу разгледзеў суддзя Капцэвіч, бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Савіцкі.

У чым прызналі вінаватым палітвязня?

Згодна з абвінавачаннем, Ягор Кузьмін з 12.13 да 20.09 20 верасня 2020 года парушыў грамадскі спакой на вуліцы Казлова. А менавіта – вёў дэструктыўную дзейнасць, перашкаджаў руху транспарта і пешаходам з мэтай выказвання пратэсту, здзяйсняў воплескі з “палатнінай бела-чырвона-белага колеру”, блакаваў і перагароджваў дарогу.

Што казаў палітвязень?

Ягор поўнасцю прызнаў віну. Ён распавёў, што 20 верасня да 15-16 гадзін быў дома, потым ішоў па апісаным маршруце, але не мог трапіць дадому, бо не было інтэрнэта. Ён удзельнічаў у мерапрыемствах і дагэтуль, але не ведаў, што яны несанкцыянаваныя. Хацеў паглядзець, што адбываецца на вуліцы: ён прачнуўся праз шум і накіраваўся ў бок вялікага натоўпа ў тысяч дзесяць людзей – “неаглядная калона”. Гэта нагадала яму свята, усе вакол казалі пра маршы, таму ён шмат пра іх чуў. На пытанне пра сутнасць маршаў, ён адказаў, што гэта быў сімвал еднасці, спынення гвалту, пра які ён чуў са жніўня па верасень. Ён адзначыў, што лічыць сябе пацыфістам па натуры, таму гвалт для яго непрымальны. Ягор чуў пра затрыманні на маршах, але думаў, што людзі сапраўды кропкава парушалі грамадскі парадак.

Палітвязень распавёў, што знаходзіўся на мерапрыемстве гадзіну-дзве, выходзіў на праезную частку, стаяў у счэпцы. Транспарт на той момант ужо не рухаўся, дарогі былі перакрытыя ДАІ. Ён сказаў, што палічыў, што дарога перакрытая загадзя, каб людзі маглі прайсці – бо калі адбываюцца парады, дарога таксама перакрываецца.

Таксама ён заўважыў, што не выкрыкваў лозунгаў і не здзяйсняў воплескаў рукамі. Палітвязень адказаў, што маршы спраўдзілі сваю мэту – аб’яднання.

Яго затрымалі на працы супрацоўнікі ГУБАЗіК, спытаўшыся: “Ну што, перамен хацеў? Паехалі!” – і адвезлі спачатку ў СК, потым на Акрэсціна. Затрыманне стала для яго нечаканасцю, ён раскайваецца. На пытанне адваката, ён адказаў, што калі б усведамляў, што ўдзел супрацьпраўны, не пайшоў бы.

Што было ў матэрыялах справы?

Да справы былі далучаныя характарыстыка з месца працы, даведка пра тое, што састарэлым бацькам патрабуецца медыцынская дапамога і дагляд. На судзе дэманстравалі “пакаяльнае відэа” Кузьміна. Ён пракаментаваў, што гэта не паказанні: супрацоўнікі папрасілі яго прачытаць тэкст і сказалі, што калі ён “дасць паказанні – то паедзе дадому”.

Абвінавачаны таксама сказаў, што запярэчвае супраць пазову Мінсктранса, але не мае пярэчанняў наконт яго разглядання. Прадстаўніца Мінсктранса сказала, што ў выніку несанкцыянаванага мерапрыемства спыніўся транспарт і прадпрыемства атрымала шкоду. Адвакатка заўважыла, што пазоў не можа быць заяўлены на аднаго чалавека.

– Якім чынам асабіста я мог сваімі дзеяннямі ўплываць на Мінсктранс? Мае дзеянні былі наступствам, а не прычынай, – спытаўся Кузьмін у прадстаўніцы прадпрыемства.

Яна адказала, што калі яго прызнаюць вінаватым, то шкода мусіць спагнацца паводле заканадаўства “у салідарным парадку з усіх асобаў, якія прызнаныя вінаватымі”. Кузьмін адзначыў, што хаця прызнае віну, не згодзен з патрабаваннямі пазову, бо ён не блакаваў рух:

– Знаходзячыся пяць хвілін на дарозе, я не лічу, што мае дзеянні пацягнулі шкоду на 47 тысяч рублёў”.

Што было ў спрэчках?

Падчас спрэчак абвінаваўца запрасіў для палітвязня тры гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ – “хіміі”. Абаронца настойвала, што Кузьмін не валодаў інфармацыяй пра маршы і іх наступствы. Яна падкрэсліла: важна зразумець прычынна-паслядоўную сувязь перакрыцця дарог – калі Кузьмін выйшаў на праезную частку, транспарт ужо не хадзіў. Таксама яна звярнула ўвагу, што фотаздымак, які быў далучаны да справы, падстаўны: рабятам прапанавалі сфатаграфавацца, яны не рухаліся ў счэпцы. Адвакатка была ўпэўненая, што ейны падабаронны апынуўся на месцы выпадкова праз цікаўнасць, як і многія іншыя людзі, і папрасіла замяніць пакаранне на адміністрацыйную адказнасць.

У апошнім слове палітвязень адзначыў:

“Я ужо шмат разоў казаў, я заўсёды быў добрапрыстойным грамадзянінам, ніколі не парушаў законы і нават не меў такіх матываў. Тое, што я апынуўся ў такой сітуацыі, – выпадковасць. Я ніколі не думаў, што мае дзеянні пацягнуць крымінальную адказнасць. Хачу звярнуць увагу на ўсю сітуацыю, на мае характарыстыкі: я заўсёды добра характарызаваўся на працы, вучобе, у спорце. Хачу таксама звярнуць увагу, што ў свабодным доступе – нават у артыкуле на Вікіпедыі – ёсць інфармацыя аб перакрыцці дарогі супрацоўнікамі.

Я прызнаю віну так, як апісаў свой пункт гледжання. Прашу разглядзець магчымасць адміністрацыйнай адказнасці без пазбаўлення волі”.

Суддзя пагадзіўся з абвінавачаннем і накіраваў Кузьміна на тры гады “хіміі”. Пазоў Мінсктранса перададзены ў грамадзянскую вытворчасць.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства