viasna on patreon

На тры гады “хіміі” асудзілі Яўгена Крачкоўскага за пераход дарогі ў счэпцы па пешаходным пераходзе на зялёнае святло

2021 2021-11-12T10:10:00+0300 2021-11-12T11:32:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krachkouski_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Крачкоўскі пасля прысуду. Фота spring96.org

Яўген Крачкоўскі пасля прысуду. Фота spring96.org

У судзе Заводскага раёна 9 лістапада вынеслі прысуд палітвязню Яўгену Крачкоўскаму, якога абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, за падзеі 9 жніўня мінулага года.

Справу разглядала суддзя Жана Хвайніцкая, бок дзяржаўнага абвінавачання прадстаўляла памочніца пракурора Кацярына Валадзько.

Нагадаем, Яўген быў затрыманы 8 верасня 2021 года пасля ператрусу ў яго дома. Прычынай для затрымання стаўся фотаздымак ад 9 жніўня мінулага года, дзе ён і яшчэ некалькі чалавек падчас мітынгу знаходзяцца на пешаходным пераходзе на дазваляльны сігнал святлафора.

Пракурор Заводскага раёна г. Мінска падаў у інтарэсах "Мінсктранс" пазоў аб кампенсацыі шкоды, нанесенай злачынствам Крачкоўскага, у памеры 3621 рубель 94 капейкі.

Паводле абвінавачання, Яўген Крачкоўскі ў перыяд з 21.00 гадзін 9 жніўня да 00.20 гадзін 10 жніўня 2020 года, знаходзячыся на праезнай частцы дарог, у тым ліку скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава, у выкананне размешчаных у інтэрнэце публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ведаючы пра правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, узяў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады. У прыватнасці, абвінавачаны, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена з групай асобаў з іншымі ўдзельнікамі масавага мерапрыемства, узяў удзел у мітынгу, публічна выкрыкваў лозунгі, наўмысна ажыццявіў блакаванне руху транспартных сродкаў шляхам сумеснага выйсця на праезную частку з іншымі грамадзянамі, у тым ліку ў счэпцы локцямі, неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеянні. Такім чынам, Яўген Крачкоўскі здзейсніў злачынства паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Яўген Крачкоўскі сваю віну прызнаў часткова — у той частцы, што мімаволі з'яўляўся ўдзельнікам незаконнага масавага мерапрыемства, а менавіта парушыў грамадскі спакой, абмежаваў права іншых грамадзян на спакойную працу, адпачынак і свабоднае перасоўванне. Не прызнаў віну ў тым, што неаднаразова адмаўляўся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а таксама, што наўмысна перашкаджаў руху транспарту і звычайнаму функцыянаванню прадпрыемстваў. У судзе растлумачыў: з тэлеграм-канала "Нехта" ён даведаўся, што 9 жніўня ў цэнтры горада будуць збірацца людзі для абмеркавання вынікаў выбараў, прыбыў на скрыжаванне пр. Пераможцаў і пр. Машэрава дзеля таго, каб сустрэцца з іншымі людзьмі, абмеркаваць выбары, даведацца папярэднія вынікі галасавання. Ён ведаў, што ў шматлікіх краінах свету ў дзень галасавання людзі збіраюцца ў цэнтральных частках горада і знакавых месцах, каб падзяліць радасць перамогі.

“Я спадзяваўся на перамогу кандыдата, за якога я галасаваў, і меркаваў, што ў цэнтральнай частцы горада будуць праводзіцца масавыя гулянні”, — адзначыў абвінавачаны.

Разам з сябрам даехаў да цэнтра, на праспекце Машэрава быў у раёне 21.35 і знаходзіўся на тратуары і пешаходнай частцы дарогі. Вакол было шмат людзей, якія стаялі групамі на пешаходнай частцы, на дарогу не выходзілі, святлафоры працавалі, але рух ужо быў перакрыты — транспарт не хадзіў. Каля пяці хвілін Яўген гутарыў з незнаёмымі людзьмі, якія былі побач з ім, пасля гэтага хтосьці прапанаваў стаць у счэпку.

“Паддаўшыся эмацыйнаму парыву яднання, я стаў у счэпку. Прайшлі літаральна метраў 10-20 да скрыжавання праспекта Машэрава, свядома дачакаліся зялёнага сігналу святлафора, і на зялёнае святло перайшлі праспект Машэрава, пасля гэтага прайшлі яшчэ некалькі дзясяткаў метраў да таго моманту, як па праезнай частцы праспекта Пераможцаў у наш бок пад'ехаў адзін ці некалькі аўтамабіляў супрацоўнікаў унутраных спраў. Пасля гэтага счэпка распалася, і яе ўдзельнікі, у тым ліку і я, спешна пакінулі дадзенае месца”, — падкрэсліў абвінавачаны.

Пасля гэтага вырашаў, як дабрацца дадому, спрабаваў выклікаць таксі, каля 23.40 накіраваўся пешшу ў бок дома. Праз хвілін 40 быў дома.

Супрацоўнікаў міліцыі не памятае, дапускае, што міліцыянты маглі быць апранутыя ў грамадзянскае адзенне. Ніякіх патрабаванняў не чуў, лозунгаў не выкрыкваў, дарогу пераходзіў толькі на зялёны сігнал святлафора, а ў іншых выпадках на праезную частку не выходзіў, рух транспарту не перакрываў. У той момант не ўсведамляў, што яго дзеянні могуць крымінальна карацца.

Пазоўныя патрабаванні Яўген Крачкоўскі не прызнаў. Пасля гэтага ў судзе вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы.

Падчас спрэчак бакоў дзяржабвінаваўца прасіла суд прызнаць Яўгена Крачкоўскага вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады, а пазоў "Мінсктранса" задаволіць у поўным аб'ёме.

Нягледзячы на пазіцыю абвінавачанага пра частковае прызнанне віны, адвакат адзначаў, што віна Крачкоўскага не была даказана ані сабранымі матэрыяламі па справе, ані ў судзе. А з аб'ёму ўсіх матэрыялаў крымінальнай справы так званыя доказы вінаватасці Крачкоўскага складаюць 10-15%. Пры гэтым абвінавачаны не адмаўляў, што ўзяў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, — што з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем, а не крымінальным злачынствам. Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і якія інкрымінуюцца Крачкоўскаму, не былі даказаныя ані следствам, ані дзяржабвінавачаннем. Акрамя таго, Крачкоўскага вінавацілі ў блакаванні руху транспарту, аднак у зводцы, якая знаходзілася ў матэрыялах справы, было паказана, што прычынай спынення грамадскага транспарту на розных участках руху з'яўляецца распараджэнне органаў ДАІ. Пры гэтым у разліку пазоўных патрабаванняў "Мінсктранса" паказаны ўвесь аб'ём спынення грамадскага транспарту ў гэты перыяд часу ў Мінску, што пацвердзіла ў судзе прадстаўніца прадпрыемства.

Усё абвінавачанне грунтуецца на адным здымку, зробленым СМІ і размешчаным у вольным доступе, па якім і быў выяўлены Крачкоўскі. Але нават на гэтым здымку выразна бачна, што група асобаў пераходзіць праезную частку праспекта Машэрава на зялёны сігнал святлафора па пешаходным пераходзе. Больш ніякага доказу таго, што абвінавачаны знаходзіўся дзе б там ні было, у які б там ні было момант часу на праезнай частцы, матэрыяламі справы не прадстаўлена і не здабыта.

“Дык з чаго зроблена сцвярджэнне, што мой падабаронны непасрэдна ўдзельнічаў у блакаванні руху грамадскага транспарту, калі ён як законапаслухмяны грамадзянін Рэспублікі Беларусь рухаўся на зялёны сігнал святлафора на пешаходным пераходзе?” — задаваўся пытаннем адвакат.

Пры гэтым абвінавачаннем не прадстаўлена ніводнага відэа пра перасоўванне абвінавачанага, хоць на тым участку, дзе знаходзіўся Крачкоўскі ёсць мноства відэакамер. У матэрыялах справы адсутнічаюць запыты да мабільных аператараў аб прадастаўленні звестак пра перасоўванне абаненцкага нумара абвінавачанага.

Таксама незразумела, на падставе чаго была зробленая выснова пра тое, што пастаноўка ў счэпку з іншымі людзьмі з'яўляецца нейкім грубым парушэннем або прыкметай актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях. У матэрыялах справы няма ніводнага доказу таго, што Крачкоўскі неаднаразова не падпарадкоўваўся законнымі патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, як няма і інфармацыі пра тое, што  супрацоўнікі міліцыі былі на месцы падзей і заяўлялі такія патрабаванні. Аднак сам Крачкоўскі адзначаў, што ён дапускаў, што супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі да счэпкі, маглі выказваць патрабаванне разыйсціся, што абвінавачаны неадкладна выканаў і пасля накіраваўся дадому.

“Нічога з прад'яўленага аб'ёму абвінавачання ў гэтым судовым пасяджэнні не даказана. Ніякімі дапушчальнымі, пэўнымі, праўдзівымі, якімі заўгодна доказамі не пацверджана. Усё, што ёсць у матэрыялах справы, сведчыць пра тое, што мой падабаронны не вінаваты ў інкрымінаваным яму складзе крымінальнага злачынства”, — падсумаваў адвакат.

Ён прасіў суд апраўдаць Яўгена Крачкоўскага, а крымінальную справу спыніць.

У апошнім слове Яўген Крачкоўскі сказаў, што заўсёды лічыў сябе беларусам, а Беларусь — сваім родным домам. Ён прызнаў, што дапусціў памылку, калі прыбыў у цэнтр горада, раскайваецца ў тым, што ўзяў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, стаў у счэпку локцямі і сваімі дзеяннямі мог парушыць спакой іншых грамадзян. Прасіў суд улічыць, што ягоныя дзеянні ў счэпцы насілі кароткачасовы характар, іншых супрацьпраўных дзеянняў ён не рабіў, дарогі не блакаваў, руху транспарту не перашкаджаў. Прасіў пры вынясенні прысуду не прызначаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення ці абмежаванні волі з накіраваннем, каб ён мог вярнуцца да сям'і і працы на карысць грамадства.

У выніку суддзя Жана Хвайніцкая пагадзілася з пазіцыяй боку абвінавачання і асудзіла Яўгена Крачкоўскага на 3 гады “хіміі”. Грамадзянскі пазоў, заяўлены "Мінсктрансам", перадаць на разгляд у парадку грамадзянскага судаводства.

Яўген Крачкоўскі быў вызвалены з-пад варты ў зале суда на час абскарджання прысуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства