viasna on patreon

Мужчыну пакаралі 3 гадамі "хатняй хіміі" за ўдзел у пратэсце ў ноч з 9 на 10 жніўня

2021 2021-11-04T15:26:39+0300 2021-11-04T16:58:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minsk-2020-09-08-03.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У Мінску каля Стэлы 9 жніўня 2020 года. Фота: АР

У Мінску каля Стэлы 9 жніўня 2020 года. Фота: АР

У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 3 лістапада вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 30-гадовага Віталя А., якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушалі грамадскі парадак у ноч з 9 на 10 жніўня мінулага года (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Юлія Крэпская, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў Дзмітрый Хаваўка.

Паводле абвінавачвання, Віталь А. у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, знаходзячыся на праезнай частцы па пр. Машэрава ў Мінску, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзенне дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, дзейнічаў сумесна і ўзгоднена групай асобаў, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак і былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады - супрацоўнікаў УУС, і прывялі да парушэння працы транспарту і прадпрыемстваў. Мужчына гучна выкрыкваў лозунгі, пляскаў у далоні, стаяў і рухаўся па праезнай частцы дарогі, блакаваў шлях транспартным сродкам, чым парушаў грамадскі спакой, не падпарадкоўваўся патрабаванням спыніць названыя дзеянні, наўмысна перашкаджаў руху транспарту і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі абвінавачаны здзейсніў злачынства паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Быў затрыманы з 11 па 20 жніўня 2020 года, пасля яго адпусцілі пад асабістае паручальніцтва.

Прадпрыемства “Мінсктранс” накіравала ў суд пазоўныя патрабаванні аб кампенсацыі нанесенай матэрыяльнай шкоды ў памеры 3 621 рубель 94 капейкі. Абвінавачаны не разумеў, адкуль узяўся пазоў, бо калі былі следчыя дзеянні на запыт ад СК “Мінсктранс” адзначыў, што ніякага ўрону не было нанесена. Абаронца адзначыў, што пазоў трэба разглядаць у асобным грамадзянскім судаводстве, бо не зразумела, як праводзіўся разлік нанесенай шкоды, больш за тое, кампенсаваць яе варта ў салідарным парадку з усіх прыцягнутых да адказнасці за тыя падзеі. Аднак суд далучыў пазоў да матэрыялаў справы.

Віталь А. віну прызнаў цалкам. Суду патлумачыў, што ў мінулым годзе пражываў у Мінску, 9 жніўня працаваў да позняга вечару, што рабіў 10 жніўня дакладна не памятае. Да гэтага не чытаў ніякія тэлеграм-каналы, але пасля падзей 9 жніўня пачаў чытаць Nexta, бо больш нідзе нельга было даведацца пра навіны.

Калі знаходзіўся на праспекце Машэрава, то спачатку назіраў праз цікаўнасць. Бачыў шмат людзей, спецыяльную тэхніку. Упершыню ў жыцці бачыў, што стаіць ачапленне, час ад часу падыходзіў бліжэй, але ў асноўным перамяшчаўся па тратуары. На праезную частку выйшаў толькі тады, калі яна ўжо была перакрытая, там было шмат людзей, але нікога з іх абвінавачаны не ведаў, узгоднена ні з кім не дзейнічаў. Таксама адзначыў, што дапускае – мог пляскаць у далоні, але наконт выкрыквання лозунгаў сказаў, што дастаткова сарамлівы чалавек, каб так рабіць. Не мог дакладна адказаць, ці чуў патрабаванні міліцыянтаў пра неабходнасць разыйсціся. Пазней накіраваўся дадому.

Падчас допыту ў судзе Віталь А. пагадзіўся, што сваімі дзеяннямі мог перашкаджаць руху аўтобуса №163. Адзначыў, што здзейсніў памылку, зрабіў адпаведныя высновы, раскаяўся.

У якасці сведкі ў судзе дапыталі жонку абвінавачанага Таццяну. Яна распавяла, што не ведала адразу пра ўдзел мужа ў мерапрыемстве, даведалася пра гэта, калі ён вярнуўся і распавёў, што быў каля Стэлы, а калі пачаліся выбухі – пайшоў дадому. Негатыўна паставілася да ўчынку мужа, раней такога за ім не заўважала, палітыкай сям’я не цікавіцца і іх ўсё задавальняе. Ахарактарызавала мужа, як спакойнага, працавітага і сціплага чалавека, любячага бацьку.

У пісьмовых матэрыялах справы былі раздрукоўкі з фотаздымкамі, на якіх быў абвінавачаны, у яго тэлефоне былі знойдзеныя відэа, на якіх людзі пляскаюць у далоні, выкрыкваюць лозунгі, трымаюць бела-чырвона-белыя сцягі. Віталь А. патлумачыў, што здымаў для сябе, нікуды не дасылаў гэтыя відэа. Таксама з ім у ГУБАЗ запісвалі прызнальнае відэа, дзе ён казаў, што “пад уздзеяннем розных інтэрнэт-рэсурсаў прыняў удзел у мітынгу 9 жніўня, не ўсведамляў тады, да чаго гэта можа прывесці”.

У спрэчках пракурор Дзмітрый Хаваўка прасіў суд прызнаць Віталя А. вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК і пакараць яго абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады.

Менавіта такі прысуд і вынесла Юлія Крэпская: 3 гады “хатняй хіміі”, а пазоў “Мінсктранса” перадаць для разгляду ў парадку грамадзянскага судаводства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства