Вынесены прысуд паштальёну Вадзіму Цагельніку: тры гады пазбаўлення волі за каардынацыю дваравых пратэстаў
Суд Маскоўскага раёна Мінска 2 лістапада вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да былога паштальёна Вадзіма Цагельніка. Ён абвінавачаны адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК).
Справу разглядала суддзя Лідзія Целіца, дзяржабвінаваўца — пракурор Яўген Серакоў.
З матэрыялаў следства вядома, што 21-гадовы Вадзім Цагельнік, з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт пры дапамозе ноўтбука і некалькіх мабільных тэлефонаў, прадпрымаючы пры гэтым канспіратыўныя меры, ажыццяўляў дэструктыўную дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадстве: заклікаў да масавых беспарадкаў, якія пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту.
Пракурор запрасіў для Цагельніка тры гады пазбаўлення волі нібыта за каардынацыю ў чатах дваравых пратэстаў
19 кастрычніка пракурор запрасіў суд вынесці абвінаваўчы прысуд, паколькі лічыць, што віна даказаная цалкам, зыходзячы з паказанняў, Цагельнік пакідаў каментар абразлівага характару, што пацвярджаецца матэрыяламі справы.
Па артыкуле 369 КК таксама прызнаць вінаватым. Абцяжарваючыя абставіны — наяўнасць ранейшай судзімасці.
Такім чынам, за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК) – тры гады пазбаўлення волі, па артыкуле па 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — паўтара года абмежавання волі (“хімія”).
Сумарна, шляхам частковага складання прызначыць тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, меру стрымання змяніць і заключыць пад варту.
Суддзя Лідзія Целіца вынесла прысуд згодна з прапановай абвінавачвання: пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады. Ён узяты пад варту ў зале суда.