Блакіроўка сайтаў, затрыманні па ўсёй Беларусі: хроніка пераследу 1-2 лістапада Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 1-2 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пераслед 2 лістапада
У Лідзе затрыманы дальнабойшчык Андрэй Васора
Яго затрымалі па факце распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках.
З чацвёртага адміністрацыйнага арышту з ІЧУ на Акрэсціна не выйшаў 57-гадовы Аляксандр Бембель. Па чатырох адміністрацыйных пратаколах ён адсядзеў ужо 43 сутак. Верагодна, у хуткім часе над ім адбудзецца пяты суд. Раней у Першамайскім судзе Мінска яго судзілі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні нефармальнай арганізацыі «Супраціў» тэрарыстычнай.
«У адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з тэрарызмам» па прапанове камітэта дзяржаўнай бяспекі генеральны пракурор накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні нефармальнай арганізацыі «Супраціў» (у тым ліку ўваходзячых у яе ініцыятыў «Кібер-партызаны», «Дружыны Народнай Самаабароны», «Буслы ляцяць») тэрарыстычнай і забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні на сайце Генпракуратуры.
У Мсціслаўе быў затрыманы Аляксандр Грыгарэўскі. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
Палітвязень Эдуард Бабарыка пазбавіўся абаронцы
Мінюст на паседжанні атэстацыйнай камісіі прыняў рашэнне аб тым, што яго адвакат Ірына Варанкова «не можа выконваць свае прафесійныя абавязкі з-за недастатковай кваліфікацыі».
Варанкова вяла справу Эдуарда Бабарыкі, якога разам з бацькам затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. З таго часу сын палітыка Віктара Бабарыкі знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Пятра Мігурскага выклікаюць на допыт у Следчы камітэт
Сябра "Беларуская асацыяцыя журналістаў", кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага выклікаюць з'явіцца 3 лістапада у 11:00 у Шклоўскі раённы аддзел Следчага камітэта, піша "БАЖ".
Пётр Мігурскі выкліканы ў якасці сведкі. Яго збіраюцца дапытаць у межах крымінальнай справы, распачатай у дачыненні магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля. Допыт будзе праводзіць следчы з Магілёва.
Сілавікі выламалі дзверы ў кватэру мужчыны з-за рэпоста з «экстрэмісцкага» канала
Сёння раніцай у Магілёве супрацоўнікі 11-га Упраўлення ГУБАЗіК МУС РБ выламалі дзверы ў адну з кватэр — відавочцы паведамілі, што сілавікі груба ўварваліся ў памяшканне. Яны таксама бачылі, як выводзяць іх суседа — Рамана Мельнікава.
Папярэдне, падставай для арышту стала абвінавачанне па ч. 2. арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць), пішуць магілёўскія праваабаронцы.
У Мінску пасля ператрусу супрацоўнікі КДБ затрымалі 41-гадовага Уладзіміра Жалобава. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
Блакіроўка сайтаў
У карыстальнікаў з Беларусі назіраюцца праблемы з доступам да сайту гомельскага інтэрнэт-выдання "Флагшток" і "Народныя навіны Віцебска". Магчыма, яго, як і многія незалежныя інтэрнэт-рэсурсы (у тым ліку spring96.org), заблакаваў Мінінфарм.
Абодва сайты дасяжныя з тэрыторыі Беларусі праз VPN.
МУС прызнала экстрэмісцкімі фармаваннямі інтэрнэт-рэсурсы «Революционное действие», «Народная самооборона» і «Революцiйна дiя».
Адвакат журналіста, палітвязня Андрэя Пачобута Аляксандр Бірылаў атрымаў паведамленне ад Мінюста, што яго кваліфікацыя з'яўляецца «не цалкам адпавядаючай патрабаванням заканадаўства»
Такую пастанову ўчора вынесла Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі. Бірылаву далі паўгода на тое, каб выканаць рэкамендацыі камісіі, пасля чаго будзе праведзеная новая атэстацыя.
Ліцэнзіі Аляксандра Бірылава пакуль не пазбаўлялі.
Пераслед 1 лістапада
Затрыманне ў Мінску
У Мінску затрыманы Сцяпан Палаўкоў. Па папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі за пост з абразай прэзідэнта. Яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Затрыманне ў Гомелі
У Гомелі затрыманая Наталля Лупан. Да затрымання яна адбыла 30-сутачны арышт па арт. 19.11 КаАП за рэпост з "экстрэмісцкіх каналаў". Верагодна, цяпер затрыманая ў межах крымінальнай справы. Цяпер яна ў гомельскім ІЧУ.
У Пецярбургу затрымалі беларуску, у дачыненні да якой у Беларусі ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі з пратэстамі
Раніцай 1 лістапада ў Санкт-Пецярбургу супрацоўнікі расійскага крымінальнага вышуку затрымалі 24-гадовую грамадзянку Беларусі Яну Пінчук. Як высветлілася, дзяўчына знаходзілася ў вышуку на радзіме.
Яна з’ехала з Беларусі каля года таму. Цяпер яна працуе афіцыянткай у Расіі. Па словах хлопца, дзяўчына свабодна перамяшчалася паміж Масквой і Пецярбургам, нават не падазраючы, што ў Беларусі на яе ўзбуджаная крымінальная справа. Па папярэдняй інфармацыі, у дачыненні да яе распачатая справа па артыкулах аб распальванні варожасці і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі.
Апошняя вядомая інфармацыя па сітуацыі, што ўвечары Яну Пінчук з 16-ага аддзела паліцыі на Васільеўскім востраве даставілі ў пракуратуру. З ёй працуе адвакат.
Telegram-каналы «Сосны 97%», «Кабушкина/шишкина/крупская/кулешова» і Telegram-чаты «Могилевка Драйв чат», «Шабаны // Бачило», «Шарики (Партизанская). Новый чат района», «Gerasimenko squad» прызнаныя экстрэмісцкімі.
Палітвязня Ігара Банцэра вярнулі з «хіміі» ў віцебскую калонію і змясцілі ў ШІЗА
Адміністрацыя палічыла, што ён дапусціў некалькі парушэнняў. Прычым Банцэра забралі ў штрафны ізалятар нягледзячы на тое, што ў яго была тэмпература.
Ігар Банцэр пасля пераводу з калоніі быў на ізаляцыі. 1 лістапада яго наведала лекарка і выпісала бальнічны, паколькі Ігар меў падвышаную тэмпературу. Але літаральна праз 30 хвілінаў пасля гэтага яго забралі і павезлі назад у калонію.
Вязні па «справе Зельцэра» ўжо месяц утрымліваюцца на «каранціне»: для іх не прымаюць перадачы і не пускаюць адвакатаў
У жодзінскай турме №8 з моманту пераводу затрыманых за каментары па «справе Зельцэра» абвясцілі каранцін, праз які вязняў абмежавалі ва ўсім. Дакладную дату заканчэння каранціну супрацоўнікі не называюць. Па словах сваякоў, гэтае правіла тычыцца толькі тых, каго затрымалі менавіта за каментары: палітвязням не перадаюць перадачы, да некаторых не пускаюць адвакатаў.
Сваякі дасылаюць вязням пасылкі з неабходнымі рэчамі, бо яны ўжо больш за месяц сядзяць у тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.
У Магілёве затрыманы і арыштаваны на 10 сутак Алег Аксёнаў
Стала вядома, што ўчора супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Магілёва быў затрыманы палітык Алег Аксёнаў. Ён з'яўляецца каардынатарам аргкамітэта партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя па Магілёўскай вобласці, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы.
Яго арыштавалі па арт. 19.11 КаАП на 10 сутак за рэпост з TUT.BY.
Палітзняволены Мікіта Емяльянаў патлумачыў, за што яго зноў і зноў памяшчаюць у карцар
Як было вядома раней, Мікіту Емяльянаву адмовілі ў сустрэчы са святаром, хаця адпаведную заяву хлопец напісаў яшчэ летам. Палітвязню не аддаюць лісты ад Змітра Паліенкі і іншых людзей. Таксама Мікіта быў абураны тым, што адміністрацыя ніяк не рэагавала на ягоную пісьмовую заяву, дзе ён прасіў даць магчымасць атаварыцца за жнівень: апошні месяц лета Мікіта не змог скарыстацца сваім правам на атаварку, бо знаходзіўся ў карцары 42 дні.
Таму палітвязень на знак пратэсту адмовіўся выконваць патрабаванні Правілаў унутранага распарадку: перастаў галіцца, стрыгчы валасы, ляжаў на ложку ўдзень і паліў на тым жа ложку. За ўсе гэтыя парушэнні правілаў Мікіта быў змешчаны ў карцар з 11 кастрычніка, дзе знаходзіцца ўжо больш за 20 дзён. Сям’я хлопца чакала, што Мікіта патэлефануе 30 ці 31 кастрычніка, згодна з графікам, аднак гэтага не адбылося, што, хутчэй за ўсё, сведчыць пра тое, што тэрмін знаходжання ў карцары быў працягнуты.
Ці скончыў Мікіта галадоўку – невядома, бо лісты ад яго не прыходзяць. Нагадаем, Емяльянаў пачаў галадоўку на знак пратэсту, калі зразумеў, што адміністрацыя турмы працягвае парушаць ягоныя правы.
Таксама Мікіту паставілі на трэці прафілактычны ўлік – “як схільнага да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў”.
Прадстаўніцу "Белсата" Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку арыштавалі на 15 сутак кожнага
1 лістапада ў судзе Першамайскага раёна па ч. 2 арт. 19.11 КаАП судзяць прадстаўніцу «Белсата» Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку. Мужчыну абвінавацілі ў рэпостах (захоўванні) на старонках у Facebook трох артыкулаў з «Белсата» 2017, 2018, 2019 гады, матэрыялы якога цяпер прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Аляксандр Лойка распавёў падчас, што іх з жонкай затрымалі 30 кастрычніка на пашпартным кантролі ў 3:15, закавалі ў кайданкі і нават не далі забраць багаж. Да суда ён быў у камеры на Акрэсціна ў двухмеснай камеры, дзе агулам знаходзіцца 10 чалавек. Вядома, спальных месцаў не хапае, таму яму даводзіцца спаць на падлозе. Аляксандр распавёў на працэсе, што яго прасілі запісаць "пакаяльнае відэа".
На працэсе Ірыны стала вядома, што затрымлівалі іх супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яе абвінавацілі ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: артыкулы "Белсат" і Zerkalo. Усе публікацыі былі размешчаны да прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі.
Суддзя Максім Трусевіч арыштаваў мужа і жонку на 15 сутак кожнага.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.