viasna on patreon

Не менш за 25 чалавек судзілі па адміністрацыйных справах на тыдні з 25 па 29 кастрычніка

2021 2021-11-01T12:21:24+0300 2021-11-01T12:30:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_grodno1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

У раённых судах Мінска і рэгіёнаў на працягу тыдня з 25 па 29 кастрычніка па адміністрацыйных справах да арышту асудзілі не менш за 16 чалавек, яшчэ чатыром прызначылі штрафы, а ў дачыненні як мінімум пяці чалавек - вынік разгляду невядомы. Людзей прыцягвалі да адказнасці за "ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве", "дробнае хуліганства", "непадпарадкаванне міліцыі" і "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". 

Так, былога інжынера "Атланта" Дзяніса Гараймовіча ўжо тройчы асудзілі за "непадпарадкаванне міліцыянтам". Яшчэ 23 верасня, па словах Дзяніса, "падчас працы служба бяспекі завода наўпрост перадала яго супрацоўнікам КДБ". Дома ў мужчыны праводзілі ператрус каля двух гадзін. Звольнілі яго ў той жа дзень. Першы суд на Дзянісам прайшоў 24 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна. Яго абвінавацілі ў "непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУСа" (арт. 24.3 КаАП). Гараймовіч не прызнаў віну і сцвярджаў, што ў РУУС заходзіў з супрацоўнікам КГБ, які праводзіў допыт. Суддзя Дзмітрый Карсюк прызначыў тады 15-сутачны арышт, пасля якога мужчына на волю так і не выйшаў — на яго зноў склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП. Суддзя Карсюк зноў прызнаў Гараймовіча вінаватым і арыштаваў на чарговыя 15 сутак. 25 кастрычніка ў Цэнтральным судзе прайшоў трэці суд над інжынерам. На гэты раз справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Па словах міліцыянта на судзе, Дзмітрыя з ЦІПа на Акрэсціна павезлі зноў у РУУС, бо яго "падазравалі ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў". На тэрыторыі ўпраўлення ён ужо трэці раз аказаў непадпарадкаванне міліцыянтам, адмовіўшыся прайсці ў будынак. Сам Дзяніс кажа, што калі яго вывелі з камеры на Акрэсціна, яго сустрэлі невядомыя мужчына і жанчына, каб адвезці ў РУУС, пасадзілі ў прыватны аўтамабіль. Па прыбыцці ў РУУС яму нават дазволілі папаліць і знялі кайданкі, таму Дзяніс адмаўляў сваю віну, бо ён добраахвотна прайшоў за міліцыянтамі. У выніку, судзя Шабуня зноў пакарала Гараймовіча 15-сутачным арыштам. Агулам Дзяніс правядзе за кратамі 45 сутак.

У Гомелі 25 кастрычніка прайшла хваля затрыманняў, пад якую трапілі амаль 30 чалавек. Вядома, што на затрыманых склалі пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) нібыта за падпіску на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы. Праз чатыры гадзіны пасля затрымання ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля прайшоў суд над 22-гадовай студэнткай ГДУ Янінай Змітровіч. Дзяўчына — дачка светлагорскіх актывістаў Вячаслава і Зоі Змітровічаў. Яніну ў машыне каля ўвахода школы, дзе яна працуе, чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу, якія схапілі і заштурхалі дзяўчыну ў машыну, адабралі тэлефон і запатрабавалі пароль. На судовае паседжанне бацькоў не пусцілі. Суддзя Аляксандр Зінчук, па словах бацькоў, разглядзеў справу Яніны за тры хвіліны: прызнаў дзяўчыну вінаватай і арыштаваў яе на 15 сутак.

У судзе Першамайскага раёна 28 кастрычніка разглядзелі справу 27-гадовага Арцемія Нікіценкі. Справу вяла суддзя Анастасія Кулік. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Нікіценка "27 кастрычніка каля 13:35 у кафэ "Культура" з мэтай выказвання свайго негатыўнага стаўлення да дзейнай улады правёў пікетаванне, прадэманстраваўшы БЧБ-бранзалеты на руках з надпісам "Жыве Беларусь". У сваіх паказаннях Арцемій распавёў, што а 12 сустрэўся з сяброўкай на каву. На левай руцэ ў хлопца былі два бранзалета, а на правай — адзін. Па яго словах, намеру пікетаваць не было, а бранзалет вылез з-пад адзення, калі ён выцягнуў руку. Гэта заўважыў нехта з прысутных у кафэ і выклікаў міліцыю. На месца "правапарушэння" прыехалі тры супрацоўнікі міліцыі ў бронекамізэльках. Хлопец адзначыў, што БЧБ-бранзалеты набыў яшчэ падчас прадвыбарчай кампаніі ў Беларусі, і быў здзіўлены, што міліцыянты могуць забраць чалавека наўпрост за бранзалеты, нават калі ён не выкрыкваў ніякіх лозунгаў і не быў на маршы. Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што яны з калегам зайшлі ў кавярню, дзе асабіста заўважылі "пікетаванне": "бранзалеты былі выстаўленыя на ўсеагульны агляд", таму яны затрымалі Арцемія, адвезлі ў РУУС і склалі пратакол. У выніку, суддзя палічыла віну Арцемія даказанай і арыштавала яго на 15 сутак.

29 кастрычніка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска да 15 сутак па ч. 1 арт. 24.23 КаАП асудзілі 45-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Вадзіма Сарафанава. Мужчыну затрымалі напярэдадні днём на вуліцы Адзінцова. Згодна з пратаколам, Сарафанаў, "у неўстаноўлены перыяд часу з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў несанкцыянаванае пікетаванне шляхам размяшчэння на люстэрку задняга віду ў аўтамабілі Land Rover стужачкі бел-чырвона-белай расфарбоўкі". На судзе Вадзім Сарафанаў растлумачыў, што стужку павесіў у сваёй машыне яшчэ ў 2011 годзе, адразу пасля таго, як набыў аўтамабіль. Стужачку яму падарыла ягоная бабуля разам з абразамі. Па словах мужчыны, "БЧБ-стужка – гэта больш хрысціянскі знак, чым палітычны" і "думак палітычна яе выкарыстоўваць" у яго не было. Але для суддзі Марыі Ярохінай гэтыя довады апынуліся непераканаўчымі: яна расцаніла стужкі ў машыне як несанкцыянаванае пікетаванне і арыштавала мінчука на 15 сутак.

Падрабязнасці з судоў у табліцы і ў тэлеграм-канале "Вясна назірае".

*Карыстайцеся пошукам і сарціроўкай, каб хутка знайсці інфармацыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства