viasna on patreon

Напісаў "казёл" ці паламаў дрэўка сцяга. Як і за што беларусаў судзілі па дыфамацыі на мінулым тыдні

2021 2021-10-30T13:36:01+0300 2023-05-29T18:20:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_ashmiany.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). На мінулым тыдні больш за ўсё судзілі за абразы і здзекі з дзяржаўных сімвалаў.


Абразы прадстаўнікоў улады

За "Не долго, тварь, осталось" — два з паловай гады “хіміі”

У судзе Ашмянскага раёна 25 кастрычніка разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да Ігара Раманюка, якога вінавацілі ў абразе супрацоўніка міліцыі (артыкул 369 Крымінальнага Кодэкса РБ).

sud_ashmiany.jpg
Суд Ашмянскага раёна

Справу вёў суддзя Віталь Казакевіч, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў Сяргей Кавальчук. Пацярпелым па справе быў прызнаны начальнік Ганцавіцкага РАУС Віталь Куляшоў.

Паводле абвінавачвання, у перыяд часу з 22 чэрвеня па 23 чэрвеня 2020 года (дакладны час у ходзе следства не ўстаноўлены) Ігар Раманюк, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства асабісты ноўтбук, з мэтай публічнага ўздзеяння на грамадскую свядомасць, разлічваючы на наступнае ўспрыманне іншымі асобамі інфармацыі, усведамляючы публічны і зневажальны характар сваіх выказванняў, для прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады пакінуў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” каментар пад фотаздымкам Віталя Куляшова наступнага зместу: "Не долго, тварь, осталось. Пора начать бояться своего народа".

Сваімі дзеяннямі абвінавачаны прынізіў гонар і годнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў, чым здзейсніў злачынства паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Пацярпелы на пасяджэнне не з’явіўся, прасіў суд разглядаць справу без яго ўдзелу, заявіў пазоўныя патрабаванні аб кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Ігар Раманюк пацвердзіў, што сапраўды пакінуў каментар у сацсетцы. Абвінавачаны патлумачыў суду, што з Кулешовым не знаёмы, з моманту, як пакінуў каментар, прайшло больш за паўгода, дакладных абставінаў не памятае, нічым іншым як глупствам са свайго боку ўчынак патлумачыць не мог. Азначыў, што зацікаўленасці ці намеру на абразу супрацоўніка міліцыі не меў, у здзейсненым раскайваецца. Таксама Ігар Раманюк сказаў, што больш за 10 год працуе ў ДАСААФ і ажыццяўляе падрыхтоўку ў тым ліку прадстаўнікоў сілавых структур, МУС, КДБ.

З заяўленым пазовам пагадзіўся, гатовы сплаціць кампенсацыю.

У судзе агучылі паказанні, якія пацярпелы Куляшоў даваў падчас следства. Ён распавядаў, што падначалены паказаў публікацыю з яго фотаздымкам на старонцы Вольгі Карач у “Аднакласніках”, пад якой было змешчана больш за 250 негатыўных каментароў.

Падчас спрэчак бакоў пракурор прасіў суд прызнаць Ігара Раманюка вінаватым і пакараць яго абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў, ноўтбук канфіскаваць у даход дзяржавы, а заяўлены грамадзянскі пазоў задаволіць на падставе прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.

У выніку суддзя пагадзіўся з пазіцыяй дзяржабвінавачвання і пакараў Раманюка 2,5 гадамі “хіміі”, пастанавіў спагнаць з яго на карысць пацярпелага 700 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, а ноўтбук абвінавачанага канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства.


За абразу аднаго ганцавіцкага міліцыянта Вольніча асудзілі яшчэ двух чалавек

У судзе горада Наваполацка 25 кастрычніка разгледжана справа аб абразе інспектара ДАІ з Ганцавіч Ігара Вольніча (арт. 369 КК РБ), які ў чэрвені 2020 года брутальна затрымаў удзельніка ланцуга салідарнасці. Абвінавачаны — Віталь Сайко, 41-гадовы ізалявальнік ТАА "Лігмод", раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці тры разы, усе судзімасці пагашаныя.

Скрыншот з відэа.
Скрыншот з трансляцыі "Ганцавіцкага часу", дзе Ігар Вольніч затрымлівае чалавека

Справу разглядаў суддзя Віталь Лапко, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў старэйшы памочнік пракурора Сяргей Шынкевіч. Пацярпелы Вольніч ўдзельнічаў у пасяджэнні па скайпе з суда Ганцавіцкага раёна.

Паводле абвінавачвання, Віталь Сайко 23 чэрвеня 2020 года ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" пад публікацыяй карыстальніка "Вольга Карач" з фотавыявай Ігара Вольніча пакінуў каментар, які абражае гонар і годнасць пацярпелага (са словам “мразь”) . Тэкст у судовым пасяджэнні не прыводзіўся.

Абвінавачаны віну ў здзяйсненні злачынства прызнаў цалкам. Пацярпелы заявіў пазоўныя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1.5 тысячы рублёў. У пазоўнай заяве Ігар Вольніч адзначыў, што абразлівы каментар у вольным доступе прынізіў гонар і годнасць асобы, было даступна шырокаму колу асоб. Выказванне мела на мэце абразіць пацярпелага асабіста, «названыя выдумкі накіраваныя на стварэнне пра яго як пра супрацоўніка АУС Ганцавіцкага райвыканкама зневажальнае меркаванне ад грамадзян, нацэленае на тое, каб пасеяць да яго падазронасць, асцярогі і боязь з боку людзей, з якімі яму даводзіцца сутыкацца падчас выканання службовых абавязкаў. Пасля таго як убачыў каментар адказчыка, выпрабаваў шок, паведамленне адбілася на самаадчуванні родных і блізкіх».

Віктар Сайко іскавыя патрабаванні прызнаў часткова, адзначыўшы, што гатовы выплаціць кампенсацыю часткова, суразмерна зробленаму.

Абвінавачаны адзначыў, што сваім каментаром асудзіў за ўчынак супрацоўніка ДАІ, які падчас затрымання націснуў на шыю ўдзельніку ланцуга салідарнасці.

Віталя Сайко затрымлівалі і змяшчалі на трое сутак у ІЧУ з 4 па 7 жніўня гэтага года.

Паводле заключэння судова-лінгвістычнай экспертызы тэкст каментара з'яўляецца ненарматыўнай формай маўленчага выказвання, з памётам «бранное».

У дачыненні да абвінавачанага праводзілася экспертыза, па выніках якой эксперты прыйшлі да высновы аб тым, што абвінавачаны ў момант здзяйснення злачынства меў эмацыйны расстройства асобы.

Як стала вядома падчас судовага разбору, абвінавачанага выклікалі ў РАУС, дзе ён напісаў яўку з павіннай, пасля чаго супрацоўнікі затрымалі яго на трое сутак і змясцілі ў ізалятар.

У ходзе спрэчак дзяржаўны абвінаваўца адзначыў, што ў гэтай справе маецца два змякчальных віну абвінавачанага абставінаў: яўка з павіннай і поўнае прызнанне віны. Пракурор прапанаваў прызначыць абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год і 6 месяцаў, спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры паўтары тысячы рублёў, падвергнуць спецыяльнай канфіскацыі мабільны тэлефон Сайко, з якога ажыццяўляўся ўваход у сацыяльную сетку Аднакласнікі і пакідаўся каментар абразлівага характару. Сяргей Шынкарэвіч папрасіў суд спагнаць з абвінавачанага 87 рублёў дзяржаўнай пошліны і 31.90 за паслугі адваката па прызначэнні. Адвакат абвінавачанага папрасіў суд прызначыць у якасці пакарання штраф. Пацярпелы Вольніч у спрэчкі сказаў, каб суд выносіў пакаранне на сваё меркаванне.

Прысуд суда: паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, таксама спагнаць паўтары тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, падвергнуць спецыяльнай канфіскацыі мабільны тэлефон, спагнаць дзяржаўную пошліну і выдаткі на паслугі адваката па прызначэнні.

Суды за дыфамацыю: Ад 1,5 гадоў "хатняй хіміі" да 3 гадоў "хіміі" за абразу Лукашэнкі, супрацоўнікаў міліцыі і ваенкома

Чарговы суд за абразу Вольніча - два гады “хатняй хіміі” прысудзілі жыхару Пінска

28 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены прысуд кіроўцу аўтобуса Ігару Бабчуку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК у тым, што 25 чэрвеня 2020 года ў абедзенны час на працоўным месцы ён размясціў абразлівы каментар у бок старшага інспектара Ганцавіцкага РАУС Вольніча. Каментар утрымліваў слова “гніда” і быў размешчаны пад фотаздымкам, на якім інспектар ППС прыціскае каленам галаву чалавека, які ляжыць на зямлі і скаваны наручнікамі.
Справу разгледзела суддзя Юлія Шут. Бок абвінавачання падтрымлівала пракурор Даўгала. Абвінавачаны абараняў сябе сам.

Пацярпелы не з’явіўся на паседжанне праз занятасць на службе. Але падчас паседжання было адзначана, што ён убачыў каментар, калі яму яго паказаў следчы па справе, і адчуў некаторыя перажыванні, таму што з’яўляецца публічнай асобай і дае каментары СМІ. Вольніч запэўніваў, што заўсёды дзейнічаў у межах закона і нікога не збіваў і не прыніжаў.

Ігар Бабчук прызнаў віну і раскаяўся. Ён распавёў, што выбачаўся перад пацярпелым, а таксама выплаціў яму тысячу рублёў маральнай шкоды: яны разам схадзілі ў банк, дзе Вольніч перавёў грошы дзіцячаму дому.

Даўгала папрасіла пакараць Бабчука 1,5 гадамі “хатняй хіміі” – суддзя вынесла менавіта такое пакаранне. Таксама яна абавязала вынесці прыватную пастанову ў аўтобусны парк па месцы працы і правесці тлумачальную работу сярод супрацоўнікаў. Тэлефон Бабчука канфіскаваны ў даход дзяржавы.


За абразу сілавіка ў тэлеграм-канале "Лухта" – паўтара года "хатняй хіміі"

Суд Цэнтральнага раёна горада Мінска 27 кастрычніка разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванні майстра па рамонту абсталявання Уладзіслава Мышко ў абразе прадстаўніка ўлады (арт.369 КК). Да суда абвінавачаны знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Суд Цэнтральнага раён горада Мінска
Суд Цэнтральнага раён горада Мінска

Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня, дзяржабвінаваўца – пракурор Нічыпарук. Пацярпелы па справе – оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі аддзела ўнутраных спраў Івацэвіцкага райвыканкама Раман Куцко. На суд ён не з’явіўся, але перадаў у суд іскавую заяву на 1000 рублёў і хадайніцтва разглядаць справу ў яго адсутнасць.

Таксама паступіла заява ад пацярпелага аб тым, што ён просіць спыніць вытворчасць па грамадзянскай справе, у сувязі з тым, што абвінавачаны кампенсаваў маральную шкоду ў поўным памеры ў суме 500 рублёў. Аб гэтым маецца распіска ў справе.

У ходзе судовага следства высветлілася, што Уладзіслаў Мышко 29.04.2021 года маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады, а менавіта оперупаўнаважанага па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі Куцко Р. В., добрасумленна выконваючага свае службовыя абавязкі, з мэтай прыніжэння яго гонару і годнасці, у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, з пачуцця непрыязнасці, жадаючы прадставіць Куцко ва зневажальным становішчы перад шырокай грамадскасцю, выкарыстоўваючы свой тэлефон наўмысна падрыхтаваў і апублікаваў каментар, які змяшчае выяўленую ў грубай форме абразу ў адрас Куцко”.

Сваю віну Мышко прызнаў цалкам, раскайваецца ў здзейсненым. Суду патлумачыў, што 29 красавіка знаходзіўся дома адзін, перачытваў ТГ канал “Лухта”. Там размяшчаецца правакацыйная інфармацыя, каб людзі абураліся.

Суддзя спытала ці правільна яна зразумела, што там размешчаная негатыўная інфармацыя, якая нясе за сабой адмоўную рэакцыю. Абвінавачаны пацвердзіў, што правільна.

Гэтую групу параілі яму знаёмыя. Быў падпісаны на яе прыкладна тыдзень. Там інфармацыя была з пасылам на злосць. Адмоўнае стаўленне да прадстаўнікоў органаў унутраных спраў. Там убачыў інфармацыю пра пацярпелага. Было паведамленне, што гэты чалавек выступаў супраць жанчыны, якая абразіла яго і ёй далі абмежаванне волі. Палічыў, што гэта праўда і напісаў так. Разумеў, што Куцко – гэта супрацоўнік міліцыі, што ён пры выкананні службовых паўнамоцтваў.

Гэтым сваім паведамленнем ці маглі вы прычыніць маральныя пакуты пацярпеламу, менавіта як супрацоўніку? – пацікавілася суддзя.

Так, мог”, – адказаў абвінавачаны.

Суддзя Шабуня доўга распытвала абвінавачанага аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП у лістападзе 2020 года і арышце на 15 сутак, цікавілася ці прызнаваў ён тады сваю віну. Мышко адказаў, што прызнаваў.

З нагоды свайго “абразлівага” паведамлення абвінавачваны растлумачыў, што раней была інфармацыя пра крымінальны пераслед у дачыненні да жанчыны праз яе паклёп на сілавіка. Гэта збянтэжыла Мышко, выклікала душэўнае хваляванне і стала прычынай напісання каментара:“А вось і пацярпелы, які пакрыўдзіўся на эмодзі, што ў яго жонка «не вельмі». Менавіта дзякуючы гэтаму прыгажуну маці адзіночцы пагражае 3 гады хатняй хіміі.

У цяперашні момант вядома вам, што гэта дэзінфармацыя была?

Так.

У тэксце лінгвістычнай экспертызы каментара адзначана, што  маецца негатыўная ацэнка Куцко. Ужытая лексема з'яўляецца ненарматыўнай формай маўленчага выказвання.

Дзяржабвінаваўца прасіў прызнаць Мышко вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Абаронца Мышко Леанід Ярмоленкаў заняў наступную пазіцыю: дзеянні абвінавачанага — гэта імгненны парыў, абурэнне, а не нейкае сістэмнае дзеянне. І палітычных мэтаў дадзеных каментаром ён не пераследваў. Абаронца папрасіў змякчальнай акалічнасцю прызнаць тое, што злачынства было здзейснена па прычыне памылкі адносна нібыта супрацьпраўнага дзеяння супрацоўніка міліцыі. У выніку абаронца пагадзіўся з тым, каб прызнаць Мышко вінаватым, аднак прасіў прызнаць вінаватым, аднак прызначыць пакаранне не звязанае з абмежаваннем волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Пастанова суда: прызнаць Мышко вінаватым і прызначыць абмежаванне волі тэрмінам на паўтара года без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Мабільны тэлефон, як сродак здзяйснення злачынства канфіскаваць у даход дзяржавы.


За “казла”— паўтара года хатняй хіміі

27 кастрычніка ў судзе Бярозаўскага раёна вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Вольгі Сізовай, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

sud_bereza.jpg
Суд Бярозаўскага раёна

Справу разглядала суддзя Людміла Рудзіна. Бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляў  Аляксандр Круцько. Пацярпелым па справе быў прызнаны начальнік аддзела па ідэалагічнай працы Кобрынскага РАУС Віктар Турчыновіч, які заявіў пазоўныя патрабаванні па кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Згодна абвінавачванню, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады – палкоўніка міліцыі Віктара Турчыновіча, з мэтай прыніжэння яго гонару і годнасці Вольга Сізова 27 жніўня 2020 года пакінула каментар у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” пад публікацыяй з пацярпелым на старонцы Андрэя Ломшы наступнага зместу: “Казёл”, які ўтрымліваў непрыстойную і негатыўную ацэнку яго асобы. Такім чынам, абвінавачаная здзейсніла злачынства, прадугледжанае арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Вольга Сізова віну прызнала цалкам, з пазовам пагадзілася, у судзе абараняла сябе сама. У той дзень абвінавачаная гартала стужку ў аднакласніках, пабачыла публікацыю пра пацярпелага ў негатыўным кантэксце на старонцы Андрэя Ломшы, хоць і не ведала, хто ён такі, зайшла і на эмоцыях пакінула каментар у адрас Турчыновіча.

Пацярпелы распавёў, што падчас жнівеньскіх пратэстаў у мінулым годзе на яго былі ўскладзеныя абавязкі па ахове грамадскага парадку і абароне адміністрацыйнага будынку Кобрынскага РАУС. 25 жніўня на старонцы Андрэя Ломшы ў “Аднакласніках” былі размешчаныя фотаздымак Турчыновіча і надпіс, які, па словах пацярпелага, не адпавядаў рэчаіснасці, а пад публікацыяй Вольгай Сізовай быў пакінуты абразлівы каментар. Гэты каментар прычыніў маральныя пакуты пацярпеламу, якія выказаліся ў прыніжэнні гонару і годнасці ў вачах неабмежаванага кола асобаў - карыстальнікаў сеткі, бо было больш за 2000 праглядаў публікацыі і пакінута мноства каментароў пад ёй. Сказаў, што першапачаткова заяўляў 1000 рублёў, але абвінавачаная страціла месца працы, таму пакінуў рашэнне на меркаванне суда.

Падчас спрэчак бакоў пракурор прасіў суд прызнаць Сізову вінаватай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады і па арт. 369 Крымінальнага кодэкса прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, мабільны тэлефон – канфіскаваць у даход дзяржавы, а пазоўныя патрабаванні пацярпелага задаволіць, зыходзячы з прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.

Пацярпелы адзначыў, што да пачатку працэсу паразмаўляў з абвінавачанай, яна прынесла яму прабачэнні, а мэтай пакарання – з’яўляецца выхаванне чалавека, таму Турчыновіч лічыць, што мэта дасягнута, Сізова раскайваецца, прасіў пры вынясенні прысуду гэта ўлічыць.

Абвінавачаная яшчэ раз прынесла прабачэнні.

У выніку суд пакараў Вольгу Сізову “хатняй хіміяй” тэрмінам на 1,5 гады, а таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачанай на карысць пацярпелага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 800 рублёў.


За “подлага сучонка” – адзін год “хатняй хіміі”

Суд Маскоўскага раёна 28 кастрычніка вынес прысуд па крымінальнай справе сталічнага пенсіянера Георгія Дзеранчука. Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка, дзяржабвінаваўца – пракурор Казюк.


У якасці пацярпелага выступіў падпалкоўнік ў Бабруйску Сяргей Рудзько, які на судовае паседжанне не з’явіўся. Але пісьмова папрасіў спагнаць 1 000 беларускіх рублёў кампенсацыі з абвінавачанага, паколькі яму быў нанесены маральныя пакуты. Георгій Дзеранчук у поўным аб'ёме прызнаў гэты пазоў.

Па матэрыялах абвінавачвання, у перыяд з 23 чэрвеня па 26 чэрвеня 2020 года у Фэйсбуку пад публікацыяй Уладзіміра Лазарава з фотаздымкам супрацоўніка Бабруйскага ГУУС падпалкоўніка Рудзько Дзеранчук пакінуў каментар: "Подлы сучонак".

Дзяржабвінаваўца адзначыў, што віна Дзеранчука даказаная цалкам і пацвярджаецца паказаннямі сведкі, пратаколам агляду тэлефона, экспертызай, дэталізацыяй тэлефонных злучэнняў, а таксама відэазапісам допыту абвінавачанага.

Пад час допыту ў судзе абвінавачаны паведаміў, што асабіста з Рудзько не знаёмы. Карыстальнік "Уладзімір Лазараў" таксама яму не знаёмы. Не памятае, як менавіта знайшоў фатаграфію пацярпелага, не можа ўспомніць, чаму размясціў такі каментар. З вынікамі лінгвістычнай экспертызы згодны.

У судзе ў якасці сведкі дапыталі жонку абвінавачанага Ірыну Дзеранчук.

“Мне вельмі сорамна. Ад паказанняў супраць мужа адмаўляюся”, – заявіла яна суду.

Дзяржаювінаваўца папрасіў суд прызнаць Дзеранчука вінаватым і вынесці пакаранне у выглядзе абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ на тэрмін адзін год. Таксама канфіскаваць тэлефон, з дапамогай якога было здзейснена злачынства. Матэрыяльны пазоў задаволіць у поўным аб'ёме, падпіску аб нявыездзе пакінуць у сіле.

У апошнім слове Дзеранчук цалкам прызнаў сваю віну, паведаміў, што сам служыў у вайсковай частцы 3214, і прынёс пацярпеламу свае прабачэнні.

Прысуд: адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і 1 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу.


За “Вы об этой твари говорите?”— тры гады “хатняй хіміі”

У судзе Карэліцкага раёна 27 кастрычніка вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Таццяны Чак, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

sud_korelichi.jpg
Суд Карэліцкага раёна

Справу разглядаў суддзя Руслан Хіхол, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў Віктар Аўдакушын. Пацярпелым па справе быў прызнананы начальнік штаба Карэліцкага РАУС Аляксей Кот.

На пачатку працэсу абвінавачаная прасіла далучыць да матэрыялаў справы заяву, у якой адзначала, что не прызнае віну ў інкрымінаваным злачынстве, бо не размяшчала ніякія абразлівых каментароў. Таксама ўказвала, што па справах, звязаных з размяшчэннем інфармацыі ў інтэрнэце, калі абвінавачаны аспрэчвае такое размяшчэнне, неабходна праводзіць праверку шляхам накіравання запыту адміністратару сайта або шляхам праверкі прылады на прадмет наяўнасці ў ёй сведчанняў пра здзяйснення злачынства. Аднак ні адным з указаных спосабаў яе вінаватасць не была пацверджаная: не быў устаноўлены выхад у інтэрнэт з якой-небудзь прылады, што належыць Таццяне, яна не выкарыстоўвала сім-карту ў той дзень, калі нібыта было здзейснена злачынства, што пацвярджаецца інфармацыяй пра тэлефонныя злучэнні. А скрыншоты з тэлеграм-чату не могуць быць прызнаныя пэўнымі доказамі, бо з’яўляюцца нікім не праверанымі выявамі. Паказанні сведкаў-міліцыянтаў не могуць быць доказамі, бо супрацоўнікі з’яўляюцца зацікаўленымі асобамі ў раскрыцці злачынстваў.

Паводле абвінавачвання, Таццяна Чак, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, каля 22.35 гадзін 20 кастрычніка 2020 года, знаходзячыся ў неўстаноўленым следствам месцы і выкарыстоўваючы неўстаноўленую следствам прыладу с доступам у інтэрнэт, з зарэгістраванага на яе абаненцкага нумара і акаўнта “Таццяна Чак” пакінула абразлівы каментар у тэлеграм-групе “Карэлічы 97%” ў адрас Аляксея Ката наступнага зместа: “Вы об этой твари говорите?”

Пры гэтым, па словах пракурора, абвінавачана была актыўным удзельнікам указанай тэлеграм-групы, разлічвала на наступнае успрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, усведамляла публічны і абразлівы характар свайго выказвання, а таксама, што іншыя карыстальнікі адкрыта абмяркоўваюць службовую дзейнасць Аляксея Ката. Сваімі дзеяннямі Таццяна Чак абразіла прадстаўніка ўлады, чым здзейсніла злачынства паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Таццяна Чак сваю віну не прызнала. Распавяла, што працуе ў Мінску, але ў канцы жніўня – пачатку верасня 2020 года вырашыла паехаць да бацькоў. У Карэлічах паехала ў магазін і пабачыла, як на тэрыторыі стаянкі каля рынку стаялі людзі, а пажылая жанчына плакала. Тады Чак пад’ехала і спытала, што адбываецца, на гэта жанчына распавяла: ездзіць машына і сочыць за людзьмі, а потым іх разганяюць, хаця людзі без сцягоў, кветак, нічога ў руках увогуле не трымалі і не крычалі. У нейкі момант абвінавачаная ўбачыла машыну, з якой выйшлі тры міліцыянты: Аляксей Кот з камерай і яшчэ два супрацоўнікі ў форме, пачалі казаць, каб людзі разыходзіліся. Жанчына раззлавалася і пачала таксама здымаць, казала, што тэрыторыя рынка – гэта грамадскае месца, людзі маюць права там знаходзіцца.

Супрацоўнікі не прадстаўляліся, Кот хадзіў і кожнага здымаў на камеру, нават дзяцей, а пасля міліцыянеры пачалі разганяць людзей, хаця апошнія нічога не рабілі. У Таццяны ёсць відэа, дзе ўсе падзеі зафіксаваныя.

"Якія ў вас эмоцыі былі па вашых адчуваннях?"

"Негатыўныя. Можна было па-чалавечы пагаварыць. Гэта рынак. Ніхто нічога там не рабіў, не смеціў, не крычаў, сцягоў не было. Было 6-7 чалавек з дзеткамі на плячах".

Таццяна адзначыла, што як толькі яна запыталася ў Аляксей Ката, ці ведае ён такую групу “Каратели”, то ён сказаў “ясна” і адразу адыйшоў ад яе.

Пракурор дапытваўся, што гэта за група “Каратели”, на што абвінавачаная адказала, што там размяшчаюць фотаздымкі супрацоўніка, якія нядобрасумленна выконваюць свае абавязкі: без абмундзіравання, не прад'яўляюць службовае пасведчанне.

Калі Таццяна вярнулася дадому, спытала дадзеныя супрацоўнікаў міліцыі і перадала фота з імі у тэлеграм “Каратели”.

Пазней тэлефон жанчыны канфіскавалі, праводзілі па ім праверку, па якой справе вымалі тэлефон – абвінавачаная не ведала, падкрэсліла, што ў той час шмат у каго забіралі тэлефоны.

“Я б не стала пісаць абразы, бо калі б хацела гэта зрабіць, то абражала бы ў “Карателях”. Таксама і задаваць пытанне мне не было сэнсу, бо на той момант я ўжо ведала, хто гэта”, – сказала Таццяна Чак у судзе.

У судзе дапыталі пацярпелага Аляксея Ката, які распавёў, што працуе ў міліцыі з 1998 года. Пасля падзей жніўня 2020 года ў постэлектаральны перыяд МУС стварала працоўныя групы па адсочванні сітуацыі ў раёне. Пацярпелы ўваходзіў у склад адной з такіх груп разам з Віктарам Зінчанкам і Іванам Ганікевічам, а таксама кіроўцам Дзмітрыем Ляшкевічам. Кот службу павінен быў несці ў грамадзянскай форме адзення, а ў яго абавязкі ўваходзіла відэафіксацыя падзей, што адбываюцца. Напрыканцы жніўня на аўтастаянцы перад рынкам сабралася больш за 10 чалавек на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, міліцыянты прыехалі туды. 

“Як толькі я выйшаў з машыны, да мяне падышла Чак і пачала здымаць, пагражаючы тым, ці ведаю я такую групу “Каратели Беларуси”, і што яна туды размесціць нашыя выявы і дадзеныя”, – распавёў суду Аляксей Кот.

Калі міліцыянт зняў усіх прысутных на відэа, грамадзянаў папярэдзілі аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і з'ехалі ў РАУС. На наступны дзень у групе “Каратели Беларуси” з'явілася фота са звесткамі супрацоўнікаў

Пазней, 20 кастрычніка, у звязку са службовымі абавязкамі Аляксей Кот маніторыў тэлеграм-канал “Карэлічы 97%”, дзе пасля 10 гадзін вечара вельмі бурна абмяркоўваліся прозвішчы некаторых супрацоўнікаў, у тым ліку і яго. У нейкі момант у чаце з’явілася фота, дзе асоба пацярпелага была абведзеная, а знізу быў дапісаны тэкст абразлівага зместу.

Я знаходзіўся ў гэтым чаце ў момант абмеркавання. Размешчана інфармацыя была карыстальнікам з нікам Таццяна Чак. Адмін зрабіў заўвагу, каб яна выдаліла. Мной быў зроблены скрыншот. Пазней фота і тэкст зніклі”.

Публікацыю Аляксей Кот успрыняў негатыўна, адзначыў, што даўно служыць ў органах, дрэннага пра яго ніхто ніколі сказаць не мог. Чат “Карэлічы 97%” чытаюць яго знаёмыя і ў іх складваецца пэўнае меркаванне.

“У далейшым сталі паступаць пагрозы мне і маёй сям'і, дзякуючы вось гэтай вось дзяўчыне”, – сказаў міліцыянт.

Ён заявіў пазоў аб кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды ў памеры 2500 рублёў.

Абвінавачаная пазоў не прызнала.

Сведкамі ў судзе выступілі супрацоўнікі міліцыі Віктар Зінчанка і Дзмітрый Ляшкевіч. Яны распавялі, што 20 жніўня людзі сабраліся каля рынку, трымалі бела-чырвона-белыя сцягі, выказвалі незадаволенасць дзеючай уладай, слухалі песні. Было каля 40 грамадзянаў. Пасля публікацыі фотаздымку ў адрас Зінчанкі пачалі паступаць пагрозы.

З пісьмовых матэрыялаў справы вынікае, што скрыншот перапіскі ў чаце быў зроблены супрацоўнікам Ратамскім, а не Аляксеем Катом. Аднак у судзе Ратамскі дапытаны не быў, бо не з’явіўся.

Падчас спрэчак бакоў дзяржабвінаваўца прасіў суд прызнаць Таццяну Чак вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады, а грамадзянскі пазоў пацярпелага задаволіць у поўным аб’ёме.

У апошнім слове абвінавачаная сказала, што не прызнае віны:

“Я гэтага не рабіла. Усё, што я зрабіла, гэта апублікавала фота ў “Карателях”. Мне здаецца, што мне проста вырашылі адпомсціць, груба кажучы”.

У выніку суддзя Руслан Хіхол пагадзіўся з пазіцыяй пракурора і прызначыў Таццяне Чак тры гады “хатняй хіміі”, а таксама пастанавіў спагнаць з яе кампенсацыю на карысць пацярпелага ў памеры 1000 рублёў.


Абраза невядомая, бо суд закрылі

Суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд у дачыненні да тэхніка-праграміста Мікіты Бартко. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 КК РБ.

Справу разглядала суддзя Юлія Густыр, дзяржабвінаваўца – пракурор Нічыпарук.

Мікіта Бартко быў затрыманы 6 верасня на 3 сутак і змешчаны ў ІЧУ, затым да суда знаходзіўся пад асабістым паручальніцтвам.

Пра справу вядома небагата: па хадайніцтву пракуратуры суд разгледзеў пытанне аб правядзенні судовага паседжання ў закрытым рэжыме, паколькі ў матэрыялах справы ўтрымліваюцца экстрэмісцкія матэрыялы з канала і чата «Карнікі Беларусі».

26 кастрычніка суд пастанавіў прызнаць Мікіту Бартко вінаватым і пакараць яго абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.


Здзекі з дзяржаўных сімвалаў

У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавіча 25 кастрычніка вынеслі прысуд Аляксандру Бакуновічу, якога вінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў Мікалай Кміта, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў Уладзімір Карачун.

Згодна з абвінавачваннем, у ноч на 13 ліпеня 2021 года Аляксандр Бакуновіч знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення каля будынку ЖРЭУ г. Баранавічы, меў намер на здзек з дзяржаўнага сцяга і выказванне абразлівага стаўлення да дзяржаўнай сімволікі, наўмысна схапіў за дрэўка сцяга, які знаходзіўся ў кранштэйне на будынку, у прысутнасці іншых грамадзянаў, праяўляў паказную смеласць і дзёрзкія паводзіны, паламаў дрэўка на дзве часткі, чым наўмысна пашкодзіў дзяржаўны сімвал, пасля панёс сцяг да дома №17 па вул. Наканечнікава і кінуў яго на зямлю. Нанесеная шкода ЖРЭУ ад учынку абвінавачанага склала 4 рублі 70 капеек (за зламанае дрэўка).

Аляксандр Бакуновіч прызнаў віну цалкам. Распавёў, што вечарам 12 ліпеня сустрэўся са знаёмымі, выпіваў піва, пасля ішлі і абвінавачаны пабачыў сцяг, вырашыў зняць і памахаць ім. Адзначыў, што не меў ніякага дрэннага намеру. Калі Аляксандр зняў сцяг, то пабачыў, што дрэўка зламалася, спужаўся адказнасці, таму скруціў палатно і панёс яго далей. Нанесеную шкоду сплаціў у памеры 27 рублёў, хаця сцяг быў вернуты.

У судзе агучылі паказанні, якія абвінавачаны даваў падчас следства. Тады Аляксандр казаў, што без прычыны залез на падваконне , падскочыў да сцяга і павіс на ім, бо дрэўка адразу не зламалася, аднак “сваёй вагой наўмысна дзёрнуў за дрэўка з мэтай зламаць яго” і пасля памахаць сцягам. Калі дрэўка зламалася Бакуновіч са сцягам у руках апынуўся на зямлі, памахаў ім каля дзяўчын, пасля зразумеў, што зрабіў нешта супрацьпраўнае. У судзе абвінавачаны пацвердзіў, што на допыце даваў праўдзівыя паказанні.

На працэсе апыталі сведак – супрацоўнікаў ЖРЭУ і сябровак абвінавачаных, даследаваныя пісьмовыя матэрыялы справы.

Падчас спрэчак бакоў пракурор запрасіў пакаранне для абвінавачанага ў выглядзі двух гадоў “хіміі”.

Адвакатка казала, што заяўлены дзяржабвінавачваннем тэрмін вельмі суровы, прасіла вызваліць Бакуновіча ад крымінальнай адказнасці на падставе арт. 86 КК і прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафа ў мінімальна магчымым памеры.

У выніку суд пастанавіў прызнаць Аляксандра Бакуновіча вінаватым паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

***

А у судзе Івацэвіцкага раёна асудзілі 29-гадовага Яўгена Бухту. Як піша “Першы рэгіён”, 27 жніўня гэтага года абвінавачаны зняў чатыры сцягі з крамаў і ўстаноў. Тры склаў за будынкам пошты, адзін аднёс да помніка. Следства расцаніла гэта як здзек з дзяржаўнай сімволікі (арт. 370 КК РБ). Дзяржабвінаваўца Яна Дробыш прасіла прызначыць пакаранне ў два гады абмежавання волі з накіраваннем ва установу адкрытага тыпу. Суддзя Васіль Аўрусевіч вынес такі ж прысуд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства