Жлобінцам прысудзілі па два гады калоніі за мінулагоднія падзеі
У судзе Жлобінскага раёна 28 кастрычніка разгледжаная яшчэ адна крымінальная справа па абвінавачванні мясцовых жыхароў Яўгена Хар’янава і Уладзіслава Верасава ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ).
Суддзя - Мікалай Сяргеевіч, дзяржабвінаваўца – пракурор Аношка.
З матэрыялаў следства вядома, што 9 жніўня 2020 года Хар’янаў і Верасаў прымалі ўдзел у актыўных групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, блакавалі вуліцыі і тым самым перашкаджалі працы грамадскага пасажырскага транспарту і устаноў горада.
Былі затрыманыя на трое сутак 11 жніўня 2021 года і змешчаныя ў ІЧУ. Да суда абвінавачаныя знаходзіліся пад падпіскай аб нявыездзе.
Суд пастанавіў прызнаць Яўгена Хар’янава і Уладзіслава Верасава вінаватымі і прызначыць ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Абодва ўзятыя пад варту ў залі суда.
Акалічнасці справы высвятляюцца.