viasna on patreon

У Ляхавічах да калоніі і "хіміі" асудзілі бацьку і сына за расклейванне ўлётак з абразай Лукашэнкі

2021 2021-10-28T19:14:06+0300 2021-10-29T00:50:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaia_zala01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

У судзе Ляхавіцкага раёна 27 кастрычніка вынеслі прысуд Генадзю і Вячаславу Смірновым, якіх вінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), а Генадзя — яшчэ і ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодекса).

Справу разглядала суддзя Таццяна Жарко, бок дзяржабвінавачання прадстаўляла Дзіяна Клімовіч. Пацярпелым па справе быў прызнаны міліцыянер-кіроўца Ляхавіцкага РАУС Аляксандр Болтуць.

Паводле абвінавачвання, Генадзь Смірноў, маючы адзіны намер на знявагу гонару і годнасці А. Р. Лукашэнкі, набыў у нявызначаным месцы і ў нявызначаны час улёткі дэструктыўнага характару, пасля чаго 15 сакавіка 2021 года ў перыяд часу з 20.00 да 23.30 гадзін, дзейнічаючы групай асобаў па папярэдняй змове з сынам Вячаславам Смірновым, наўмысна, выказваючы адкрытую праяву непрыязнасці, размясціў улёткі з партрэтам Лукашэнкі і друкаваным тэкстам, якія змяшчалі негатыўную ацэнку ў адрас апошняга, на дошцы аб'яваў аўтобуснага прыпынку, на трансфарматарнай падстанцыі каля Ляхавіцкага райвыканкама і на металічнай апоры вулічнага асвятлення каля дома па вул. Гагарына, 9. На ўлётках змяшчаўся тэкст "Адольф Григорьевич Лукашенко" і "Нам нужен труп в одежде короля, а не живой придурок у руля", які быў кваліфікаваны як абраза прэзідэнта, а дзеянні абвінавачваных — паводле ч. 1 арт. 368 КК.

Увечары 3 жніўня 2021 года Генадзь Смірноў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення на тэрыторыі парку непадалёк ад памятнага знака "Фартэцыя", падчас яго затрымання за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў паводле ч. 1 арт. 19.3 і ч. 1 арт. 24.23 КаАП для дастаўлення ў РАУС аказаў супраціў, спалучаны з ужываннем гвалту, супрацоўніку міліцыі Аляксандру Болтуцю пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку і спыненні адміністрацыйных правапарушэнняў: абвінавачаны ўпіраўся, спрабаваў вырвацца падчас затрымання, а таксама нанёс удар галавой і ўдар нагой у вобласць галавы пацярпеламу, якія прыйшліся па надзетым на ім ахоўным шлеме. Такім чынам Генадзь Смірноў здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжаная ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса.

Генадзь Смірноў віну па абвінавачванні ў абразе прэзідэнта не прызнаў, а па абвінавачванні ў супраціве супрацоўніку міліцыі — прызнаў часткова. Вячаслаў Смірноў сваёй віны не прызнаў. На першым пасяджэнні ў абвінавачаных не было абаронцаў.

Падчас ператрусу дома ў Смірнова былі знойдзеныя ў кішэні курткі налепкі, якія, паводле абвінавачанага, Генадзь знайшоў раней на лаўцы ў горадзе. Падчас следства Генадзь адмаўляўся ад дачы паказанняў, не апазнаў ні сябе, ні сына на відэазапісах з камер назірання.

3 жніўня Генадзь Смірноў са знаёмым выпіў піва, пасля пайшлі ў горад з бела-чырвона-белымі сцягамі, завязанымі на спіне. На пытанне пракурора, навошта абвінавачваны ўзяў з сабой сцяг, ён адказаў:

"Калі выходзілі проста, то атрымлівалі проста так па 40 базавых, дык каб было хоць за што атрымліваць, хоць за сцяг".

Знаходзіліся побач з "Фартэцыяй" каля 15 хвілінаў, калі да Смірнова з таварышам падышлі два супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі прайсці ў аддзяленне дзеля высветлення асобы. Генадзь адмовіўся, візуальна ведаў міліцыянераў. Раней мужчыну тройчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. І ў той раз — 3 жніўня — мужчына не хацеў ехаць, бо "колькі можна ўжо ездзіць". Пасля гэтага абвінавачанаму пачалі заломваць рукі, ён адмахваўся і стукнуў галавой аб шлем міліцыянера-кіроўцу, нямоцна. Калі Генадзя ўжо паклалі на зямлю, падышлі яшчэ два супрацоўнікі, сталі "ламаць рукі і ногі", тады абвінавачваны ад болю проста адмахнуўся нагой і не бачыў нават, куды патрапіў.

"Я проста сядзеў на лаўцы, гэтым разам са сцягам, пад якім прымаў прысягу. Я не лічу, што парушыў закон. І за гэта мне можна рукі ламаць і ногі выкручваць?"

Генадзь не пярэчыў, што адмаўляўся прайсці ў Ляхавіцкае РУУС, але наўмысна гвалту не прычыняў.

На пытанне пракурора, ці выказваў раней Смірноў сваю пазіцыю і стаўленне да дзейснай улады, Генадзь сказаў:

"Я ніколі не займаўся палітыкай. Я выйшаў пасля 9 жніўня, калі пачаўся гэты бязлад і пачалі біць людзей, таму што ў мяне дачка магла патрапіць пад гэта. Забралі яе аднакурсніка на вуліцы проста так, чатыры дні не ведалі, дзе дзіця, трэнера забралі. Я выйшаў за будучыню сваіх дзяцей! Каб такога не было ў 21-м стагоддзі ў цэнтры Еўропы, каб людзі хадзілі мірна і спакойна. Вось за гэта я выйшаў, а палітыкай я ніколі не займаўся".

Пракурор: Якія-небудзь каментары адносна дзейснай улады пакідалі дзесьці?

Генадзь Смірноў: А хто сказаў, што яна дзейсная? Хто яе выбіраў? Дзе законныя выбары?

Далей у судзе дапыталі Вячаслава Смірнова, які сказаў, што нічога не рабіў, злачынства не здзяйсняў. Дома не бачыў ніякіх улётак, растлумачыць наконт іх канфіскацыі падчас ператрусу нічога не мог. Бачыў толькі бела-чырвона-белыя налепкі на лядоўні за дзень-два да затрымання, якія бацька знайшоў: яны яму спадабаліся, і ён наклеіў іх на лядоўню. Ніякіх іншых налепак не бачыў, сам нічога не ляпіў, убачыў фатаграфіі ўлётак толькі ў матэрыялах справы.

15 сакавіка адзначалі дзень народзінаў сястры з бацькам, былі дома, можа быць сам выходзіў у краму хвілін на 10-15, але дакладна ўжо не памятаў, пасля знаходзіўся дома. Таксама не пазнае па сілуэтах на скрыншотах з відэазапісаў ні сябе, ні бацьку. Канфіскаваныя прадметы адзення абвінавачваных падобныя да таго адзення, у якім невядомыя ляпілі налепкі і былі зафіксаваныя камерамі назірання.

Вячаслаў Смірноў заявіў, што на допыце на яго ціснулі, запалохвалі, што на два месяцы адправяць у СІЗА, ён на той момант суткі не еў, сядзеў некалькі гадзінаў у кайданках, таму даў паказанні пад прымусам, сказаў няпраўду.

У судзе агучылі паказанні, якія Вячаслаў даваў у якасці падазраванага па справе: тады ён казаў, што бацька паказаў яму ўлёткі рознага зместу і прапанаваў пайсці ў горад, папрасіў глядзець за абстаноўкай, пакуль ён будзе ляпіць. Увечары мужчыны выйшлі з дома, спачатку бацька ляпіў улёткі, а сын — сачыў за сітуацыяй, пазней Генадзь прапанаваў Вячаславу дапамагчы яму расклейваць, і сын пагадзіўся.

Абвінавачваны растлумачыў, што месцы налепвання прыдумляў, зыходзячы з тых скрыншотаў, якія ўбачыў на стале ў следчага, баяўся міліцыі і ціску з іх боку.

Пацярпелы Аляксандр Болтуць распавёў суду, што 3 жніўня быў на выездзе з участковым інспектарам Гурыным, паступіла паведамленне пра тое, што два чалавекі распіваюць спіртныя напоі ў парку. Калі падышлі да Генадзя Смірнова і яго знаёмага, спіртных напояў пры іх не было, але адчуваўся пах алкаголю, прапанавалі прайсці ў машыну і праехаць на агляд, але грамадзяне адмовіліся. Каля 10 хвілін спрабавалі ўгаворваць, а пасля пацярпелы ўзяў Генадзя за руку, а той павярнуўся і яго пхнуў нямоцна — ударыў галавой шлем, пацярпелы болю не адчуваў. Пасля гэтага да абвінавачванага і яго знаёмага пачалі ўжываць фізічную сілу — заломліваць рукі за спіну, Смірноў пачаў вырывацца, тады яго паклалі на зямлю, хацелі надзець кайданкі, у гэты момант Генадзь нанёс удар нагой пацярпеламу па галаве: болю ён не адчуў, але на шлеме ўтварылася расколіна. Ніякіх патрабаванняў не заяўляў.  

Апытаныя ў судзе сведкі-міліцыянеры паказалі суду, што Генадзь Смірноў аказваў супраціў пры затрыманні, а таксама, што падчас ператрусу дома ў абвінавачаных 18 сакавіка знайшлі падобныя ўлёткі ў кішэні ягонай курткі.

У другім судовым пасяджэнні ўдзельнічала абарона абвінавачваных, якая прасіла дапытаць абвінавачваных і сведак паўторна, бо адвакаты не ўдзельнічалі ад пачатку працэсу. Аднак суд адхіліў заяўленае хадайніцтва. Пасля даследаванняў пісьмовых доказаў адвакатка прасіла час для больш поўнага вывучэння матэрыялаў справы і падрыхтоўкі да спрэчак, але суддзя адмовіў у працягу судовага пасяджэння ў іншы дзень.

Падчас спрэчак бакоў пракурор сказаў, што, нягледзячы на непрызнанне абвінавачванымі сваёй віны, вінаватасць бацькі і сына Смірновых знайшла сваё пацверджанне падчас папярэдняга расследавання і судовага следства: Генадзь адмаўляўся ад дачы паказанняў, але Вячаслаў фактычна пацвердзіў распаўсюд разам з бацькам улётак з абразлівымі выказваннямі на адрас Лукашэнкі, а таксама апісаў размеркаванне роляў і месцы расклейвання. Прасіла суд прызнаць Генадзя Смірнова вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 368 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на адзін год, а таксама ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 2 арт. 363 КК і прызначыць пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на два гады. Канчаткова прызначыць Генадзю Смірнову шляхам частковага складання пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Таксама прызнаць вінаватым Вячаслава Смірнова ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 368 КК і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Таццяна Жарко.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства