viasna on patreon

За абразы, пагрозы гвалту і паклёп на сілавікоў у Полацку судзяць ураджэнку Узбекістану

2021 2021-10-15T09:25:51+0300 2021-10-15T13:12:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/polack-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд горада Полацка. Фота: "Віцебская Вясна"

Суд горада Полацка. Фота: "Віцебская Вясна"

У судзе Полацка і Полацкага раёна 14 кастрычніка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 52-гадовай прадаўшчыцы Зухры Берасневай, якая абвінавачваецца адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК) і паклёп (арт.188 КК РБ).

Справу разглядае суддзя Андрэй Дзергачоў. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае памочнік пракурора Мікіта Белавусаў.

Ураджэнку Узбекістану абвінавацілі ў тым, што яна 22 кастрычніка 2020 года публічна абразіла начальніка і супрацоўнікаў Полацкага РАУС Аляксандра Гаруса, Віталя Шашукова і Дзяніса Карасёва. Паводле абвінавачання Зухра Бераснева пад нікнэймам «Ачумець» ў тэлеграм-супольнасцях «Новополоцк97» і «Полоцк97» у 21 гадзіну 20 хвілін пакінула паведамленне, якое супярэчыць агульначалавечай маралі, устаноўленым правілах зносін, якое, згодна з заключэннем, судова-лінгвістычнай экспертызы змяшчае негатыўную ацэнку дадзеных супрацоўнікаў і з'яўляецца ненарматыўнай формай маўленчага выказвання, а таксама мае прыкметы вербальнай агрэсіі (арт. 369 КК).

22 кастрычніка мінулага года ў 21.25 выказала пагрозу «Смерць Карасёву» ў дачыненні да начальніка аддзела аховы правапарадку аддзела прафілактыкі грамадскай бяспекі падпалкоўніка Дзяніса Карасёва, якую ен ўспрымаў як рэальную.

23 кастрычніка мінулага года ў 10.15 наўмысна размясціла паведамленне «Шашукоў брыдота, будзем знішчаць цябе да апошняга, цябе ... (нецэнзурнае слова)», якое змяшчае пагрозу ў адрас намесніка начальніка Полацкага ІЧУ маёра Віталя Шашукова, якую ен ўспрымаў як рэальную і ў яго былі падставы асцерагацца ажыццяўлення дадзеных пагроз. Абедзве пагрозы ўжывання гвалту размешчаныя ў супольнасці «Новополоцк97» і «Полоцк97».

18 снежня мінулага года Зухра пераслала публікацыю з супольнасці "Чорная кніга Беларусі" пра Дзяніса Карасёва аб месцы яго працы і ілжывыя звесткі аб тым, што ён з'яўляецца арганізатарам і адказным за затрыманне мірных пратэстоўцаў у горадзе Полацку, а менавіта, 10 і 11 жніўня 2020 года асабіста ўдзельнічаў у збіцці грамадзян, а таксама затрыманнях выбаршчыкаў на выбарчых участках 9 жніўня 2020 года,  у чат «Стоп таракан. Свабоду Сяргею Ціханоўскаму».

Зухра Бераснева прызнала віну часткова. У самым пачатку пасяджэння жанчына адмовілася ад абаронцы.

Жанчыну затрымлівалі і змяшчалі ў ізалятар на трое сутак з 12 па 14 сакавіка. У дачыненні да яе праводзіліся аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.

Пацярпелы Аляксандр Гарус, у 2020 годзе  ўзначальваў Полацкі РАУС, а зараз начальнік упраўлення па барацьбе з кіберзлачыннасцю УУС Віцебскага аблвыканкама, растлумачыў суду, што падчас маніторынгу сеткі інтэрнэт былі выяўлены шэраг надпісаў у адрас супрацоўнікаў РАУС: «Падлы, гарыце». Пасля рапарту супрацоўнікі адшукалі нікнэйм карыстальніка, пасля чаго скарысталіся магчымасцямі па  ўсталяванні асобы, якая пакінула каментар. На думку пацярпелага, абвінавачаная павінна панесці пакаранне, але не звязанае з пазбаўленнем або абмежаваннем волі. На пытанне суддзі аб тым, ці знаёмы пацярпелы з абвінавачванай, Гарус паведаміў, што муж абвінавачванай да яго прыходу на пасаду працаваў у РАУС, але быў звольнены за ўчыненне ДТЗ у нецвярозым стане.

Пацярпелы намеснік начальніка Полацкага ІЧУ Віталь Шашукоў, у службовыя абавязкі якога ўваходзіць забеспячэнне аховы і размяшчэнне асоб у ізалятары, растлумачыў, што выяўленыя яго калегамі пагрозы ён успрымаў як рэальныя ў дачыненні да сябе і блізкіх. Шашукову стала вядома пра тое, хто размясціў публікацыю ў яго адрас ад следчага.

На ягоную думку, абвінавачаная павінна быць прыцягнутая да адказнасці, але пакаранне не павінна быць звязанае з пазбаўленнем або абмежаваннем волі, каб чалавек зразумеў сваю памылку. На пытанне суддзі аб тым, ці мог хто-небудзь паддацца на такія дзеянні і заклікі, пацярпелы адказаў сцвярджальна.

Пацярпелы Дзяніс Карасёў, які працуе начальнікам спецізалятара Полацкага РАУС суду растлумачыў, што муж абвінавачванай працаваў пад яго кіраўніцтвам, на навагоднім карпаратыве пазнаёміўся з абвінавачванай. Калі даведаўся, чыя жонка змясціла публікацыі -  «быў у шоку». Карасёў растлумачыў, што падчас маніторынгу сеткі Інтэрнэт супрацоўнікі выяўлялі дэструктыўна настроеных карыстальнікаў, пасля чаго складалі рапарты. Па словах пацярпелага, размешчаная яго фатаграфія ў тэлеграм-супольнасцях зроблена ў 2018 годзе, калі ён яшчэ не займаў сваёй пасады. Як растлумачыў пацярпелы, размешчаныя звесткі аб тым, што ён нібыта «ўдзельнічаў у затрыманнях на выбарчых участках і катаваннях у постэлектаральны перыяд» не адпавядае рэчаіснасці, таму што ён у дні пратэстаў не выбываў з РАУС і нават дадому не хадзіў, на тэрыторыі Полацка не прысутнічаў і ў названых дзеяннях не прымаў ніякага ўдзелу.

Дзяніс Карасёў растлумачыў суду, што жадае прыцягнуць да адказнасці Зухру Берасневу, але не пазбаўляць волі, ён спадзяецца, што гэта была памылка і жанчына ўжо раскаялася. Пасля ўбачанага каментара Карасёў стаў баяцца за сваё жыццё, сваіх сваякоў, паколькі ў яго адрас былі пагрозы смерці, абмяркоўвалася яго месца жыхарства, у сувязі з чым ён баяўся за сваю маёмасць. Начальнік спецізалятара таксама распавёў, што пасля публікацый у яго адрас паступалі званкі з пагрозамі па вайберу.

Судовае пасяджэнне працягваецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства