viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2021

2021 2021-10-01T17:51:01+0300 2021-10-04T13:58:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_sept_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. Па дадзеных ПЦ "Вясна", у верасні судамі былі вынесеныя прысуды ў дачыненні да прынамсі 103 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах;
  • у месцах несвабоды знаходзяцца 715 палітвязняў; іх колькасць працягвае павялічвацца;
  • у следчых ізалятарах па адвольных абвінавачваннях працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч; каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова; сябра арганізацыі, кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры «Вясны» Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк;
  • у ізалятарах і калоніях працягваюць утрымлівацца не менш за 24 журналісты і супрацоўнікі СМІ;
  • уладамі ў Вярхоўны суд пададзены заявы аб ліквідацыі Беларускага Хельсінскага камітэта і «Прававой ініцыятывы» — уплывовых праваабарончых арганізацый (на момант публікацыі БХК ліквідаваны);
  • працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жытле і тэрыторыях. Усяго за верасень суддзямі за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў накладзена не менш як 17 штрафаў на агульную суму 1 150 базавых велічынь (33,35 тысяч беларускіх рублёў) і не менш за 64 адміністрацыйныя арышты агульнай працягласцю ў 924 сутак. З іх па арт. 24.23 КаАП (парушэнне правілаў арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) – 6 штрафаў і 19 арыштаў;
  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі па палітычных матывах, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў пазбаўлення волі бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ “Вясна” як катаванні;
  • 24 верасня 2021 года на 48-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог па прамежкавай вуснай абноўленай інфармацыі УВКПЧ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

Крымінальны пераслед па палітычных матывах у Беларусі працягвае заставацца найбольш жорсткай формай рэпрэсій, якая распаўсюджваецца на ўсё новыя грамадскія групы, захоўваючы масавы і паўсюдны характар.

ПЦ "Вясна" вядома аб прынамсі 103 асобах, асуджаных на працягу верасня па палітычных матывах да розных відаў пакарання, у тым ліку – звязанага з пазбаўленнем волі.

Колькасць палітвязняў па стане на 1 кастрычніка склала 715 чалавек і працягвае няўхільна расці.

У СІЗА працягваюць утрымлівацца па надуманых абвінавачваннях старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, сябра Рады, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч, каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" Марыя (Марфа) Рабкова, сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры «Вясны» Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

У судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля 3 верасня пачаўся працэс над праваабаронцам "Вясны" Леанідам Судаленка і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а роўна фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Суддзя пастанавіў праводзіць суд у закрытым рэжыме на працягу ўсяго разгляду.

6-7 верасня ў Вільні (Літва) адбылася каардынацыйная сустрэча, прысвечаная падтрымцы пазбаўленых свабоды праваабаронцаў "Вясны" ў межах кампаніі #FreeViasna. 17 верасня, у першую гадавіну пачатку ў Беларусі беспрэцэдэнтных рэпрэсій супраць Праваабарончага цэнтра "Вясна" больш за 20 міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый распачалі кампанію з патрабаваннем вызваліць семярых затрыманых сяброў "Вясны" і прыцягнуць увагу да цяжкага становішча сотняў іншых вязняў, якія сталі ахвярамі крымінальнага пераследу і апынуліся ў зняволенні выключна за ажыццяўленне свайго права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркавання.

У той жа дзень каардынатарцы валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на 3 месяцы.

6 верасня Мінскі абласны суд пасля месяца разгляду ў закрытым рэжыме вынес прысуд палітвязням Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Суддзя Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) і ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім) і прысудзіў адпаведна да 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі. Парушэнне прынцыпу галоснасці і іншых працэсуальных гарантый абвінавачаных выключыла магчымасць вынесці прысуд з захаваннем прынцыпаў справядлівага суда.

Першы намеснік старшыні Следчага камітэта Алег Шандаровіч паведаміў, што з 9 жніўня 2020 года зарэгістравана больш за 5 000 «злачынстваў, звязаных з пратэснымі акцыямі». З іх за дзевяць месяцаў 2021 г. – каля 3,3 тыс. Справы, звязаныя з «экстрэмісцкай, пратэснай актыўнасцю», складаюць усяго 5,5% ад агульнага масіва крымінальных спраў у краіне. Зарэгістравана амаль 2 000 фактаў паклёпу і абразаў, учыненых, як правіла, з выкарыстаннем інтэрнэту. Па звестках СК, каля 80% такіх «злачынстваў» здзейсненыя замежнымі грамадзянамі. Каля чвэрці зарэгістраваных фактаў – апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. Як адзначыў Шандаровіч, з рэальным прымяненнем гвалту здзейснена менш за 3% злачынстваў гэтай катэгорыі.

Да цяперашняга часу завершана расследаванне па 2 тыс. пратэсных крымінальных справах у дачыненні да амаль 1,5 тыс. чалавек. Напрыклад, па брэсцкай «карагоднай» справе крымінальны пераслед вёўся ў дачыненні да 129 чалавек, у дачыненні да 104 з якіх расследаванне скончана, справы перададзеныя пракурору. Зараз у вытворчасці СК знаходзяцца каля 1,1 тыс. крымінальных спраў у дачыненні да больш за 1,2 тыс. фігурантаў.

Чыноўнік выявіў і геаграфічную асаблівасць: «для ўсходніх рэгіёнаў Беларусі пратэсная актыўнасць была менш характэрная. У Віцебскай, Магілёўскай і нават Гомельскай абласцях значна менш ўзбуджана крымінальных спраў, чым у Мінску, Гродне і Брэсце».

Па дадзеных праваабарончага цэнтра "Вясна", з канца верасня 2020 года беларускія суды асудзілі па палітычных крымінальных артыкулах мінімум 958 чалавек. З іх – 158 жанчын і 800 мужчын. За мінулы год за ўдзел у пратэстах асудзілі 17 непаўналетніх, з іх 11 былі прысуджаныя да пазбаўлення волі ў выхаваўчых калоніях для непаўналетніх, астатнія – да абмежавання волі і арышту. Да пазбаўлення волі ў калоніі прысуджаная большая частка ўсіх асуджаных – 444 чалавекі; абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прызначанае 239 асобам, без накіравання ў ПУАТ асудзілі 232 чалавек, пакаралі штрафам 12 чалавек, крымінальным арыштам 23 чалавекі. Чацвярым пазбаўленне волі прызначана з адтэрміноўкай выканання прысуду і толькі аднаму чалавеку ў якасці пакарання абралі прымусовую меру выхаваўчага характару.

Парушэнні свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў.

13 верасня ў Мінгарсудзе ў закрытым пасяджэнні разгледзелі скаргу на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай палітзняволенай Вольгі Залатар. Cтало вядома, што акрамя арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) яе таксама абвінавачваюць па ч. 1 і 2 арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і навучанне асоб для ўдзелу ў іх) і ч. 6 арт. 16 ч. 1 арт. 342 КК (дапамаганне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак): так улады інтэрпрэтавалі цалкам правамерную грамадскую «дваровую» актыўнасць падчас і пасля выбараў 2020 года. Вольга выхоўвае пецярых дзяцей.

Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць «адпрацоўку» гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэснай сімволікі, затрымліваюць на працы; праводзяць ператрусы і допыты.

У Мінску адна з такіх «адпрацовак» скончылася трагічна: Андрэй Зельцэр, гаспадар кватэры, куды, узламаўшы дзверы, уварваліся сілавікі ў цывільным, сустрэў іх стральбой з зарэгістраванай паляўнічай зброі, смяротна параніў аднаго з тых, хто нападаў, і быў забіты у адказ. Жонка Зельцэра – Марыя Успенская – была адвольна затрыманая па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве.

КДБ Беларусі паспяшалася назваць загінулага А. Зельцэра асабліва небяспечным злачынцам, а Генеральная пракуратура на наступную раніцу паведаміла вынікі праверкі, праведзенай па факце ўжывання зброі супрацоўнікамі КДБ. Следчым камітэтам распачата крымінальная справа па факце забойства супрацоўніка КДБ.

Рыторыка аб адпрацоўцы «адрасоў, па якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарызму», падчас якой уваход у жыллё з пашкоджаннем замкоў дапускаецца толькі пры пераследзе асоб, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынства, альбо пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што там здзяйсняецца або здзейснена злачынства, дазнанне і папярэдняе следства па якім заканадаўчымі актамі аднесены да ведання органаў дзяржаўнай бяспекі, або знаходзiцца асоба, якая схавалася ад органаў, якія вядуць крымінальны працэс, змянілася сцвярджэннем аб наяўнасцi ў групы сілавікоў правамернай мэты – правядзення ператрусу, санкцыянаванага пракурорам, пры якім дапускаецца ускрыццё памяшканняў.

Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

Усяго за верасень суддзямі за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў накладзена не менш як 17 штрафаў на агульную суму 1 150 базавых велічынь (33,35 тысяч беларускіх рублёў) і не менш за 64 адміністрацыйныя арышты агульнай працягласцю ў 924 сутак. З іх па арт. 24.23 КаАП (парушэнне правілаў арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) – 6 штрафаў і 19 арыштаў.

За апошні месяц суддзямі накладзена не менш як 7 адміністрацыйных штрафаў і 12 арыштаў за распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, «якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць» па арт. 19.11 КаАП; гэтая норма часта выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў.

На працягу двух тыдняў у судзе Фрунзенскага раёна суддзя Інэса Курко разглядала грамадзянскі пазоў “Мінсктранса” да палітвязня Дзмітрыя Кубарава, асуджанага за арганізацыю масавых беспарадкаў. Суд спагнаў з яго на карысць "Мінсктранса" больш за 45 тысяч рублёў шкоды, нібыта нанесенай спыненнем транспарту з 18:30 11 жніўня да 01:10 12 жніўня каля станцый метро "Малінаўка" і "Пятроўшчына" у Мінску, і дзяржпошліну, а ўсяго – каля 16 тысяч еўра. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта першае рашэнне суда аб спагнанні кампенсацыі за "блакаванне дарог" падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе.

Распаўсюджаным інструментам рэпрэсій зараз з'яўляецца пераслед па такіх крымінальных складах, як паклёп на прэзідэнта, абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 367, 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодня па ўсёй Беларусі праходзяць судовыя пасяджэнні па гэтых артыкулах.

Так, у 2020 годзе ў "Аднакласніках" была апублікаваная гісторыя пра жорсткага ўчастковага з Бабруйска па прозвішчы Камар. Пад яго фота Алеся Бахун размясціла каментар: "Ну і харя!". Суддзя з Гомеля Шаршнёў асудзіў яе да двух гадоў абмежавання волі.

20 красавіка 2021 г. Алена Гнаук, знаходзячыся ў зале Дома правасуддзя ў г. Брэсце, у ходзе допыту ў якасці абвінавачванай у рамках іншай крымінальнай справы выказала фразу, у якой, на думку абвінавачвання, змяшчалася абраза ў адрас А. Лукашэнкі. На разглядзе "справы карагодаў" пенсіянерка сказала: "9 жніўня мінулага года ўладу захапіў не зусім здаровы псіхічна чалавек...", за што была пакараная ў крымінальным парадку – ёй на адзін год было павялічана раней прызначаны пакаранне – абмежаванне волі.

7 верасня ў судзе Заводскага раёна вынесены прысуд па чарговай крымінальнай справе ў дачыненні да палітвязня Аляксея Ліпеня за абразу службовай асобы (арт. 369 КК РБ). Да гэтага яго судзілі за абразу супрацоўнікаў міліцыі ў сацыяльных сетках тройчы: 13 красавіка, 31 траўня і 15 ліпеня. У агульнай складанасці ён быў асуджаны на 5 гадоў абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Прысудам тэрмін зняволення ў папраўчай установе – 5 гадоў – не змяніўся.

У ходзе адвольнага затрымання Дзмітрыя Ляўковіча двое супрацоўнікаў АУС павалілі таго на зямлю, закруцілі яму рукі, і адзін з іх пачаў біць яго нагой па галаве. Падчас збіцця ён крыкнуў "Адпусціце, п***ры!". Пацярпелымі апынуліся двое супрацоўнікаў міліцыі. Ляўковіч быў асуджаны да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Гэтыя і іншыя выпадкі сведчаць аб працягу практыкі рэпрэсій за выказванні, у тым ліку ў сацыяльных сетках, за іншыя формы выказвання меркаванняў.

Ціск на журналістаў і СМІ

У месцах пазбаўлення волі на канец верасня 2021 года знаходзіліся не менш за 24 прадстаўнікі СМІ.

Журналістаў па-ранейшаму рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць іх ды іх жытло, падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійнага абавязку.

Прайшоў ператрус у кватэры кіраўніка спартыўнага партала "Трыбуна" Максіма Бярэзінскага: была ўзламаныя дзверы, канфіскаваныя жорсткі дыск камп’ютара, некалькі носьбітаў інфармацыі, белыя і чырвоныя бранзалеты, магніт з "Пагоняй", бейсбольная біта з лагатыпам "Трыбуны". Таксама вядома, што за некалькі дзён да таго прайшоў ператрус яшчэ ў аднаго супрацоўніка партала.

СК адмовіў змяніць меру ўтрымання палітвязню, галоўнаму рэдактару "Нашай Нівы" Ягору Марціновічу; таксама яму не дазволена спатканне са сваякамі. Як паведамляла "Наша Ніва", Ягор Марціновіч звяртаўся з хадайніцтвам аб змене меры ўтрымання – пад асабістае паручальніцтва. Два вядомыя беларускія навукоўцы падалі заявы ў СК, гарантуючы, што гатовыя паручыцца за Марціновіча. Аднак следчы адхіліў хадайніцтва.

Па пастанове пракуратуры Брэсцкай вобласці абмежаваны доступ да рэсурсу media-polesye.bу. На падставе рашэння Міністэрства інфармацыі заблакаваныя сайты belaruspartisan.by, freesmi.by і 6tv.by. На падставе рашэння Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі Рэспублікі Беларусь Міністэрства інфармацыі 29 верасня прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу kp.by. Акрамя таго за верасень прызнаныя экстрэмісцкімі больш за 40 тэлеграм-каналаў і груп у сацыяльных сетках сацыяльна-палітычнай тэматыкі. Гэта азначае забарону на цытаванне любых матэрыялаў з названых крыніц пад пагрозай штрафу і адміністрацыйнага арышту.

Пералічаныя абмежаванні свабоды слова не могуць быць абгрунтаваныя дапушчальнымі з пункту гледжання міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека меркаваннямі і довадамі.

Парушэнні свабоды асацыяцыяў

Улады Беларусі працягваюць практыку татальнага абмежавання права на свабоду асацыяцыяў. У верасні ліквідаваны «Экадом» — адна з найстарэйшых НКА, якая займалася пытаннямі экалогіі. Заснаваны ў 1996 годзе, «Экадом» прасоваў зялёную энергетыку, экалагічны лад жыцця, ідэі ўстойлівага развіцця. Пададзеныя зыскі аб ліквідацыі Беларускага Хельсінскага камітэта (ліквідаваны 1 кастрычніка) і «Прававой ініцыятывы» — уплывовых беларускіх праваабарончых арганізацый.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненню вінаватых да адказнасці выступіла з заявай у адказ на рашэнне Следчага камітэта Беларусі, які 26 жніўня абвясціў, што інфармацыя аб катаваннях і іншых злачынствах, у тым ліку жорсткім абыходжанні і сэксуальным гвалце, не будзе расследавацца ў рамках крымінальных спраў і, такім чынам, не прывядзе да судовага пераследу вінаватых. Паведамленне СК “дэманструе нежаданне Беларусі праводзіць аператыўнае, эфектыўнае і бесстаронняе расследаванне абвінавачванняў у дачыненні дзяржаўных органаў да злачынстваў, прадугледжаных міжнародным правам”. “Адмова Следчага камітэта ва ўзбуджэнні крымінальных спраў парушае абавязацельствы Беларусі ў галіне міжнароднага права”, — гаворыцца ў заяве.

У пачатку лютага 2021 г. у судзе Мінскага раёна за пашкоджанне машыны жонкі аднаго з кіраўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) – намесніка начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай работы Аляксандра Гейца – былі асуджаныя пяць менчукоў. У канцы красавіка іх адправілі адбываць пакаранні ў розныя калоніі, дзе некаторыя з іх сутыкнуліся з ціскам. Паўла Сахарчука ў "Ваўчыных норах" па надуманых прычынах адпраўляюць у ШІЗА, пазбаўляюць перадач і спатканняў, блакуюць перапіску. Ягора Яўстратава ў наваполацкай калоніі №1 змясцілі на паўгода ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) і адправілі дакументы ў суд з перспектывай замены рэжыму на больш строгі. Пасля чатырох месяцаў здзекаў і катаванняў у магілёўскай калоніі №15 Арцёма Анішчука перавялі ў гомельскае СІЗА. Родныя зняволеных звязваюць ціск на сваіх блізкіх у калоніях з службовым становішчам пацярпелага.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска пры разглядзе крымінальнай справы Паўла Яіцкага абвінавачваны расказаў аб катаваннях, якім ён падвергнуўся пасля затрымання: за Паўлам прыйшлі двое ў цывільным, надзелі за спіной кайданкі, павялі да аўтамабіля. Па дарозе да аўтамабіля білі ў жывот, заломлівалі рукі, хоць ён не аказваў супраціву. У памяшканні ГУБАЗіКа білі па ягадзіцах, прымушалі падпісаць нейкія паперы, пры гэтым увесь час білі дубінкамі. У СІЗА ў Паўла былі зафіксаваныя гематомы на целе. Суд не зрабіў намаганняў па арганізацыі расследавання катаванняў і вынес прысуд.

Таксама пра катаванні заяўляюць фігуранты іншых палітычна матываваных крымінальных спраў.

Гэтыя і іншыя факты не былі расследаваныя; вінаватыя ў катаваннях засталіся беспакаранымі.

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. Праваабаронцам "Вясны" працягвае паступаць інфармацыя аб нечалавечых умовах утрымання ў ізалятарах Мінска. Затрыманыя і арыштаваныя па палітычных матывах ўтрымліваюцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць ні медыцынскай дапамогі, ні прагулак, ні перадач. Супрацоўнікі ЦІПа не рэагуюць на скаргі пра прусакоў у камерах, а тых, хто захварэў COVID-19 часта не лечаць і не ізалююць ад здаровых людзей.

У жорсткіх умовах трымаюць таксама зняволеных па крымінальных справах; падвяргаюцца ціску і катаванням зняволеныя ў калоніях.

Гарантыі справядлівага суда

Да пачатку верасня з'явілася інфармацыя аб тым, што адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Дзмітрый Лазавік быў выкліканы на пасяджэнне Кваліфікацыйнай камісіі 11 жніўня 2021 г. для праходжання чарговай атэстацыі, аднак на само пасяджэнне не з'явіўся. Адвакат пакінуў межы краіны; 13 жніўня па месцы рэгістрацыі адваката прайшоў ператрус у рамках крымінальнай справы, у якой Д. Лазавік з'яўляецца абаронцам (па абвінавачванні палітвязня філосафа Уладзіміра Мацкевіча).

21 верасня 2021 года Міністэрствам юстыцыі было прынятае рашэнне аб спыненні дзеяння спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, выдадзеных Карпушонак Вользе, Князь Юліі і Маславу Яўгену.

Смяротнае пакаранне

5 верасня на тэлеканале СТВ ў перадачы «Тыдзень» выйшаў сюжэт, прысвечаны расследаванню серыі забойстваў пенсіянераў пад Слуцкам у 2019 годзе, за якія Віктар Скрундзік быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Інфармацыя ў ім падавалася так, быццам прысуд у дачыненні да жыхара Слуцка ўжо мог быць прыведзены ў выкананне. “Сёння яму 30. Ці магло б быць. Першы смяротны прысуд ў 2021 годзе”, – сказала журналістка. Але сястра Віктара Надзея не атрымоўвала афіцыйнага пацверджання выканання прысуду. Паводле яе слоў, апошні ліст ад брата яна атрымала 19 жніўня.

Як адзначае каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда, да гэтага часу таксама няма афіцыйнага пацверджання выканання смяротнага прысуду ў дачыненні да Віктара Паўлава. Пра тое, што хутчэй за ўсё яго расстралялі, сястра асуджанага да смяротнага пакарання паведаміла яшчэ 10 чэрвеня.

Між тым, Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў 7 верасня сваё рашэнне па справе Аляксея Міхалені, расстралянага ў траўні 2018 г. Камітэт прыйшоў да высновы, што права Міхалені на жыццё і шэраг іншых правоў былі парушаныя згодна з артыкулам 6 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання ў выніку несправядлівага суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства