Палітвязня Аляксея Ліпеня асудзілі за паўгады у чацверты раз
У судзе Заводскага раёна 7 верасня разглядалася чарговая крымінальная справа, заведзеная на Аляксея Ліпеня за абразу службовай асобы (арт. 369 КК РБ).
Дагэтуль яго судзілі за абразу супрацоўнікаў міліцыі ў сацыяльных сетках тройчы: 13 красавіка, 31 мая, і 15 ліпеня. Агулам быў асуджаны на 5 год абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу.
Крымінальныя справы былі заведзеныя за тое, што на працягу двух месяцаў Аляксей пакідаў абразлівыя каментары і пагрозы ў адрас міліцыянтаў ў адным з тэлеграм-каналаў.
Беларускай праваабарончай супольнасцю Аляксей Ліпень прызнаны палітычным зняволеным.
Новую крымінальную справу разглядае суддзя Алена Капцэвіч.
У якасці чарговага пацярпелага выступае старшы ўчастковы інспектар міліцыі Светлагорскага РАУС, маёр міліцыі Аляксандр Перавядзенцаў.
Аляксея Ліпеня асудзілі на 5 гадоў "хіміі" і вызвалілі ў залі суда
Пацярпелы на пасяджэнне не з'явіўся з прычыны службовай занятасці і складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. Аднак падаў матэрыяльны пазоў за маральныя пакуты ў памеры 3 000 рублёў.
Па матэрыялах следства, 30 лістапада 2020 года ў тэлеграм-канале “Карнікі Беларусі” было размешчана фота Перавядзенцава, а ў яго адрас быў напісаны каментар у абразлівай форме з нецэнзурнымі словамі.
“Мне пачалі казаць, што бачылі маё фота. Тады я зарэгістраваўся ў тэлеграм-канале і пабачыў той каментар. Там падпісана 60 000 чалавек,” – казаў пацярпелы па папярэднім допыце.
Ліпень у судзе тлумачыць:
“Я палічыў, што чалавек здзейсніў злачынства, напісаў толькі адно слова і выйшаў з інтэрнэту. Напісаў на эмоцыях. Раскайваюся ў зробленым, але пазоў не прызнаю”.
Суд пастанавіў пакараць Ліпеня штрафам у памеры 1 000 руб, без дабаўлення тэрміну абмежавання волі.
Па ранейшых судах абвінавачаны павінен быў сплаціць кампенсацыю нанесенай маральнай шкоды пацярпелым супрацоўнікам міліцыі ў памеры 5 500 рублёў і судовыя выдаткі ў памеры 522 рублі. Цяпер гэтая сума, з улікам новага матэрыяльнага пазову, істотна вырасла.