viasna on patreon

Да "хатняй хіміі" і "хіміі" асудзілі шэраг грамадзянаў за абразу прэзідэнта і прадстаўнікоў улады

2021 2021-09-03T19:39:34+0300 2021-11-28T11:17:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/femida_3_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Илюстрацыйнае фота БелаПАН.

Илюстрацыйнае фота БелаПАН.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самымі распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Анекдот пра Лукашэнку і яго малюнак у выглядзе клоўна. Прысуды па дыфамацыйных артыкулах за апошні тыдзень жніўня

"Вясна" распавядае, каго і за што ў апошні тыдзень лета асудзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Адзін год “хіміі” за сарваны са сцяны сцяг

У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы 30 жніўня разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да 21-гадовага Валерыя Нямкевіча, якога вінавацілі ў здзеку над дзяржаўным сцягам (арт. 370 КК).

Справу разглядаў суддзя Сяргей Данільчык, бок дзяржабвінавачвання падтрымлівала Святлана Пасемка.

Паводле абвінавачвання, 17 красавіка Валерый Нямкевіч меў намер на здзек і імкненне публічна прадэманстраваць сваё непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, у прысутнасці старонніх грамадзянаў праявіў паказную смеласць і дзёрзкія паводзіны - сарваў са сцяны ЖРЭА разам з кранштэйнам дзяржаўны сцяг, пранёс яго да лаўкі насупраць Дома гандлю "Вясёлка" і пакінуў там. Сваімі дзеяннямі абвінавачаны ўчыніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана арт. 370 Крымінальнага кодэкса.

Віну Валерый Нямкевіч прызнаў цалкам. Суда патлумачыў, што ў той вечар адпачываў у кампаніі сяброў у бары, а калі бар зачыніўся – яны накіраваліся ў бок плошчы. На шляху абвінавачаны зняў сцяг з будынку ЖРЭА, далей кампанія пайшла да плошчы, пабачылі аўтамабіль міліцыі, таму Валерый пакінуў на лаўцы сцяг.

ЖРЭА не заяўляла аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, бо ў дасудовым парадку сам абвінавачаны звяртаўся ў арганізацыю і пакрыў нанесеную шкоду ў памеры 33 рублёў 74 капейкі. Таксама Валерый Нямкевіч хадайнічаў аб вызваленні яго ад крымінальнай адказнасці, бо раней ён не судзімы, вярнуў сцяг у належным выглядзе, ніякіх прэтэнзіяў ЖРЭА яму не выказвала, казаў, што гатовы панесці адміністрацыйную адказнасць. Суд далучыў хадайніцтва да матэрыялаў справы.

У спрэчках бакоў Святлана Пасемка прасіла суд прызнаць Валерыя Нямкевіча вінаватым і пакараць яго абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год. Менавіта такое рашэнне і вынес суддзя Сяргей Данільчык.

За слова “сволочь” у адрас Караева жыхару Баранавічаў прысудзілі два гады “хіміі”

31 жніўня ў судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы адбыўся суд над Андрэем Званаровым, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады.

Па словах пракурора Івана Гаўдзея, мужчына 28 кастрычніка 2020 года з дапамогай тэлефона ў тэлеграм-канале “Бараўкі Свабодныя” пад фотаздымкам былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева наўмысна змясціў абразлівы каментар у адрас прадстаўніка ўлады.

Андрэй Званароў віну прызнаў цалкам, абараняў сябе сам. Ён патлумачыў, што ўдзельнічаў у тэлеграм-чаце “Бараўкі Свабодныя”, заклікаў выключна да мірнага вырашэння накіпелых праблемаў у грамадстве, ніколі не заклікаў да агрэсіі, адзначыў, што мае шмат сяброў, якія працуюць у праваахоўных органах, і калі іншыя людзі выказвалі нешта негатыўнае ў дачыненні да прадстаўнікоў закона, ён ніколі іх не падтрымліваў. Аднак, калі была апублікаваная інфармацыя, дзе Караеў заклікаў бяздумна выкарыстоўваць баявую зброю, Андрэй абурыўся:

“На маю думку, гэта разыходзіцца як з нормамі закона, гэтак і з чалавечымі маральнымі [ўстаноўкамі]. І тым больш сітуацыя на той момант была дастаткова напружаная”.

Ён на эмоцыях выказаў сваё стаўленне – напісаў слова “сволочь” пад фотаздымкам былога міністра МУС, якое, на думку абвінавачанага, з’яўляецца літаратурным.

Удзелу ў пратэставых мітынгах Андрэй Звараноў не прымаў. Калі размяшчаў каментар, абвінавачаны не меў намеру нікога канкрэтна абразіць, а проста хацеў выказаць свае адносіны да напісанага ў публікацыі.

Пракурор прасіў суд прызнаць Андрэя Званарова вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК і пакараць яго двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, тэлефон мужчыны канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства. Суддзя Іна Паўлоўская пагадзілася з прапановай пракурора і прызначыла абвінавачанаму два гады “хіміі”.

Яшчэ адна "хатняя хімія" за каментар пад пастом Вольгі Карач

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 31 жніўня адбыўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачанні жыхаркі абласнога цэнтра Алесі Бахун у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

bahun_sud.jpeg
Алеся Бахун у судзе. Фота spring96.org

Справу разглядаў суддзя Яўген Шаршнёў, бок абвінавачвання прадстаўляў пракурор Яўген Фартушняк.

Пацярпелы супрацоўнік міліцыі на суд не з’явіўся па прычыне выезду ў службовую камандзіроўку.

Пракурор хадайнічаў аб закрыцці працэсу у мэтах захавання асабістых звестак пацярпелага – супрацоўніка міліцыі Бабруйскага РАУС Комара. Абвінавачаная падтрымала хадайніцтва, і суддзя прыняў рашэння зрабіць працэс закрытым.

Праваабаронцам стала вядома, што 9 ліпеня 2020 года у сетцы "Аднакласнікі" на старонцы Вольгі Карач была апублікаваная гісторыя аб жорсткім участковым з Бабруйска па прозвішчы Комар. Пад яго фота Алеся размясціла каментар: "Ну і хара!". Напрыканцы лютага ці пачатку сакавіка па месцы жыхарства Бахун быў праведзены ператрус.

Дзяржабвінаваўца запрасіў для Алесі Бахун два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Суддзя Шаршнёў пагадзіўся з прапановай пракурора і асудзіў жанчыну да двух гадоў “хатняй хіміі”, абавязаў яе выплаціць кампенсацыю пацярпеламу ў памеры 1000 рублёў.

«Была абурана прысудам за надпіс «Не забудем! Не простим!»: за каментар пра Касьянчык мінчанку асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі»

31 жніўня суддзя Анастасія Ляйкоўская асудзіла 43-гадовую бухгалтарку Юлію Куксу да двух гадоў «хатняй хіміі».

Тры гады “хіміі” прызначылі Аляксандру Грыневічу за абразу міліцыянта

1 верасня 2021 года судом Маскоўскага раёна г. Брэста разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да Аляксандра Грыневіча, якога вінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Паводле абвінавачвання, Аляксандр Грыневіч 18 кастрычніка 2020 года, знаходзячыся за межамі Рэспублікі Беларусь, у адным з тэлеграм-каналаў пад фотавыявай супрацоўніка міліцыі грамадскай бяспекі Ленінскага РАУС Брэста размясціў абразлівы каментар.

Мужчына прызнаў віну цалкам.

У судовых спрэчках дзяржаўны абвінаваўца Андрэй Манько прасіў суд пакараць Грыневіча абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады. Менавіта такі прысуд і вынес суддзя.

За каментар пад сумесным фотаздымкам Лукашэнкі і Пуціна хлопца асудзілі на 1,5 гады “хатняй хіміі”

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 1 верасня вынеслі прысуд 19-гадоваму Глебу Лук’янцову, якога абвінавачвалі ў абразе прэзідэнта.

sud_babruisk.jpg

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляла Ірына Хадневіч.

Паводле абвінавачвання, Глеб Лук'янцоў 8 чэрвеня 2021 каля 00:06 гадзін знаходзіўся па месцы жыхарства, падзяляючы і прытрымліваючыся ідэй сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады, выказваючы адкрытую праяву непрыязнасці, маючы намеры, мэту і жаданне, накіраваныя на публічную абразу і прыніжэнне гонару і годнасці Аляксандра Лукашэнкі, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства, ад імя карыстальніка “Молчание закурило и забыло затянуться” пакінуў у тэлеграм-чаце “Каратели Беларуси” абразлівы каментар пад публікацыяй супольнай выявы Лукашэнкі і Пуціна з тэкстам да яе: “Самая мілая пара Усходняй Еўропы. Як вы думаеце, хто ў гэтых адносінах мужчына?” Сваімі наўмыснымі дзеяннямі, на думку пракурора, абвінавачваны здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжаная арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Глеб Лук'янцоў віну прызнаў цалкам. У судзе растлумачыў, што 8 чэрвеня быў дома, не меў мэты на абразу прэзідэнта, а проста напісаў каментар. На пытанні пракурора адказваў, што разумеў, што сваімі дзеяннямі падрывае аўтарытэт і дзяржавы, і яе кіраўніка. Каментар абвінавачваны пакінуў на эмоцыях “з-за прадастаўлення крэдыту Беларусі”.

У мінулым годзе хлопец ўдзельнічаў у пратэстных мітынгах, але не часта, ніякіх мэтаў не пераследваў, а хацеў проста паглядзець. Быў затрыманы 10 жніўня 2020 года на адны суткі.

У якасці сведкі была дапытаная маці Глеба Лук’янцова, якая характарызавала сына са станоўчага боку. Пасля былі вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы, у тым ліку скрыншот з телеграм-канала з абразлівым каментаром. Дзяржабвінаваўца прасіла вывучаць матэрыялы справы ў закрытым рэжыме, суд адхіліў такое хадайніцтва, аднак вырашыў “дзеля этыкі не зачытваць пакінуты каментар услых”.

У спрэчках бакоў пракурорка звярнула ўвагу суда на тую акалічнасць, што абвінавачаны ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, а ў наступным – пакінуў каментар у адрас кіраўніка дзяржавы, які носіць негатыўную ацэнку. Ірына Хадневіч запэўнівала, што выпраўленне Глеба Лук'янцова можа быць дасягнута толькі пры прызначэнні яму пакарання, звязанага са строгай ізаляцыяй ад грамадства, і прасіла пазбавіць хлопца свабоды тэрмінам на адзін год. Таксама прасіла суд меру стрымання змяніць на заключэнне пад варту, а мабільны тэлефон канфіскаваць.

Абвінавачаны прызнаў, што здзейсніў памылку. У апошнім слове сказаў:

“Я ўсведамляю сваю віну і раскайваюся”.

У выніку суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі пастанавіў прызнаць Глеба Лук'янцова вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.

Дзяўчына з Магілёва атрымала 1,5 гады хатняй хіміі за пост паўтарагадовай даўніны

2 верасня суд Ленінскага раёна вынес прысуд Юліі Мельнікавай, якой ставілася ў віну абраза супрацоўніка міліцыі з Гродна.

Паводле матэрыялаў справы, у траўні 2020 года Мельнікава пакінула ў “Аднакласніках” пост, у якім назвала аднаго з гродзенскіх сілавікоў “уё..ом”. Характэрна, што зрабіла яна гэта, знаходзячыся ў Санкт-Пецярбургу.

Змякчальнай акалічнасцю на працэсе стала тое, што Мельнікава цяжарная.

Вынікам працэсу сталі 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама задавальненне іску на 1000 рублёў маральнай кампенсацыі пацярпеламу.

Дарэчы, такі ж тэрмін “хатняй хіміі” 1 верасня атрымаў па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і магілёвец Антон Сідаровіч. У столькі ацанілі яго каментар са словам “чмо” ў адрас гродзенскага міліцыянта, таксама пакінуты ў “Аднакласніках”. Справу разглядала суддзя Нікіфарава.

За абразу гродзенскага міліцыянта мінчука асудзілі на тры гады “хатняй хіміі”

У судзе Ленінскага раёна г. Мінска 2 верасня вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Руслана Літвіна, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады.

Справу разглядала суддзя Юлія Шут, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляла Загароўская. Пацярпелым па справе быў прызнаны памочнік начальніка Ленінскага РУУС г. Гродна Уладзімір Казлоўскі, які нібыта быў збіты на выбарчым пікеце, пасля чаго быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.

Згодна з абвінавачваннем, Руслан Літвін 31 кастрычніка 2020 года, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады, пакінуў абразлівы каментар пад публікацыяй фота і персанальных звестак міліцыянта Казлоўскага ў тэлеграм-чаце “Каратели Беларуси”, чым здзейсніў злачынства па арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Пацярпелы на пасяджэнне не з’явіўся, але заявіў іск аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў.

Руслан Літвін віну прызнаў, у судзе абараняў сябе сам. Заяўленую кампенсацыю прызнаў часткова, гатовы выплаціць 500 рублёў пацярпеламу. Раней абвінавачаны ўжо быў асуджаны за аналагічнае злачынства судом Партызанскага раёна г. Мінска 13 траўня да трох гадоў “хатняй хіміі”.

Суду Руслан Літвінаў сказаў, што не можа патлумачыць, як усё адбывалася, бо прайшоў амаль год, але не аспрэчваў абвінавачванне: карыстаўся тэлефонам, дзе быў усталяваны тэлеграм. Не памятаў, што за публікацыя была, але відаць пад эмоцыямі, не разабраўшыся, што праўда, а што – не, – пакінуў каментар, якім выказаў сваё абурэнне. З пацярпелым знаёмы не быў і не звязваўся сам, але “аператыўнікі прапанавалі запісаць прабачэнні на відэа”, на гэта Руслан пагадзіўся. Да зробленага ставіцца дрэнна, раскайваецца і прызнае віну.

Пасля гэтага ў судзе зачыталі паказанні пацярпелага, дзе было адзначана, што 31 кастрычніка звяртаўся з заявай міліцыю па факту размяшчэння яго персанальных звестак у тэлеграм-канале “Каратели Беларуси”. Уладзіміру Казлоўскамі сталі паступаць тэлефанаванні і смс-паведамленні, а таксама паведамленні ў розных месэнджарах і сацсетках з пагрозамі прымянення гвалту ў дачыненні да яго і членаў яго сям’і, а пад самой публікацыяй было размешчана шмат каментароў абразлівага характара ў яго адрас, у тым ліку і каментар Руслана Літвіна. Міліцыянт палічыў, што пакінуты абвінавачаным каментар абразлівы, які прыніжае яго гонар і годнасць, дзелавую рэпутацыю, а таксама імідж супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, за што ён хацеў прыцягнуць Літвіна да адказнасці.

Дзяржабвінаваўца ў спрэчках бакоў адзначыла, што віна Літвіна поўнасцю даказаная яго паказаннямі, агалошанымі паказаннямі пацярпелага і пісьмовымі матэрыяламі па справе, прасіла прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады, задаволіць іскавае патрабаванне міліцыянта ў памеры 1500 рублёў, а мабільны тэлефон абвінавачанага канфіскаваць у даход дзяржавы.

Абвінавачаны паўтарыў, што прызнае віну і раскайваецца, прасіў зменшыць памер кампенсацыі.

Суддзя Юлія Шут вынесла прысуд, згодна з якім пакарала Руслана Літвіна трыма гадамі “хатняй хіміі”, абавязала абвінавачанага сплаціць кампенсацыю пацярпеламу ў памеры 1500 рублёў. Таксама суддзя вынесла прыватную пастанову, якая будзе накіраваная па месцы працы Літвіна, каб з ім была праведзеная выхаваўчая размова.

На год абмежавання волі без накіравання асудзілі Уладзіміра Віткоўскага з Бабруйску

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 3 верасня вынеслі прысуд па крымінальнай справе Уладзіміра Віткоўскага, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады.

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляла Ірына Ісакава. Пацярпелым па справе праходзіў начальнік Ганцавіцкага РАУС Віталь Куляшоў, на пасяджэнне ён не з’явіўся.

Паводле абвінавачвання, Уладзімір Віткоўскі ў стане алкагольнага ап’янення 24 чэрвеня 2020 года пакінуў абразлівы каментар “п*дар” пад фотаздымкам Віталя Куляшова і тэкстам на ім: “Гэта я аддаў загад затрымліваць, збіваць і душыць мірных дэманстрантаў і журналістаў у Ганцавічах”, які быў размешчаны на старонцы Вольгі Карач у “Аднакласніках”. Сваімі дзеяннямі абвінавачаны хацеў наўмысна прынізіць аўтарытэт, гонар і годнасць супрацоўніка праваахоўных органаў, публічна яго абразіць, чым здзейснім злачынства паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Віткоўскі прызнаў віну цалкам. Ён быў затрыманы адразу пасля закрыцця бальнічнага ліста на трое сутак – з 19 па 21 чэрвеня 2021 года. У судзе абараняў сябе сам. Абвінавачаны мае праблемы са спіной, суддзя дазволіў адказваць яму седзячы.

У судзе Уладзімір Віткоўскі патлумачыў, што з Куляшовым знаёмы не быў, не памятае дакладна падзей таго дня, але сказаў, што пад фота было шмат каментароў з ненарматыўнай лексікай, ён таксама напісаў каментар з ноўтбука. Патлумачыў, што зрабіў учынак пад эмоцыямі ад таго, што прачытаў у тэксце на выяве з міліцыянтам, у здзейсненым раскайваецца.

З матэрыялаў справы стала зразумела, што пад фотаздымкам на старонцы Вольгі Карач было пакінута 252 каментары, ў якіх паводле аналізу эксперта-лінгвіста мелася негатыўная ацэнка пацярпелага Куляшова, у тым ліку і каментар Віткоўскага меў ненарматыўную форму моўнага выказвання.

У абвінавачана 12 сакавіка адбыўся ператрус, пасля якога былі канфіскаваныя тры мабільных тэлефона і ноутбук. У матэрыялах справы маецца інфармацыя з гісторыі браўзера, з якой вынікае, што Віткоўскі заходзіў у “Аднакласнікі”.

Падчас спрэчак бакоў пракурорка Ірына Ісакава прасіла суд прызнаць Уладзіміра Віткоўскага вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год, а таксама прызначыць штраф у памеры 150 базавых велічыняў, ноутбук канфіскаваць у даход дзяржавы.

Віткоўскі сказаў, што шкадуе аб тым, што зрабіў, аднак нічога назад не павернеш. Абяцаў, што ў далейшым такое не паўторыцца.

У выніку суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі пастанавіў пакараць мужчыну адным годам “хатняй хіміі” (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову), ноутбук канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства, а з мабільных тэлефонаў зняць арышт.

Жыхара Вілейкі асудзілі на два гады “хатняй хіміі” за абразу Лукашэнкі і Карпянкова

3 верасня ў судзе Вілейскага раёна агучылі прысуд 38-гадоваму Яўгену Самалю, якога вінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Паводле прадстаўніка пракуратуры Андрэя Жукоўскага, мужчына ў снежні 2020 года з дапамогай мабільнага тэлефона наўмысна апублікаваў на сваёй персанальнай старонцы ў “Вконтакте” відэазапіс, у назве і тэксце якога мелася негатыўная ацэнка Лукашэнкі, выказаная ў грубай, непрыстойнай форме. Ён жа з намеру на публічную абразу намесніка міністра ўнутраных спраў Карпянкова ў лютым 2021 года, выкарыстоўваючы ноўтбук, наўмысна апублікаваў у сацсетцы відэазапіс, у назве і тэксце якога таксама мелася негатыўная ацэнка міліцыянта. Публікацыі Самаля былі даступныя для прагляду неабмежаванаму колу карыстальнікаў.

Суддзя Канстанцін Калядоў прызнаў мужчыну вінаватым і па сукупнасці злачынстваў канчаткова прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на два гады, а таксама выплаціць кампенсацыю пацярпеламу Карпянкову ў памеры 1000 рублёў. Самаль ужо аплаціў іск і перадаў квіток аб аплаце суду.

Алену Гнаўк пакаралі 3 гадамі "хатняй хіміі", але яе затрымалі ў зале суда за здымку абвяшчэння прысуду

У судзе Ленінскага раёна Брэста 3 верасня абвясцілі прысуд па крымінальнай справы па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта) супраць брэсцкай 64-гадавы актывісткі Алены Гнаўк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства