viasna on patreon

Палітзняволеных Марыю Калеснікаву і Максіма Знака асудзілі да 11 і 10 гадоў калоніі адпаведна

2021 2021-09-06T12:06:23+0300 2021-10-01T15:45:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kolesnikova_znak_sud_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 6 верасня, у будынку Мінскага раённага суда пасля месяцу разгляду крымінальнай справы вынесеныя прысуды палітзняволеным Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі ў закрытым рэжыме па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім) і асудзіў да 10 (Максіма) і 11 (Марыю) гадоў пазбаўлення волі. Знаку прызначылі ўзмоцнены рэжым калоніі, Калеснікавай — агульны.

Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе. Фота: Reuters
Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе. Фота: Reuters

У чым іх абвінавацілі?

Калеснікаву і Знака абінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 357, ч. 3 арт. 361 і ч.1 арт. 361-1. У крымінальнай справе 41 том. У сувязі з тым, што суд праходзіў у закрытым рэжыме, адвакаты Калеснікавай і Знака знаходзяцца пад падпіскамі аб неразгалошвання, канкрэтныя эпізоды абвінавачвання невядомыя. Інфармацыю пра крымінальную справу супраць палітвязняў перад перадачай у суд прадаставіла Генеральная пракуратура.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваныя "сумесна з іншымі асобамі не пазней за 16 ліпеня 2020 года ўступілі ў таемную змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. 

Асновай для рэалізацыі такой задумы паслужыла паспяхова апрабаваная ў шэрагу краін методыка змены ўлады незаконным шляхам. Яна прадугледжвала акумуляванне прадстаўнікоў пратэснага руху дзеля фармавання неарганізаванай масы людзей як прылады дасягнення мэтаў і спосабу фармавання пратэснага настрою ўдзельнікаў. Методыка была адаптавана да беларускай грамадзянскай супольнасці і сучаснага ўзроўню развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. 

Паводле плану, яны ў розных месцах, абвясціўшы і пазіцыянуючы сябе прадстаўнікамі пераважнай большасці грамадзян Беларусі, рыхтавалі і публічна агучвалі заявы пра перамогу на выбарах кандыдата Ціханоўскай С.Г., страту народам Беларусі даверу да органаў улады і кіравання, слабасць дзейснай улады. Заклікалі да «страйкаў» на дзяржаўных прадпрыемствах з высоўваннем выключна палітычных патрабаванняў як легальнага спосабу выказвання свайго меркавання. Неаднаразова наўпрост і ў завуаляванай форме заклікалі да прызнання выбараў несапраўднымі, а дзейснага кіраўніка дзяржавы — нелегітымным. 

На прэс-канферэнцыі, праведзенай 18 жніўня 2020 года ў Мінску, Калеснікава, Знак і шэраг іншых асобаў заявілі пра стварэнне па ініцыятыве Ціханоўскай С.Г. так званай «кардынацыйнай рады» як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадства для арганізацыі перадачы ўлады. 

Хаваючы свой матыў, у якасці афіцыйнай мэты стварэння «кардынацыйнай рады» яны заявілі арганізацыю працэсу пераадолення палітычнага крызісу, забеспячэнне згоды ў грамадстве, а таксама абарону суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. 

Разам з тым сапраўднай мэтай стварэння «кардынацыйнай рады» з'яўлялася каардынацыя пратэснай актыўнасці, у тым ліку па арганізацыі і правядзенні дзеянняў, накіраваных на:

  • захоп дзяржаўнай улады і змену палітычнага кіраўніцтва неканстытуцыйным шляхам;
  • распальванне палітычнай, ідэалагічнай і сацыяльнай варожасці ў грамадстве;
  • публічныя заклікі да перашкаджэння законнаму функцыянаванню органаў дзяржаўнай улады і кіравання. 

Названыя кірункі працы «кардынацыйнай рады» сведчаць пра ажыццяўленне ім экстрэмісцкай дзейнасці". 

Пра што казалі Марыя і Максім у апошнім слове?

Як адзначае прэс-служба штаба Віктара Бабарыкі, на жаль, пачуць апошнія словы Марыі Калеснікавай і Максіма Знака ніхто, акрамя суддзі, пракурора і адвакатаў, не змог, але яны даведаліся некаторыя падрабязнасці.

Пачала выступ Марыя на беларускай мове, працытаваўшы ўрывак Альгерда Бахарэвіча, які ёй даслалі ў лісце салідарныя беларусы. Марыя адзначыла, што працэс над ёй і Максімам гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе па ім рашэнне.

Казала Маша аб маральным выбары, сумленні, павазе і любові да людзей. Аб тым, што з якой бы афарбоўкай па тэлебачанні ні гучала слова «дэмакратыя», нельга ігнараваць тое, што напісана пра нашу краіну ў Асноўным законе.

Яна падзякавала ўсім адвакатам, якія былі пазбаўленыя права на прафесію ў ходзе гэтага працэсу, і скончыла апошняе слова характэрным выступам Марыі Калеснікавай аб будучыні Беларусі, нібы і года не прайшло.

Максім Знак выступаў з апошнім словам амаль 3 гадзіны.

Адвакат Уладзімір Пыльчанка падзяліўся ўражаннем ад выступаў у судзе Марыі і Максіма:

"Вельмі годныя выступы. Максім больш выказваўся па юрыдычнай частцы, у Марыі выступ быў у большай меры эмацыйным. Яна расказвала аб сваіх каштоўнасцях і каштоўнасцях штаба Бабарыка. Марыю перабівалі некалькі разоў, паколькі суд палічыў, што яе тлумачэнні не ставіліся да абставін справы. Тым не менш, Марыя выказала ўсё, што хацела сказаць. Максіма не перабівалі. Максім выступаў каля трох гадзін".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства