viasna on patreon

Гомель: Справа Прахарэнкі - 23 пацярпелыя, абвінавачаны на судзе не прысутнічае Дапоўнена

2021 2021-09-29T16:30:10+0300 2021-09-30T09:08:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/homel-savecki-sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Суд Савецкага раёну Гомеля 29 верасня разглядае крымінальную справу ў дачыненні да Юрыя Прахарэнкі, якога вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі або народнага заседацеля) і арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Па справе праходзяць 23 пацярпелыя.

Крымінальную справу разглядае суддзя Андрэй Лагуновіч.

Сам абвінавачаны ў судзе не прысутнічае, сваякі кажуць, што малады чалавек знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане, у яго заўважаныя панічныя атакі.

За тры месяцы зняволення Юрый пахудзеў на 20 кілаграмаў.

Прахарэнку затрымалі ў Гомелі 11 жніўня 2020 года, моцна збілі ў Навабеліцкім РАУС і, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, пакаралі адміністрацыйным арыштам на 12 сутак.

Быў вызвалены на трэці дзень.

Экспертыза паказала, што на фоне затрымання і збіцця ў жніўні 2020 году, а таксама крымінальнага пераследу і змяшчэння ў турму ў яго развілася псіхічнае расстойства. Ягоныя інтарэсы на судзе прадстаўляе бацька.

Паводле афіцыйнага абвінавачання, Юрый быў падпісаны на каналы, дзе публікаваліся асабістыя звесткі сілавікоў. Сярод іх - "Дыянон" і ЧКБ. Са снежня мінулага года па красавік 2021 года ён пісаў «каментары абразлівага характару, выказаныя ў непрыстойнай форме», паведамляе падрабязнасці Радыё Свабода.

Сяргей Прахарэнка, бацька абвінавачанага, на судзе расказаў, што сын працаваў грузчыкам. Быў апалітычны. Позна ўвечары 11 жніўня 2020 году яго затрымалі ў цэнтры гораду, калі ён вяртаўся дахаты з прагулкі.

«Яго затрымалі, потым моцна пабілі ў Навабеліцкім РАУС. Потым далі 12 сутак, але Юры адсядзеў толькі 3 дні. Ён зафіксаваў сляды збіцця, пісаў скаргі на затрыманне і біцьцё, але следчыя не знайшлі вінаватых. Напісалі нам у адказе, што ўсе былі ў балаклавах, таму немагчыма вызначыць, хто менавіта яго пабіў», — тлумачыў на судзе бацька абвінавачанага.

Судовае пасяджэнне працягнецца ў 10 гадзін 13 кастрычніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства