Рэчыцкую пенсіянерку Хлусевіч прызналі вінаватай у абразе супрацоўніка міліцыі і пакаралі "хатняй хіміяй"
У судзе Рэчыцкага раёну 15 верасня вынесены прысуд 65-гадовай пенсіянерцы Людміле Хлусевіч. Яе вінавацілі ў абразе супрацоўніка міліцыі з Вілейкі Жарыкава па артыкуле 369 КК РБ.
Справу разглядала суддзя Марыя Кацуба, дзяржабвінавчванне прадстаўляла пракурорка Юля Гародная.
Нагадаем, пад адным з пастоў у сацыяльных сетках Хлусевіч пакінула каментар з аднаго слова: “Тварь”.
За апошнія паўгода пенсіянерка з анкалагічнаю хваробаю (у яе - лейкоз) перажыла ператрус, каля 10 допытаў, праверку ў адной крымінальнай справе і абвінавачванне ў другой.
Крымінальны працэс над Хлусевіч пачаўся яшчэ 25 чэрвеня. Але ў сувязі з тым, што Людміла Хлусевіч падчас следства пісала перадсмяротную запіску, дзе прасіла ў выпадку яе заўчаснай смерці вініць ва ўсім дзяржаву, суддзя Кацуба прызначыла комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.
Людміла Хлусевіч: "Нас можна забіваць, а тут за адно слова судзяць”
На перадапошнім судовым пасяджэнні 13 верасня суддзя агучыла заключэнне экспертаў, якія прыйшлі да высновы, што падчас напісання абразлівых каментароў абвінавачаная не знаходзілася ў стане афекту і асэнсоўвала свае ўчынкі і магчымыя наступствы.
Дзяржабвінаваўца лічыць, што віна Хлусевіч цалкам даказаная сабранымі доказамі. Яна мяркуе, што ў справе няма памякчальных абставінаў і з улікам грамадскай небяспекі яе злачынства і каб перашкодзіць паўторнаму аналагічнаму злачынству, прапанавала пакараць 65-гадовую пенсіянерку – абмежаваннем волі тэрмінам на два гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу - «хатняй хіміяй»
Сёння суддзя Кацуба пастанавіла: пакараць Хлусевіч абмежаваннем волі на год і шэсць месяцаў без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Людміла мае намер абскарджваць прысуд у абласным судзе і ў міжнародных інстанцыях.