viasna on patreon

Іллю Гапона асудзілі на 3 гады калоніі за размяшчэнне ў тэлеграме спосабаў барацьбы з міліцыянтамі

2021 2021-09-08T20:09:13+0300 2021-09-09T12:10:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 верасня ў Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 46-гадоваму Іллі Гапону, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Нагадаем, мужчыну вінавацілі ў тым, што ён, маючы намер на наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, прытрымліваючыся і падзяляючы ідэю стварэння непрыязнасці, нецярпімасці, негатыўнага стаўлення шырокага кола асобаў у дачыненні да супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, усведамляючы публічнасць учыненых ім дзеянняў і жадаючы іх здзейсніць, размясціў 11 верасня 2020 года ў тэлеграм-чаце "Элехтарат" у вольным доступе свае выказванні, у тым ліку наступнага зместу:

“Усё трэба рабіць ўтойліва, нечакана, высякаць і раззбройваць мянтоў толькі са 100% упэўненасцю ва ўласнай бяспецы. Калі вас шэсць і вы ўпэўненыя адзін у адным, а мусароў двое, не саромейцеся - дастаем палкі і б'ем наводмаш, б'ем, каб вывесці яго з ладу надоўга. А ўвогуле даўно пара перавесці ўвесь супраціў на ночь, прыцэльна біць, кропкава, па канкрэтных людзях, іх маёмасці, блізкіх. Выбірайце аднаго, пераключайце на яго ўсю сваю ўвагу. Даведзяце яго і яго блізкіх да істэрыкі і самі пры гэтым не запаліцеся - лічыце, што вы зрабілі больш, чым 10 разоў схадзілі б на плошчу са сцяжком. А яшчэ, калі і фізічна пашкодзілі, і на камеру знялі, то пры перамозе вы нацыянальны герой. Біць трэба ззаду і адразу вельмі моцна, біць палкай моцна зверху, наводмаш. Аднаго абавязкова біць ўдваіх, а лепш ўтрох. Не даваць ім засяродзіцца, сыпаць ўдарамі. Біце палкамі, арматурай, гідраўлічнымі шлангамі ад трактароў. Біце моцна, з мэтай зламаць, паўтараю”.

Паводле заключэння эксперта, выказванне мела пабуджальны характар, які заклікае да гвалтоўных дзеянняў адной групы асобаў у дачыненні да іншай групы асобаў, аб'яднаных па прафесійнай прыкмеце.

Сам абвінавачаны ў судзе пацвердзіў, што ўсяго было размешчана каля 15 яго выказванняў і каментароў, што мелі падахвочваючы характар дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

«Хай будзе тройчы пракляты тэлеграм!»: у Гомелі судзяць мужчыну за распальванне сацыяльнай варожасці

31 жніўня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да Іллі Гапона, якога вінавацяць у размяшчэнні ў адным з тэлеграм-чатаў паведамлення з апісаннем метадаў барацьбы з прадстаўнікамі сілавых структур у сувязі з леташнімі акцыямі пратэсту.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Юры Мохараў адзначыў:

“Разгледжаная крымінальная справа з'яўляецца пацвярджэннем таго, што, незалежна ад адукацыі, сямейнага становішча, якіх-небудзь характарыстык, працоўнай занятасці чалавека, учыненыя ім супрацьпраўныя дзеянні ў сетцы Інтэрнэт маюць сур'ёзныя грамадскія і прававыя наступствы, за якія даводзіцца адказваць у рэальным жыцці.

Па выніках разгляду гэтай крымінальнай справы мяркую, што вінаватасць абвінавачанага ў здзяйсненні інкрымінаванага яму злачынства цалкам даказаная”.

Пракурор указаў, што ў судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну, а падчас папярэдняга следства – адмаўляў, што сведчыць аб тым, што Гапон спрабаваў прынізіць сваю ролю ў інкрымінаванай яму дзеі. Падкрэсліў, што тэкст выказванняў, месца іх размяшчэння, свабодны да іх доступ, а таксама колькасць удзельнікаў групы - 456 асобаў, якія мелі магчымасць паглядзець размешчаныя абвінавачаным каментары і выразы, сведчаць пра тое, што Ілля Гапон усведамляў грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў, а значыць дзейнічаў з прамым намерам.

Юры Мохараў быў упэўнены, што выпраўленні абвінавачанага можа быць дасягнутае толькі пры ізаляцыі яго ад грамадства, прасіў суд прызнаць Іллю Гапона вінаватым і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады з адбываннем ва ўмовах агульнага рэжыму.

Абаронца прасіла прыняць да ўвагі змякчальныя абставіны і прызначыць пакаранне не звязанае з пазбаўленнем волі.

Суддзя Руслан Царук пастанавіў прызнаць Іллю Гапона вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адбываннем ва ўмовах агульнага рэжыму. Канфіскаваць у даход дзяржавы мабільны тэлефон абвінавачанага як сродак здзяйснення злачынства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства