Праваабаронцы "Вясны": Мы абяцаем працягнуць сваю дзейнасць па барацьбе з катаваннямі
Учора Следчы камітэт заявіў, што завяршыў праверку па зваротах грамадзян, якія пацярпелі ад жорсткасці сілавікоў падчас затрымання на мірных акцыях пратэсту і ў месцах пазбаўлення волі. У завядзенні крымінальнай справы адмоўлена. Следчыя заявілі, што не было ні катаванняў, ні сэксуальнага здзеку. На думку ведамства, падача гэтых зваротаў насіла «кіраваны характар». З заявамі аб правядзенні праверкі па фактах «нібыта супрацьпраўных дзеянняў з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» звярнуліся 680 чалавек. Сцвярджаецца, што сіла і спецсродкі ўжываліся ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона «Аб органах унутраных спраў» і іншых нарматыўных прававых актаў. Ведамства сцвярджае, што грамадзяне атрымалі свае траўмы «ў месцах правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і масавых беспарадкаў». Праваабаронцы "Вясны" выказаліся наконт адмовы ў завядзенні крымінальнай справы па фактах жорсткасці сілавікоў.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" глыбока расчараваны высновамі Следчага камітэта па выніках разгляду зваротаў і паведамленняў аб прымяненні катаванняў да ўдзельнікаў мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі і іншадумцаў у ізалятарах ГУУС Мінгарвыканкама ў перыяд з 9 па 13 жніўня 2020 года.
Вынікам праверачных дзеянняў, якія доўжыліся год, стала бессаромная хлусня і бяздарная імітацыя збору і ацэнкі доказаў. Іншага чакаць было цяжка: праз месяц пасля зверстваў сілавікоў у ізалятарах Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю ўжо выказаў уласную версію гісторыі жніўня:
"На Акрэсціна атрымалі, а хто атрымаў? Самая вялікая супярэчнасць "зэкаў" і "мянтоў" — яны ненавідзяць адзін аднаго. І на Акрэсціна трапіла вельмі шмат, каго я называю "ўркі", па 12 разоў судзімыя і іншае. І вось калі яны п'яныя і абкураныя, а іх там было 60%, яны рынуліся на гэтых хлопцаў [ахоўнікаў на Акрэсціна], і вядома, яны ім адказалі. Ну і натуральна, хтосьці там кагосьці абараняў, ім перапала. Але не АМАПаўцы, АМАПаўцаў на Акрэсціна не было".
Гэтую ж гісторыю ён пераказаў і ў гадавіну выбараў. Відавочна, трэцяга "намёку" кіраўнікі СК чакаць не сталі, і "перагарнулі старонку" — вось толькі мы ўсё памятаем.
Мы памятаем усё. Крыкі з-за плота ізалятараў, вар'яцтва ў вачах людзей, якія выйшлі з гэтага пекла, іх твары і вопратку ў крыві і брудзе. Бегаючыя вочы і маўчанне аднаго міліцэйскага начальніка і прарываючую агрэсію іншага, а галоўнае — мы ведаем, што пацярпелыя таксама памятаюць усё.
Мы памятаем уласны боль і бяссільную лютасць, калі да нас у офісы "Вясны" адзін за адным прыходзілі людзі з жудаснымі сінякамі на ўсю спіну, рукі або сцёгны, мы памятаем дрыготкія рукі нашых аператараў і слёзы ў вачах валанцёраў, якія дакументавалі катаванні, дзень за днём, сотні гадзін болю і жаху. Дзясяткі даведак з бальніц і клінік: гематома, гематома, пералом, гематома, адкрытая рана, ЗЧМТ, гематома... Увесь гэты масіў інфармацыі цяпер перададзены "Вясной" Міжнароднай платформе для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці і ў бяспечнай еўрапейскай краіне аналізуецца і сістэматызуецца для наступнай дзейнасці па пераследзе вінаватых у злачынствах супраць чалавецтва.
Мы пакідаем на сумленні следчых тое, што імі марнаваўся час на ўстанаўленне "кіраванага характару падачы зваротаў" ахвярамі катаванняў замест прыцягнення да адказнасці тых, хто арганізаваў кіраваную паўсюдную атаку на грамадзян уласнай краіны, але не маем намеру дараваць катаванні суграмадзян, мы абяцаем працягнуць сваю дзейнасць па барацьбе з катаваннямі і не пакінем сваіх намаганняў па падтрымцы тых, хто будзе дамагацца прыцягнення вінаватых у злачынствах супраць чалавецтва да крымінальнай адказнасці.
Мы абяцаем бясплатную юрыдычную дапамогу кожнаму, хто звернецца ў ПЦ "Вясна" па дапамогу ў абскарджанні незаконных пастановаў аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы і падтрымку тым, хто гатовы дамагацца прыцягнення злачынцаў да адказнасці ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, знаходзячыся ў Літве. Абавязак перад ахвярамі катаванняў не дасць нам спыніцца, нават калі нас, "Вясну", будуць працягваць пераследваць памагатыя тых, хто абвясціў вайну свайму народу.
Мы выйграем гэтую вайну за сумленную гісторыю жніўня 2020 года, мы захаваем імёны ахвяраў і імёны карнікаў. У гісторыі знойдзецца месца і нам, і тым, хто плюнуў у твар суграмадзянам, якія звярнуліся па дапамогу і абарону, і растаптаў іх надзею на справядлівасць.
“Вясна” працягвае збор і дакументаванне звестак аб катаваннях і жорсткім, бесчалавечным абыходжанні. Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у ізалятарах, раскажыце пра гэта @ViasnaDOC ў тэлеграм або на пошту: viasnadoc@spring96.org. Калі вы не гатовыя з кімсьці размаўляць, зафіксуйце тое, што адбылося, самастойна, выкарыстоўваючы рэкамендацыі: bit.ly/3wodwC5
Калі вы не згодныя з тым, што адбылося, і хочаце адстойваць свае правы, юрысты @zvarot96 дапамогуць вам скласці скаргі ў адпаведныя органы.
Таксама "Вясна" працягвае апублічваць гісторыі катаванняў (іх можна прачытаць ТУТ). Калі вы гатовыя распавесці сваю гісторыю, то інфармацыйная служба @Spring96info дапаможа гэта зрабіць у бяспечнай для вас форме.
Вашы сведчанні стануць доказамі злачынных дзеянняў з боку сілавікоў!