Хроніка палітычнага пераследу 9-10 жніўня — у гадавіну паслявыбарчых пратэстаў Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 9-10 жніўня. У гадавіну паслявыбарчых пратэстаў людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю. Таксама на выходных перад дзявятым жніўня людзей затрымлівалі прэвентыўна і праводзілі "прафілактычныя гутаркі" аб недапушчальнасці ўдзелу ў пратэстах.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Дзясятае жніўня
У Мінску каля ст. метро Пушкінская адбыліся затрыманні людзей, якія прышлі ўскласці кветкі да месца гібері Аляксандра Тарайкоўскага. Адзін з затрыманых - Кастусь Цаўлоўскі. Ён хацеў ускласці кветкі на мемарыял Тарайкоўскому, паклаў ружу на выхадзе з метро і пайшоў па лесвіцы уніз. Да яго падбеглі супрацоўнікі ў цывільным і затрымалі.
Дзявятае жніўня
Мінск
У Мінску ў раёне плошчы Перамогі быў затрыманы Міхаіл Кляпец. Пасля затрымання яго павезлі дадому на вобшук. Падрабязнасці высвятляюцца.
Праваабаронцам паведамілі, што ў Мінску на плошчы Незалежнасці прыкладна каля 16:20 двое супрацоўнікаў у цывільным затрымалі аператара і журналістку аўстрыйскага тэлебачання, якія бралі інтэрв'ю ў мінакоў. Спачатку адвялі ў шэры "Форд транзіт" за Чырвоным касцёлам, затым перавялі ў сіні аўтобус МАЗ. Далейшае месцазнаходжанне журналістаў невядомае.
Таксама вядома пра затрыманне ў Мінску Вольгі Блешчык, Дзмітрыя Нізоўцава, Інэсы Нікулінай, Юрыя Палевікова, Мікалая Мешыча, Уладзіслава Петрашкевіча, Максіма Петрашкевіча.
Бабруйск
А ў Бабруйску з раніцы праходзяць ператрусы ў людзей, якія праходзілі па адміністрацыйных па 23.34 (цяперашні 24.23 КаАП). Вымаюць тэхніку, шукаюць сцягі і іншую прадукцыю. Вядома як мінімум пра 10 ператрусаў. Сярод тых, да каго прыйшлі, — Юлія Загрышава, Дзмітрый Косцін, Яўген Мамойка, Ганна Аксюціна.
Вілейка
У Вілейцы затрыманы актывіст Андрэй Кудзік.
Інтэрнэт-выданне Zerkalo.io, якое зрабіла частка былой каманды TUT.ВY, хочуць прызнаць экстрэмісцкім.
«На інтэрнэт-рэсурсе Zerkalo.io журналістамі каманды TUT.ВY працягваецца інфармацыйны ціск, накіраваны на размяшчэнне інфармацыі з ухілам на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады», — гаворыцца ў абгрунтаванні МУС, паведамляе @tutby_official.
Раніцай дзявятага жніўня на бацькоўскім лецішчы ў вёсцы Мяцявічы Салігорскага раёна быў затрыманы аматар-раварыст Аляксандр Рыбка, піша "Новы час". Цягам апошняга года яго некалькі разоў затрымлівалі і судзілі па "народным" артыкуле 23.34 КаАП (зараз 24.23 КаАП - удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), пасля чаго ён адбываў арышты.
"Каля 7 гадзін раніцы Саша прыгатаваў сабе ежу, але не паспеў пад'есці, — дзеліцца атрыманай інфармацыяй маці Валянціна Уладзіміраўна. — Суседзі бачылі, што пад’ехалі два бусы з мігалкамі, выскачылі амапаўцы ў чорных масках, атачылі дом. Дзеля вобыску пачалі шукаць панятых, шмат хто з суседзяў катэгарычна адмовіўся.
Пасля зрабілі ператрус і перавярнулі ўвесь дом. Па якім артыкуле яго затрымалі — невядома. Яшчэ будзем даведвацца. Вывелі яго з дому толькі а дзясятай — у кайданках, майцы і шортах.
Ужо ў абед слуцкія міліцыянты пераскочылі праз плот (варотцы былі зачынены на ключ) і ўвайшлі ў дом бацькоў у Слуцку. Дома быў толькі глухі бацька, якога напалохала такая спецаперацыя. Нічога крамольнага міліцыянты ў доме не знайшлі.
Дзе ў дадзены момант занодзіцца затрыманы - высвятляецца.
Ціск і затрыманні актывістаў напярэдадні дзявятага жніўня
Магілёў
У нядзелю восьмага жніўня у Ленінскім РАУС Магілёва за адзін раз знаходзілася каля 20 чалавек. Усіх выклікалі позвамі пад рознымі добрапрыстойнымі падставамі, піша MayDay.
У асноўным, увагу надалі тым людзям, якіх прыцягвалі ў 2020-2021 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Але былі ў агульным натоўпе і іншыя — тыя, хто размяшчаў у сваіх сацсетках і мэсэнджарах рэпосты з медыя, якія ўлады Рэспублікі Беларусь прызналі экстрэмісцкімі. Міліцыянты глядзелі смартфоны магілёўцаў і абураліся, калі знаходзілі там падпіскі на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы.
Берасцейшчына
Затрыманні на выходных 7-8 жніўня прайшлі ў Бярозе, Белаазёрску, Жабінцы, Пінску. Так, у Жабінцы на 72 гадзіны быў затрыманы сын забітага Генадзя Шутава Дзмітрый Шутаў. Прычына невядомая. Агулам у Жабінцы 7 жніўня затрымалі 15 чалавек, дваіх пазней адпусцілі.
У Пінску 7 жніўня затрымалі сына праваабаронцы Веранікі Івановай Кірыла Іванова. Затрыманне праводзіў участковы Яўген Атока. Кірыла абвінавацілі ў тым, што ён нібыта пісаў пагрозы ў «экстрэмісцкіх чатах». Раней яго затрымлівалі ў жніўні 2020. Тады ён атрымаў 10 сутак арышту.
Бярозаўскія міліцыянты наведвалі кватэры тых, хто быў заўважаны на леташніх паслявыбарчых акцыях пратэсту, і праводзілі прафілактычныя гутаркі, пагражалі, а таксама бралі падпіскі пра няўдзел у акцыях супраціву рэжыму. 7 жніўня ўварваліся ў кватэры бярозаўскіх і белаазёрскіх актывістаў, затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС. Забралі і тых, хто не меў ніякага дачынення да акцый, піша "Радыё Рацыя".
Мінск
У Мінску на выходных 7-8 жніўня былі затрыманы Мікіта Шэлікаў і Дзмітрый Панчанка.