У Жлобіне яшчэ двух палітвязняў адправілі ў калонію за ўдзел у паслявыбарчай акцыі
У судзе Жлобінскага раёна асудзілі палітычных зняволеных Мікалая Ісаенку і Пятра Канстанцінава. Іх прызналі вінаватымі па частцы 1 артыкул 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) за тое, што прымалі ўдзел у акцыі пратэсту ў Жлобіне ўвечары дзявятага жніўня 2020 года. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сергяевіч, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляла пракурор Марына Панчык. Абодва абвінавачаных да суда знаходзіліся пад вартай.
Мікалай Ісаенка сваю віну прызнаў толькі ў той частцы, што ўвечары дзявятага жніўня быў сярод людзей у цэнтры горада. Пётр Канстанцінаў цалкам не прызнаў сваю віну. Падчас суда ён задаваў шмат пытанняў сведкам і аргументавана абараняў сябе.
Абвінавачаны Канстанцінаў хадайнічаў, каб запрасілі сведкамі начальніка мясцовага РАУС Мельніка і яго намесніка Дзядзюна, што і было зроблена. Таксама ён хадайнічаў, каб у судзе яго дадаткова абараняла яго родная сястра. Гэтае хадайніцтва было адхілена.
Падчас працэсу, які цягнуўся з ранку да вечара пятага жніўня, планавалі дапытаць 18 сведкаў – міліцыянтаў, супрацоўнікаў жлобінскага аўтапарку і іншых людзей. 14 з іх былі дапытаны, чацвёра не з’явіліся.
Ніводны з васьмі сведкаў – супрацоўнікаў жлобінскага аўтапарку не сказаў, што людзі, якія ў той дзень знаходзіліся на акцыі, перашкаджалі руху. Сведкі казалі, што рух па дарозе быў перакрыты супрацоўнікамі ДАІ і менавіта яны перанакіроўвалі грамадскі транспарт на іншы маршрут. Скаргаў ад пасажыраў, па словах сведкаў, таксама не было, як і матэрыяльнай шкоды для аўтапарку.
Сведка – фельчарка хуткай дапамогі на судзе пераблытала абвінавачаных. Падчас следства пры дэманстрацыі ёй не надта якаснага відэа з месца падзей яна нібыта апазнала Мікалая Ісаенку, а ўжывую у судзе стала апісваць Пятра Канстанцінава - пералічвала яго прыкметы, мяркуючы, што гэта Ісаенка.
Былі дапытаны сведкі – міліцыянты Дзядзюн і Мельнік, якія дзявятага жніўня дзяжурылі на ўчастку для галасавання, дзе назіральнікам быў Пётр Канстанцінаў. Той распавёў, што пасля закрыцця ўчастку яго выдалілі, прапанавалі схадзіць папіць гарбаты, а пасля падыйсці, каб даведацца пра вынікі выбараў і паглядзець пратакол. Так Пётр і зрабіў, але калі ён вяртаўся на ўчастак, яго не прапусцілі Мельнік і Дзядзюн, запатрабавалі прад'явіць дакументы. Канстанцінаў ім паказаў сваё пасведчанне назіральніка, а яго ўсё роўна не прапусцілі. Тады Канстанцінаў пайшоў на плошчу. І Дзядзюн, і Мельнік сказалі, што гэтага не памятаюць.
З матэрыялаў справы вынікае, што Канстанцінаў прыйшоў на плошчу ў 20:40, а Ісаенка ў 21:20 – і ў гэты час рух па дарозе ужо быў прыпынены. Таму сваёй прысутнасцю яны фізічна не маглі паўплываць на рух транспарту. Канстанцінаў на судзе ўвесь час сцвярджаў, што стаяў каля слупа, а не на дарозе. Аднак пракурор Панчык у сваёй прамове настойвала, што мужчыны стаялі ў счэпцы, гучна выкрыквалі лозунгі і пляскалі ў далоні, свісцелі і крычалі, парушалі грамадскі парадак.
Не звяртаючы ўвагі на станоўчыя характарыстыкі, адсутнасць судзімасцяў у абодвух, а таксама на тое, што Ісаенка даглядае маці-інваліда другой групы і брата, які перасоўваецца на вазку, яна запатрабавала адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для Мікалая Ісаенкі і два гады калоніі для Пятра Канстанцінава. Менавіта такое пакаранне і вынес шостага жніўня суддзя Сергяевіч.