Заява аб прызнанні Паўла Ларчыка палітычным зняволеным

2021 2021-07-29T17:35:12+0300 2021-07-29T17:35:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/larchuk_123.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці

29 ліпеня 2021 г.

У сувязі з вынясеннем судом Цэнтральнага раёна Гомеля прысуда па крымінальнай справе па абвінавачванні па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Паўла Ларчыка тэрмінам на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 г., мы адзначаем наступнае:

Мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзяння. Гвалтоўнае спыненне сходаў і прымяненне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыцяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян.

Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, скіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту “у адказ” з боку пратэстоўцаў, дадзеныя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжкасці прычыненай шкоды здароўю і ўмысла на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку па незаконным загадзе (неабхадная абарона).

Згодна з Кіраўніцтвам па вызначэнню паняцця “палітычны зняволены” гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды або шкоды каму-небудзь, дае падставы разглядаць гэтую асобую у якасці палітычнага зняволенага.

Акрамя таго маніторынг гэтых судовых паседжанняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносіліся па такім жа катэгорыям спраў па-за палітычным кантэкстам.  

Працягласць або ўмовы пазбаўлення волі па прысудах, вынесеных у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных сходаў, відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватамі. 

Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед Паўла Ларчыка носіць палітычна матываваны характар.

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (а, b, c, d) Кіраўніцтва па вызначэнню паняцця “палітычны зняволены”, мы прызнаем яго палітвязнем.

Лічым неабходным патрабаваць для дадзенай катэгорыі палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі ўказаных фактараў, а таксама вызвалення іх з-пад варты з прымяненнем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларусі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва";

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";

Ідэнтычнасць і права.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства