Хроніка палітычнага пераследу за 27 ліпеня
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 27 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску на грамадзянаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гродне ліквідуюць мясцовы "Рок-клуб" Ігара Банцэра і "Студыю карысных кампетэнцый".
Абедзве ўстановы паўсталі ў 2014-м годзе. Заснавальнік першай Ігар Банцэр цяпер адбывае пакаранне на "хіміі". Другая арганізацыя займалася разнастайнымі адукацыйнымі праектамі і праграмамі. Дырэктарка ўстановы – Лана Руднік.
Сярод праектаў, да якіх датычная "Студыя карысных кампетэнцый", можна адзначыць праграму па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей "Універсітэт Залатога Веку", Школу сучаснай журналістыкі, Школу медыяменеджменту і іншыя.
Сайт і ўсе сацыяльныя сеткі тэлеканала БЕЛСАТ ад сёння прызнаныя экстрэмісцкімі. Такое рашэнне па заяве восьмага ўпраўлення ГУБАЗіК вынес суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля.
Як паведамляе тэлеграм-канала MAYDAY, з'явілася інфармацыя пра затрыманне ў Магілёве прыхільніцы Віктара Бабарыкі Ганны Ільіной. Па непацверджанай інфармацыі ёй ставяць у віну абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК).
У Навагрудку тэлефануюць людзям, якія раней прыцягваліся да адказнасці паводле артыкула 23.34 КаАП, і выклікаюць у РАУС для пастаноўкі на “ўлік”. Пра аналагічныя выклікі паведамляюць і ў Гародні.
У людзей бяруць адбіткі пальцаў, запісваюць голас, бяруць пробы ДНК і фатаграфуюць.
«Рукі мылі?», або Што трэба ведаць пра дактыласкапічную рэгістрацыю ў Беларусі?
Чытачы паведмаляюць тэлеграм-каналу Белсат, што Жанне Баброўскай, якую выклікалі сёння ў Навагрудскі РАУС, стала кепска. Да аддзялення прыехала машына хуткай дапамогі.
Яшчэ ў лютым Жанну Баброўскую прысудзілі да адміністрацыйнага арышту проста за ўдзел у экскурсіі па родным горадзе.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі. Пра гэта паведамляе тэлеграм канал «Выборы видишь?» са спасылкай на БелаПАН.
Дачка Рыгора Кацярына сказала, што 27 ліпеня бацьку ў СІЗА наведала яго абаронца Інэса Аленская. Стан здароўя 64-гадовага палітыка, па словах дачкі, пагоршыўся. У суботу 24 ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу.
З 2 да 14 ліпеня Рыгор Кастусёў праходзіў абследаванне і курс тэрапіі ў турэмным шпіталі СІЗА № 1 на Валадарскага ў Мінску. Сюды ён трапіў у экстраным парадку з дыхавіцай, ацёкамі канечнасцяў, праблемамі з сэрцам і ціскам, зблытанай свядомасцю. Па словах палітыка, яго стан быў звязаны з невыноснай спякотай, вільготнасцю і дрэннай вентыляцыяй ў камеры СІЗА. Дыягназ, па якім Кастусёў атрымліваў тэрапію, дачцэ і адвакату да гэтага часу не вядомы.
"Цяпер медыкаменты, якія даюць лекары ў СІЗА, майму бацьку не дапамагаюць, — распавяла дачка. — Яму становіцца толькі горш. У бацькі, па апошнім аналізам, падазрэнне на анказахворванне. Тэрмінова патрэбна біяпсія, але яго трымаюць у камеры".
Супраць 47-гадовага жыхара Кобрына распачалі крымінальную справу за "распальванні варожасці" і "абразу прэзідэнта" — ён выказваўся на сваім Youtube-канале, дзе 35 падпісчыкаў, і ў пастах на асабістай старонцы ў сацсетках. Праўда затрымаць мужчыну ў сілавікоў не атрымалася — ён цяпер знаходзіцца ў Польшчы.
У якасці прыкладу "прызыву да гвалту супраць сілавікоў" МУС паказвае скрыншот, дзе чамусьці зацэнзурылі словы "лукавые" і "лукавых".
У Брэсце прама з працы на заводзе затрымалі мужчыну. Яго ў якасці сведкі павезлі дадому для правядзення ператрусу па справе аб "тэрарыстычным акце".
Інфармацыя дапаўняецца