“Неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў”. Еўрапейскія парламентарыі працягваюць падтрымліваць палітвязняў Беларусі
Да кампаніі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco — Партнёрства за правы чалавека, далучыліся Брэндан Хаўлін (Ірландыя), Габрыэла Мараўска-Станэцка (Польшча), Моніка Грутэрс (Германія), Ізабель Сантуш (Партугалія), Фрэнсіс Фіцджэралд (Ірландыя), баранэса Масэй Дарвэн (Вялікабрытанія), Андэрс Эстэрберг (Швецыя), Тэры Райнтке (Германія) і Катал Кроў (Ірландыя).
Брэндан Хаўлін, дэпутат ніжняй палаты парламента Рэспублікі Ірландыя, “усынавіў” Сяргея Верашчагіна.
“Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць ад усіх дэмакратаў і ўсіх нас, хто дзейнічае як абраныя дэрутаты, заняць пазіцыю. Я абяцаю патрабаваць вызвалення палітвязняў у Беларусі і, у прыватнасці, Сяргея Верашчагіна, затрыманага за тое, што ён нібыта крычаў на міліцыянтаў з акна сваёй кватэры”, — заявіў ён.
Габрыэла Мараўска-Станэцка, намесніца маршала польскага Сената, стала “хроснай” Анжалікі Борыс.
“Для мяне гонар стаць “хроснай” для Анжалікі Борыс, старшыні Саюза палякаў на Беларусі. Я напішу Аляксандру Лукашэнку з патрабаваннем аказання ёй медыцынскай дапамогі і неадкладнага вызвалення яе з турмы разам з усімі іншымі палітвязнямі. Свабоду Беларусі! Палякі на вашым баку!” – напісала спн. Мараўска-Станэцка.
Моніка Грутэрс, дэпутатка Бундэстага Германіі і дзяржаўная міністарка культуры, будзе “хроснай” Сяргея Волкава. З нагоды свайго рашэння спадарыня Грутэрс адзначыла:
“Я разам з акцёрам Сяргеем Волкавым, які быў затрыманы ў траўні 2021 года і з тых часоў знаходзіцца ў СІЗА. Ён прымаў удзел у дэманстрацыях у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года і, як і многія яго суайчыннікі, патрабаваў магчымасці вырашаць свой лёс на свабодных выбарах. Я захапляюся мужнасцю шматлікіх дэманстрантаў за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека і заклікаю Аляксандра Лукашэнку неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў”.
Дэпутатка Еўрапейскага парламента Ізабэль Сантуш падтрымала Паліну Шарэнду-Панасюк. Яна заявіла:
“Я падтрымліваю Паліну Шарэнду-Панасюк. Ніхто не павінен быць у турме за абарону свабоды. Кожны чалавек павінен мець магчымасць выказваць сваё меркаванне і мець права не пагаджацца з рэпрэсіўнымі ўрадамі. Арышт, суд і зняволенне Паліны Шарэнды-Панасюк, як яна заявіла падчас працэсу, “не з’яўляюцца законнымі: я іх не прызнаю”. Спадар Лукашэнка, вызваліце Паліну і ўсіх астатніх палітвязняў!”
Дэпутатка Еўрапейскага парламента Фрэнсіс Фіцджэралд узяла на сябе абавязкі “хроснай” Уладзіміра Малахоўскага.
“Я працягваю падтрымліваць народ Беларусі і Уладзіміра Малахоўскага, якога асудзілі на тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён адзін з многіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў турме за рэалізацыю права ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасці. На жаль, Уладзімір цяпер таксама пакутуе ад цяжкай хваробы. Ён мусіць карыстацца тымі ж свабодамі і правамі, як і ўсе людзі ва ўсёй Еўропе”, — сказала яна.
Баранэса Масэй Дарвэн, дэпутатка брытанскай Палаты лордаў, стала “хроснай” Андрэя Шаўчука.
“Я рада стаць “хроснай” Андрэя Шаўчука. Я выказваю сваю занепакоенасць станам Андрэя Шаўчука і заклікаю вызваліць яго”, — заявіла яна.
Дэпутат шведскага парламента Андэрс Эстэрберг падтрымаў Аляксандра Губейку. Ён заявіў:
“Свабоду Аляксандру Губейку! Мы з вамі, Аляксандр. Вы павінны мець магчымасць працаваць на абарону правоў працоўных і ўмацоўваць беларускія прафсаюзы. Вы не павінны знаходзіцца ў турме за карыстанне сваім правам выказваць сваё меркаванне. Вы не самотныя і не забытыя”.
Віцэ-прэзідэнтка групы “Зялёныя/EFA” у Еўрапарламенце Тэры Райнтке сказала з нагоды рашэння стаць “хроснай” Вольгі Залатар:
“Я заклікаю да неадкладнага вызвалення Вольгі Залатар і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Я рашуча асуджаю відавочнае ігнараванне дэмакратычных прынцыпаў і фальсіфікацыю выбараў, а таксама масавыя затрыманні мірных грамадзян у выніку акцый пратэсту і масавыя парушэнні правоў чалавека. Беларусь павінна гарантаваць асноўныя правы беларусаў і неадкладна правесці свабодныя і сумленныя выбары. Як дэпутатка Еўрапейскага парламента, я буду працягваць працаваць над гэтым”.
Дэпутат ірландскага парламента Катал Кроў будзе “хросным” Сяргея Гацкевіча.
“Я рады, што “ўсынавіў” Сяргея Гацкевіча. Да затрымання ён быў школьнікам, і яго цяперашняе жыццё рэзка кантрастуе з тым, як жывуць падлеткі яго ўзросту ў Ірландыі. У яго забралі свабоду – ён павінен атрымліваць асалоду ад волі і буяння маладосці, але замест гэтага апынуўся за кратамі. Мы з камандай будзем рабіць усё магчымае, каб распавядаць пра яго сітуацыю і дамагчыся яго вызвалення. У XXI стагоддзе цяжка паверыць, што Беларусь, краіна-суседка ЕС, па-ранейшаму існуе па правілах дыктатуры. Падчас нядаўніх дэбатаў у ірландскім парламенце я выказаўся наконт беларускай сітуацыі. У той час як уся Еўропа прыняла заходні стыль дэмакратыі, Беларусь, безумоўна, адстае, і па-ранейшаму кіруецца рэжымам, падобным на той, які існаваў у Еўропе ў 1930-х і 1940-х. Я рэгулярна наведваю мясцовыя школы і размаўляю з вучнямі, і калі ў верасні я працягну гэтую дзейнасць, я спадзяюся, што вучні ў маёй акрузе Клэр даведаюцца пра барацьбу Сяргея, і яны таксама змогуць далучыцца да мяне ў барацьбе за яго вызваленне”, — адзначыў сп. Кроў.
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.