viasna on patreon

Ператрус у сям'і брэсцкага праваабаронцы, затрыманні: хроніка пераследу 12 ліпеня Дапоўнена

2021 2021-07-12T17:45:00+0300 2021-07-13T08:35:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Пасля шырокамасштабнай атакі на прадстаўнікоў незалежных СМІ, ператрусаў, допытаў і затрыманняў, якая доўжылася два дні 8 і 9 ліпеня, у панядзелак, 12 ліпеня, працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, высвятляюцца падрабязнасці крымінальных справаў супраць раней затрыманых журналістаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мазыр

Ператрусы ў Мазыры адбыліся сёння мінімум у шасці чалавек, піша "Белсат". Кожнага вазілі на допыт. Некаторыя ўжо выйшлі, некаторыя яшчэ не. Ва ўсіх забіралі тэлефоны. Як паведамляе "Палеская Вясна", пастановы на ператрусы вынесеныя гомельскімі следчымі. Ператрусы прызначаныя ў межах справы паводле артыкула 289 («Акт тэрарызму»), але ў дачыненні да каго справа і з якога выпадку — невядома. Людзей пасля ператрусаў забіралі ў РАУС для апытання, падчас якога пыталіся пра суполку «ОГСБ». У некаторых сілавікі хацелі ўзяць аналіз біялагічнага матэрыялу, але людзі адмаўляліся. 

Стала вядома, што 10 ліпеня ў Мазыры затрыманы Антон Кошчанка з Калінкавічаў, які жыў у Мазыры ў інтэрнаце. У яго ў пакоі вісеў нацыянальны сцяг. Амаль тры дні бацька Антона не мог знайсці дзе ён знаходзіцца. Калі 12 ліпеня бацька напісаў заяву ў пракуратуру, яму паведамілі, што Антона Кошчанку КДБ адправіў у СІЗА-3 ў Гомель.

Магілёў 

Алесь Буракоў. Фота: spring96.org

Дадому да магілёўскага журналіста і праваабаронцы Сашы Райкона (Буракову-малодшаму) прыходзілі курсанты з міліцыі, піша MAYDAY. У кватэру, дзе прапісаны Саша, заявіліся некалькі чалавек у міліцэйскай форме, якія прадставіліся курсантамі Магілёўскага інстытута МУС. Будучыя сілавікі першапачаткова растлумачылі сваю мэту візіту як устанаўленне, ці ёсць сярод беспрацоўных, якія пражываюць у кватэры. Аднак у наступным пытанні тычыліся толькі Райкана — курсантаў цікавіла, дзе знаходзіцца малады чалавек і яго актуальны нумар мабільнага тэлефона. Пры гэтым, апавяшчэнняў аб уключэнні ў "базу дармаедаў" у сям'ю ніколі не прыходзіла. Пераканаўшыся, што Сашы дома няма, курсанты сышлі.

Брэст 

Маргарыта Вялічкіна. Фота з Facebook
Маргарыта Вялічкіна. Фота з Facebook

Днём 12 ліпеня да Маргарыты Вялічкінай — жонкі праваабаронцы і кіраўніка брэсцкай філіі Праваабарончага цэнтра "Вясна" Уладзіміа Вялічкіна — супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам па двум адрасам. 

Гэта ўжо другі ператрус у сям'і праваабаронцы: 16 лютага падчас масавай атакі на праваабаронцаў і актывістаў у Вялічкіных таксама праводзіўся ператрус у межах арт. 342 КК. Сам Уладзімір з'ехаў ад пераследу з Беларусі яшчэ ўзімку. 

Дзяржынскі раён

Раніцай у пасёлку Энэргетыкаў Дзяржынскага раёна затрымалі 26-гадовага Максіма Шыпава. Мяркуецца, што яго звезлі ў Дзяржынск. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Глыбокае

Зміцер Лупач на судзе

Журналіста-фрылансера Змітра Лупача вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання Глыбоцкага РАУС пасля трох сутак зняволення, піша "БАЖ". 8 ліпеня сілавікі затрымалі журналіста ў санаторыі “Пліса”, дзе той адпачываў. Перад гэтым зранку прыязджалі да яго дадому. Пасля затрымання міліцыя ў той жа дзень зладзіла ў кватэры журналіста ператрус, забралі мабільны тэлефон.

Падставай для затрымання стала крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні), распачатая з прычыны відэароліка ў тэлеграм-канале “Глубокое для жизни”. У гэтым відэа, на думку міліцыі, быццам бы ўтрымліваюцца выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў на адрас сілавікоў. Змешчаны відэаролік быў пад нікам “Zmagar BNR”.

Як вынікае з дакументаў, якія атрымаў Зміцер Лупач, падазраваным па крымінальнай справе яго зрабіў начальнік Глыбоцкага раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік Плікат Сяргей Міхайлавіч: ён пастанавіў затрымаць журналіста і ўтрымліваць у ІЧУ Глыбоцкага РАУС.

Акрамя Змітра Лупача пад так званую “зачыстку”, якую праводзілі сілавікі ў Глыбокім і наваколлі, трапіла некалькі грамадскіх актывістаў з Докшыц і Глыбокага. Пяцёра з іх адседзелі ў ІЧУ 72 гадзіны, з  іх — адна жанчына.

Мінск

У Мінску затрыманая лекарка Вольга Марханава. Што ставяць у віну лекаркі — невядома. У яе ёсць непаўналетнія дзеці.

Пару месяцаў таму яна была звольненая з пятай паліклінікі (двойчы артыкул 23.34 КаАП), цяпер працуе ў прыватным медычным цэнтры.


Паведамляецца, што ў Мінску таксама затрыманы Ілля Бондар. Ён пайшоў па позве ў ГУБАЗіК да 14:00 і не вярнуўся.


Як піша "Наша Ніва", сілавікі забралі Руслана Ташцімірава, верніка і бацьку 10 дзяцей, паведамляюць знаёмыя сям'і. 

Па словах жонкі Руслана Наталлі, днём некалькі чалавек адкрылі незачыненыя ўваходныя дзверы і прайшлі ў кватэру. На Руслана надзелі кайданкі і вывелі. Жонцы сказалі, што яго «забралі ў КДБ».

Наталля распавяла, што з дому забралі ўсе бел-чырвона-белыя сцягі, кампутар, планшэт, тэлефон, а таксама мяккую цацку парася, якому зрабілі самаробны бел-чырвона-белы парашут.

З чым звязаны візіт сілавікоў, на якой падставе затрымалі яе мужа, у якім статусе ён цяпер знаходзіцца, Наталлі не растлумачылі.

Пара выхоўвае дзесяць дзяцей, з іх двое маюць інваліднасць.

Увечары Руслана Ташцімірава адпусцілі з КДБ, ён пад падпіскай аб неразгалошванні


Следчы камітэт Беларусі наклаў арышт на банкаўскі рахунак Аляксандра Чахоўскага, выканаўчага дырэктара Беларускай Рады культуры і прадусара спявачкі Маргарыты Ляўчук, піша By_Culture.

“Я дазнаўся пра гэта ад кансультанта свайго банку, калі запытаўся, чаму раптам заблакавалі маю беларускую картку. Ані свайго статусу, ані іншых падрабязнасцяў я не ведаю”, — зазначае Аляксандр.


Стала вядома, што палітзняволенага журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна абвінавачваюць у перакрыцці руху транспарту — знайшлі яго фота на маршы, дзе ён стаіць на дарозе. Яму ікрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 

«Трыбуна» даведалася аб стане Аляксандра Івуліна ад яго экс-сукамерніка:

"Саня ў парадку наколькі гэта ўвогуле магчыма ў такім месцы. Ён на пазітыве і моцны духам, такія не ламаюцца. Кожны дзень трэніруецца і размінаецца як дазваляюць умовы «хаты». Вядома, месяц у ЦІП не мог прайсці незаўважна, схуднеў і аброс як маджахед, толькі рыжы. Але ён малайчына, трымаецца бадзёра, пазітыўна, кожны дзень зарадка, размінка, расцяжка".

Паведамляецца, што для «палітычных умовы сапраўды жэсць»: не аддаюць перадачы, забралі матрацы і падушкі і даводзіцца спаць на голых дошках, выводзяць з камеры ў асноўным «ластаўкай».

Івуліна перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. 


Чаты і каналы «Гродно для Жизни new», «Ошмяны для жизни Чат», «Ивье для жизни», «Октябрьский рн Минск СДЖ/БНР», «Октябрьский 97%», «Ангарская для жизни», «Чижовка для Жизни», «Заводской 97%», «Минск 97%» прызнаныя экстрэмісцкімі.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства