viasna on patreon

"Зачыстка" КДБ працягваецца па ўсёй Беларусі: хроніка пераследу 9 ліпеня Дапоўнена

2021 2021-07-09T18:13:00+0300 2021-07-14T00:30:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/silavik_89.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі. КДБ восьмага ліпеня заявіў, што цяпер адбываецца "шырокамасштабная аперацыя па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў". Па ўсёй краіне ўчора былі затрыманыя дзясяткі людзей, ператрусы прайшлі ў некалькіх рэдакцый незалежных СМІ. Дзевятага ліпеня працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. 

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Блакаванне "Нашай Нівы" і Еўрарадыё, ператрусы і затрыманні ў рэгіёнах: хроніка за восьмага ліпеня

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне.

Магілёў

На сувязь ужо доўгі час не выходзіць валанцёр MAYDAY Таццяна Жывіца. Яе месцазнаходжанне невядома. Яна не адказвае на званкі і паведамленні, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы.

Навагрудак

Пераслед людзей у межах "аперацыі па зачыстке КДБ" адбываецца і ў Навагрудку. Сёння затрымалі Жанну Баброўскую. Дома ў яе правялі агляд і звезлі ў невядомым накірунку. Цяпер яе месцазнаходжанне невядомае. Прычыны зацікаўленасці сілавікамі жанчынай высвятляюцца. 

Лунінец

У рэдакцыю "Інфармпрагулкі" (inform-progulka.by)таксама прыйшлі сілавікі, піша "БАЖ".

Ганцавічы

У рэдакцыю газеты "Ганцавіцкі час" прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Да рэдактара сайта "Першы Рэгіён" Паўла Дайліда таксама прыйшлі невядомыя. Рэдактар Алег Супрунюк не выходзіць на сувязь з 11.00 дня, піша "Першы рэгіён".

Глыбокае

Сілавікі прыйшлі да журналісткі Таццяны Смоткінай у Глыбокім, піша "БАЖ".

"Пад'ехалі і да майго дома міліцыянты. Стаіць машына пакуль каля дома, міліцыянты чытаюць у ёй нейкія паперы пакуль. Усё, выходжу з сацсетак", — напісала Таццяна ў фэйсбуку.

Брэст

У Бресце ператрус адбываецца ў журналіста Максіма Хлябца. Пасля ператрусу забралі ноўтбук і тэлефоны. Ператрус праходзіў у рамках справы аб тэрарызме. Максім Хлябец праходзіць у якасці сведкі. Ён на волі, піша "БАЖ".


Таксама сілавікі прыйшлі да адміністратара партала "Віртуальны Брэст" Андрэя Кухарчыка, праходзіць ператрус. Пра гэта паведамляе сам партал. У межах якой крымінальнай справы — невядома.


Як піша @mediapolesye, ператрусы ў Лунінцы і Пінску праводзілі следчыя групы КДБ у межах крымінальнай справы «Акт тэрарызму».


У Брэсце ўлады зліквідавалі яшчэ дзве арганізацыі: «Дзедзіч» і «За свой горад». Пракуратура лічыць, што гэтыя арганізацыі нібыта вялі дзейнасць, не адпаведную заяўленым у статуце прадмету і мэтам, таму іх зліквідавалі «за парушэнні закону». Раней з ініцыятывы пракуратуры закрылі дзве папулярныя культурныя пляцоўкі — тэатар «Крылы халопа» і «Грунт будучыні».

Гродна

Тэлеграм-канал гарадзенскага інтэрнэт-парталу Hrodna.Life прызналі экстрэмісцкім. Такое рашэнне вынес суд Ленінскага раёну Горадні. Нібыта ў публікацыях канала знайшлі паведамленні, «накіраваныя на распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варожасці».

Гомель. Вобшукі ў супрацоўнікаў "Моцных навінаў"

Да рэдактара «Моцных Навін» Ірыне Вольскі прыйшла міліцыя, паведамляе сайт СМІ. Па словах Вольскі, у іх ёсьць санкцыя на вобшук. Як паспела паведаміць Ірына, да яе прыйшоў крымінальны вышук, забіраюць усю тэхніку.

Таксама супрацоўнікі праваахоўных органаў прыйшлі па месцы прапіскі да кіраўніка рэкламнага аддзела Яўгеніі Крэшчук. Яе ў той кватэры няма.

Таксама ператрус праходзіў па месцы прапіскі галоўнага рэдактара Ганны Якштас - шукалі тэхніку, але так як там жыве бабуля, то тэхніку ніякую, зразумела, не знайшлі. Пазней міліцыя прыйшла да галоўнага рэдактара і яе мужа, таксама судрудніка рэдакцыі Дзяніса Якштаса, дадому. Ператрус доўжыўся крыху больш за гадзіну, таксама канфіскавалі тэхніку.

Такая ж сітуацыя і з журналістамі партала Наталляй Суславай, Юрыем Глушаковым, Кацярынай Тэліман, Сняжанай Пагодзінай, Алексеем Шкуравым. Ва ўсіх праходзяць ператрусы, забіраюць тэхніку. Некаторыя паведамляюць, што праваахоўнікі прадстаўляюцца супрацоўнікамі крымінальнага вышуку.

Таксама шукалі па месцы прапіскі кіраўніцу рэкламнага аддзела Яўгенію Крэшчук. Аднак яна там не пражывае.

Сілавікі прыйшлі з ператрусам таксама да стваральніку і дырэктару партала Пятру Кузняцову. Верагодна, цяпер у яго дома ідзе ператрус.


У гомельскага карэспандэнта газэты "Народная воля" Анатоля Гатоўчыца таксама адбыўся ператрус. Сілавікі забралі ўсю тэхніку: кампутары, дыктафон, здымач, накапляльнікі інфармацыі. Пры чым журналісту не патлумачылі па якой справе адбываецца ператрус, паказалі толькі нумар гэтай справы, паведамляе "Гомельская Вясна".


Прыйшлі супрацоўнікі КДБ з ператрусам дадому і да роднага брата Стаса Мачалава, які зараз знаходзіцца ў СІЗА, Ігара Мачалава, Традыцыйна, забралі кампутары, тэлефоны, накапляльнікі інфармацыі. Ігар Мачалаў грамадска-палітычнай дзейнасцю не займаўся.


Сёння адбыўся чарговы ператрус у актывісткі Святланы Якубовіч. Ладзілі супрацоўнікі КДБ.

Мінск

Паведмаляецца, што затрымалі лекарку-артадонта Анастасію Радзічаву. Пра гэта паведамляюць яе калегі. Абставіны затрымання пакуль невядомыя. Цяпер яна знаходзіцца ў Партызанскім РУУС.


У Мінску з ператрусам прыйшлі да журналісткі партала "Онлайнер" Настассі Занько. 

Па інфармацыі Onliner, у пастанове на вобшук напісана, што аператыўныя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), арт. 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак). Гаворка ідзе пра акцыі пратэсту, якія прайшлі ў жніўні 2020 года. Журналістку павезлі на допыт, яе працэсуальны статус пакуль невядомы. У яе ёсць адвакат, які будзе спрабаваць патрапіць на следчыя дзеянні.

Дапоўнена: У 17.00 стала вядома, што Настасся Зянько на волі. Яна пад падпіскай аб неразгалошанні.


Таксама ў Мінску раніцай на "размову" супрацоўнікі КДБ забралі Аляксандра Гардзеева. Пасля размовы яго адпусцілі.


8 ліпеня ўвечары ў Мінску затрымалі адміністратара фэйсбук-суполкі "Письма солидарности" (на 3,8 тысяч удзельнікаў) Сяргея Барысава. Вядома, што ён праходзіць па артыкуле 289 (акт тэрарызму). 

barysau_sergei.jpeg
Сяргей Барысаў

Дапоўнена. "Вясне" сталі вядомы абставіны затрымання 8 ліпеня Сяргея Барысава. Затрымлівалі яго супрацоўнікі КДБ. Паколькі ён доўга не адчыняў дзверы, сілавікі выламалі іх. Дома ў Сяргея правялі ператрус, вынялі ўсю тэхніку.

9 ліпеня Барысава арыштавалі на пяць сутак па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) за тое, што не адчыняў сілавікам дзверы.


Стала вядома, што 22 чэрвеня абыўся яшчэ адзін ператрус у межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 342 КК у праваабаронцы і сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Зміцера Салаўёва. У гэты момант нікога не было дома. Ператрус праводзілі супрацоўнікі Следчага камітэту, пры гэтым яны не паведамілі пра гэта адвакату. Яны выламалі замок на дзвярах, правялі ператрус (невядома, што вынялі), а пасля апячаталі дзверы і паставілі свой замок.

Гэта другі ператрус за апошнія пяць месяцаў: першы праводзілі 16 лютага, пасля якого і затрымалі праваабаронцу. Зміцер знаходзіцца ў статусе падазраванага па  справе супраць "Вясны", якая ўзбуджаная па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці).

Праваабаронца "Вясны" распавёў пра збіццё супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Ён падае на іх заяву ў межах універсальнай юрысдыкцыі

Праваабаронца і сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Зміцер Салаўёў рыхтуе заяву на супрацоўнікоў ГУБАЗІКа да далучэння да крымінальнай справы, узбуджанай у адной з краінаў Еўрапейскага саюзу ў межах механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі па фактах збіцця і катаванняў грамадзянаў Беларусі ў 2020-2021 гадах.

Палітзняволенаму журналісту і блогеру Аляксандру Івуліну выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), паведамляе @tribuna_by. На працягу дня будзе абраная мера стрымання.


Былы памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска Яўген Бабак стаў падазраваным па крымінальнай справе — ён не выйдзе на свабоду пасля 30 сутак арышту. Яму ставяць у віну артыкул 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пра гэта следчы па справе паведаміў маме Яўгена, піша "Наша Ніва".

Бабак стаў вядомы тым, што выканаў свой службовы доўг у жніўні 2020-га, ініцыяваўшы праверку людзей у форме ДАІ, якія па-зверску збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак звольніўся.


У Мінску затрымлівалі Таццяну Крукоўскую. Яе затрымалі два супрацоўнікі КДБ на вуліцы 9 ліпеня ў межах крымінальнай справы. Жанчына знаходзілася ў статусе сведкі, дома правялі ператрус, пасля ператрусу адвезлі ў КДБ на допыт. Канфіскавалі яе тэлефон і сістэмны блок ад кампутара. Пасля допыту была адпушчаная пад падпіску аб неразгалошванні.


Бабруйск

У журналісткі з Бабруйска Марыны Маўчанавай адбыўся ператрус. Пасля яе дапыталі і адпусцілі з падпіскай аб неразгалошваньні, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства